Reform.news

У Варшаве праходзіць рэтраспектыва Анджэя Вайды з удзелам кінакрытыцы Ірэны Кацяловіч

Reform.news · 11 ноября 2026, 19:24

https://reform.news/u-varshave-prahodzicz-retraspektyva-andzheya-vajdy-z-udzelam-kinakrytyki-ireny-kaczyalovich/

У варшаўскай прасторы MIT Space праходзіць рэтраспектыва фільмаў выбітнага польскага рэжысёра Анджэя Вайды да 100-годдзя з дня яго нараджэння. Арганізатарамі цыкла выступаюць ініцыятыва INEXKULT і «Прастора польскай культуры». Старт праграмы выклікаў ажыятаж: на адкрыццё і паказ фільма «Зямля абяцаная» ўсе месцы былі забраніраваныя занадта хутка, аднак на наступныя тры кінавечары яшчэ можна паспяць зарэгістравацца.

Перад кожным паказам беларуская кінакрытыца, сузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі і Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас» Ірэна Кацяловіч праводзіць уводныя лекцыі, раскрываючы кантэкст стварэння карцін, мову сімвалаў Вайды і тое, на што варта звярнуць увагу падчас прагляду.

«Для беларускага гледача ці глядачкі фільмы Анджэя Вайды вартыя ўвагі не толькі як помнік польскай культуры і класіка сусветнага кіно. У пэўным сэнсе Вайда для беларусаў — “свой”, бо ў сваіх фільмах кажа пра тое, што нам блізка і пра што мы самі рэфлексуем і павінныя рэфлексаваць. Гэта асэнсаванне камуністычнага мінулага, гэта Другая сусветная вайна без спрошчанай гераізацыі, гэта ператрыванне і захаванне ідэнтычнасці ў цяжкіх умовах.

У беларускім кіно, я ўпэўненая, будуць з’яўляцца свае Вайды, якія раскажуць пра наш беларускі “маральны непакой”, а тым часам кіно спадара Анджэя нагадвае, як блізкія беларускі і польскі досведы, як паўтаральная гісторыя і як трывалыя нацыянальныя культуры, насуперак катастрофам», — адзначае Ірэна Кацяловіч.

Праграма бліжэйшых паказаў рэтраспектывы

14 лістапада пакажуць «Аер» («Tatarak»). Адзін з самых персанальных і паэтычных фільмаў Вайды з Крысцінай Яндай у двух ролях. Гэта глыбокая рэфлексія пра жыццё, страту блізкіх і пустэчу на мяжы жыцця і смерці, а таксама своеасаблівы трыб’ют аператару Эдварду Класіньскаму з візуальнымі апеляцыямі да карцін Эдварда Хопера.

Кадр з фільма «Аер». Фота: culture.pl.

21 лістапада запрашаюць на  «Панны з Вілька» («Panny z Wilka». Гэта меланхалічная кінастужка пра памяць, мінулае і немагчымасць вярнуцца туды, адкуль калісьці сышоў.

І завяршыць рэтраспектыву 28 лістапада фільма «Валенса. Чалавек з надзеі» («Wałęsa. Człowiek z nadziei»). Маштабная гісторыя «Салідарнасці», супраціву камуністычнай сістэме і чалавека ў цэнтры вялікіх палітычных змен.

Мова: польская з беларускімі субтытрамі.

Анджэй Вайда (1926–2016) — адзін з найвыбітнейшых рэжысёраў у гісторыі сусветнага кінематографа, уладальнік ганаровага «Оскара» за ўнёсак у кінамастацтва, а таксама прэмій «Залатая пальмавая галіна», «Залаты мядзведзь», «Залаты леў» і мноста іншых кіна і дзяржаўных узнагарод.

Ён стаў ключавой фігурай «Польскай школы кіно» і кірунку «кіно маральнага непакою». У сваіх карцінах («Попел і дыямент», «Чалавек з мармуру», «Катынь») Вайда бязлітасна аналізаваў складаныя трагічныя скрыжаванні гісторыі XX стагоддзя, пытанні асабістага выбару, маралі і чалавечай годнасці пад ціскам таталітарных сістэм.

Час і месца паказаў: 14, 21 і 28 лістапада а 19.00 гадзіне ў MIT Space (Stalowa 36), Варшава.

Уваход: вольны па бясплатных квітках.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий