Польская нямая кінакласіка прагучыць у Варшаве з беларускай музыкай: пакажуць «Гальку» пад жывы акампанемент Вольгі Падгайскай і хору
Reform.news · 27 ноября 2026, 16:07
https://reform.news/u-varshave-pakazhucz-ekranizaczyyu-opery-galka-stanislava-manyushki-z-zhyvym-muzychnym-supravadzhennem/12 снежня ў кінатэатры Kinoteka пакажуць адрэстаўраваную стужку «Галька» Канстанты Мегліцкага ў суправаджэнні жывога аркестра і хору. Арыгінальны саўндтрэк да экранізацыі оперы Станіслава Манюшкі напісала беларуская кампазітарка Вольга Падгайская, захаваўшы ў партытуры знакамітыя оперныя арыі Манюшкі. На сцэну выйдуць каля 20 выканаўцаў — салісты, хор і ансамбль, а завершыцца вечар дыскусіяй пра супольную спадчыну Беларусі і Польшчы.
Фільм, як і опера, апавядае гісторыю трагічнага кахання прыгожай горскай дзяўчыны Галькі, якая адштурхоўвае закаханага ў яе горца Ёнтка праз свае пачуцці да шляхціча Януша. Неўзабаве дзяўчына пераконваецца ў тым, наколькі ненадзейныя абяцанні багатага паніча.
Стужка Канстанты Мегліцкага абапіраецца на лібрэта, але не адаптуе оперу Станіслава Манюшкі дакладна. Фільм, што паўстаў у 1929 годзе на мяжы пераходу ад нямой да гукавой эры ў кіно, зрабіўся адной з трох перадваенных экранізацыяў «Галькі». Доўгі час стужка была недаступная публіцы праз дрэнную захаванасць: адрэстаўраваную версію фільму Filmoteka Narodowa прэзентавала толькі ў 2016 годзе.
Музычнае суправаджэнне да «Галькі» стварыла вядомая беларуская кампазітарка Вольга Падгайская. У паказе будуць задзейнічаныя ансамбль камернай музыкі Five-Storey Ensemble, Concordia Choir пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай, а таксама салісты – барытон Міхаіл Ліла і сапрана Караліна Ружа. Агулам на падзеі выступяць каля 20 выканаўцаў.
«Перш чым пачаць працу над музыкай, я глыбока пагрузілася ў сюжэт фільму і лёс яго галоўнай гераіні, імкнучыся адчуць трагедыю таго, што з ёй здарылася, – кажа Вольга Падгайская. – Мне хацелася перадаць гэты боль і эмацыйную атмасферу сродкамі музыкі. Я захавала ключавыя арыі і харавыя фрагменты з оперы Станіслава Манюшкі, а атмасферную музыку і пераходы напісала самастойна. Мне хацелася даць музыцы Манюшкі новае дыханне, прапанаваць сучасную інтэрпрэтацыю, захаваўшы пры гэтым яе эмацыйную глыбіню. Слухачы змогуць ацаніць, ці ўдалося мне стварыць цэласную музычную прастору, якая падкрэслівае драматызм фільму і раскрывае трагедыю яго гераіні».
Прэм’ера музыкі Вольгі Падгайскай да фільму «Галька» адбылася ў 2019 годзе ў Менску пры ўдзеле Польскага інстытуту. Арыгінальная ж гукавая дарожка, падрыхтаваная для нямога фільму праз два гады пасля яго стварэння, захавалася толькі фрагментарна.
Такім чынам паказ аб’яднае класіку польскага міжваеннага кінематографу, музычную спадчыну Станіслава Манюшкі і сучасную беларускую кампазітарскую творчасць.
Ад постаці Станіслава Манюшкі, што спалучае ў сабе беларускую і польскую культуры, будзе адштурхоўвацца дыскусія пра супольную польска-беларускую спадчыну і тое, як выкарыстоўваць яе патэнцыял для сучаснага дыялогу паміж нацыямі.
У дыскусіі возьмуць удзел беларуска-польская рэжысёрка Мара Тамковіч, бізнесовец і мецэнат Мацей Радзівіл, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і дырэктар Цэнтру імя Юльюша Мерашэўскага Лукаш Адамскі. Мадэраваць размову будзе кінакрытыца і арганізатарка «Нямой ліхаманкі» Ірэна Кацяловіч.
Паказ адкрыюць прывітальныя словы прэзідэнткі-элект Святланы Ціханоўскай.
Паказ «Галькі» ладзіць фестываль нямога кіно і жывой музыкі «Нямая ліхаманка» ў партнёрстве і з фінансавым падтрыманнем Цэнтру Мерашэўскага.
«У апублікаваным сёлета дакладзе Цэнтру Мерашэўскага „Нявыкарыстаны патэнцыял? Карта беларускай культуры ў Польшчы“ мы паказалі, якая велізарная творчая энергія тоіцца ў беларускім мастацкім асяроддзі над Віслаю.
Многія творцы пачыналі тут усё з нуля, таму сёння перад намі стаіць ужо не пытанне, ці варта падтрымліваць гэтую культуру, а задача стварэння прасторы для польска-беларускай супрацы і ўключэння беларускай культуры ў шырэйшы культурны абарот. Снежаньскі паказ „Галькі“ – найлепшы доказ таго, як шмат мы можам зрабіць разам. Калі даваеннае польскае кіно і музыка Станіслава Манюшкі сустракаюцца з сучаснай кампазіцыяй Вольгі Падгайскай і майстэрствам беларускіх музыкаў і харыстаў, мы нагадваем пра супольную спадчыну, а таксама ствараем новую, жывую культурную прастору, якая ўзбагачае абодва нашыя грамадствы», – падкрэслівае Паўліна Бараноўска, намесніца дырэктара Цэнтру Мерашэўскага.
У верасні 2026 года другая эдыцыя фестывалю «Нямая ліхаманка» прэзентавала чатыры нямыя фільмы з ЗША, Нямеччыны, Францыі і Беларусі ў суправаджэнні жывой музыкі ў дворыку пры Цэнтры думкі Яна Паўла II і Музеі Вольнай Беларусі. Снежаньская «Галька» станецца працягам фестывалю – з асаблівым акцэнтам на супольнай культурнай спадчыне Беларусі і Польшчы.
Фестываль «Нямая ліхаманка» рэалізуецца пры фінансавым падтрыманні фонду Trzy Trąby, German Marshall Fund of the United States (GMF), Старамейскага дому культуры ды пры ўдзеле Музею Вольнай Беларусі, Цэнтру думкі Яна Паўла II, Беларускай незалежнай кінаакадэміі і Прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў нацыянальным адраджэнні.
Час і месца: 12 снежня, адкрыццё дзвярэй – 17:30, пачатак – 18:00; Kinoteka, зала 4 (pl. Defilad, 1, Варшава)
Уваход: бясплатны, паводле папярэдняй рэгістрацыі праз спасылку.
Мова: фільм будзе дэманстравацца з беларускімі субтытрамі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
