У Варшаве пройдзе канцэрт беларускіх музыкаў у памяць пра забітых дзяцей у войнах апошніх гадоў

1 чэрвеня ў Царкве Святога Аляксандра на Плошчы Трох Крыжоў адбудзецца канцэрт беларускіх музыкаў, прысвечаны Міжнароднаму Дню аховы дзяцей. «Галоўнай мэтай нашага праекта з’яўляецца асэнсаванне праз мастацтва болю і жорсткасці сітуацыі, умоў жыцця, у якіх апынуліся дзеці», — адзначаюць музыкі.

На канцэрце будзе выконвацца Рэквіем Рэ мінор Габрыеля Фарэ.

Музыкі: Вольга Падгайская — арган; Віталь Дарашук — саксафон; Міхаіл Ліла — барытон; Юлія Мішкевіч — сапрана.

Гэтаксама ў імпрэзе прымае ўдзел Дзіцячы хор Беларускай школы мастацтваў імя М. Равенскага Concordia Choir пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай. Праект грунтуецца на дзейнасці Беларускай школы мастацтваў імя М. Равенскага.

«Праз гэты канцэрт мы хочам згадаць пра сотні дзяцей, якія загінулі ва Украіне, пра тысячы дзяцей, якія атрымалі раненні, пра тых, каго забіваюць зараз у войнах, у іншых краінах, — падкрэсліваюць арганізатары. — Гэта зварот да ўсяго сусвету аб спыненні войн і агрэсій, ахвярамі якіх становяцца сотні нявінных дзяцей».

Час і месца канцэрта: 1 чэрвеня, 15.00, Плошча Трох Крыжоў 10/14, Царква Святога Аляксандра.

Уваход вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.