Фрагмент праекта Анастасіі Рыдлеўскай. Фота: warsawgalleryweekend
З 19 па 21 верасня ў Варшаве традыцыйна праходзіць Warsaw Gallery Weekend — штогадовы агляд сучаснага мастацтва, арганізаваны вядучымі галерэямі мастацтва, інстытутамі культуры, фондамі і мастацкімі калектывамі.
У асноўнай праграме ёсць беларускія аўтары.
Польскі мастак беларускага паходжання Лявон Тарасэвіч прэзентуе свае творы ў Музеі Вольнай Беларусі. На выставе пад назвай «Tożsamość» («Ідэнтычнасць») пакажуць дзве вялікія (амаль чатыры метры даўжынёй) карціны гэтага аўтара.
Адна з карцін натхнёная аптычнай з’явай, якая называецца «пояс Аляксандра» – ад імя Аляксандра з Афрадызіі, грэцкага філосафа, што жыў на мяжы І і ІІ стагоддзяў н. э. і першым апісаў гэтую з‘яву. На ёй – цёмная паласа неба паміж дугамі падвойнай вясёлкі. У творы спалучылася ўвага мастака да прыроды з яго цікавасцю да культуры розных геаграфічных рэгіёнаў і іх гісторыі.
Другая карціна паказвае дарогу, якая губляецца ў тумане паміж дрэвамі. З аднаго боку, такі краявід часта суправаджае мастака падчас світанкавых прагулак, з іншага, твор можна трактаваць метафарычна – як вобраз аддалення, узыходу ў туманную, невядомую прастору.
Выстава будзе доўжыцца да 19 кастрычніка.
Выстава Анастасіі Рыдлеўскай ладзіцца ў Biuro Wystaw (Krakowskie Przedmieście 16/18 lok.4).
У праекце Veiled / Unveiled Анастасія Рыдлеўская даследуе значэнне маскі ў культуры. Маска — гэта не проста аб’ект, а багаты культурны сімвал, які адлюстроўвае ўніверсальныя чалавечыя патрэбы: абарону, трансфармацыю, зносіны і ўтоенасць. Апрананне маскі таксама мае рытуальную функцыю. Гэта часта пераход у іншы стан свядомасці, уваход у ролю звышнатуральнага істоты. Наяўнасць маскі ў культуры з’яўляецца сведчаннем складанасці чалавечай ідэнтычнасці і спосабаў яе выражэння.
У галерэі будуць прадстаўлены аб’екты, некалькі жывапісных твораў, фатаграфіі і фільмы.
25 кастрычніка на выставе запланаваны дзве падзеі: у 12.00 — сенсарны майстар-клас «Маскі сілы» для дзяцей (2–6 гадоў) і канцэрт Анастасіі Рыдлеўскай, які пачнецца ў 18.00.
Выстава будзе доўжыцца да 31 кастрычніка.
У 2025 годзе ў Warsaw Gallery Weekend ўдзельнічае 53 галерэі, у якіх пройдзе 50 выстаў з удзелам амаль сотні мастакоў.
Усе выставы працягнуцца як мінімум да 28 верасня, а спадарожныя мерапрыемствы пройдуць у кастрычніку і лістападзе. На ўсе выставы і мерапрыемствы ўваход бясплатны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram