Як правесці дзень бязвыбараў? Дэмакратычная супольнасць падрыхтавала для беларусаў адзін з альтэрнатыўных варыянтаў — далучыцца да фестывалю «Беларусы годныя лепшага». 26 студзеня ў Варшаве адбудзецца вялікі форум, на якім збяруцца культурныя дзеячы, палітыкі, эканамісты, спартсмены, актывісты, каб прапанаваць сваю візію будучыні. Трансляцыя падзеі, як абяцаюць арганізатары, будзе весціся на ўсіх даступных у Беларусі пляцоўках.
«Мэта фестывалю — сабраць свабодных беларусаў і беларусак, аднавіць пачуццё адзінства і стварыць платформу для абмеркавання ключавых пытанняў, — дадае каманда фэсту. — Мы хочам натхніць удзельнікаў на дзеянні і скіраваць увагу на будучыню краіны, а не бягучыя бязвыбары».
Фестываль мае незвычайны фармат: «гэта спалучэнне музычных нумароў і дынамічных, яскравых выступаў у стылі TED Talks, дзе палітыкі, эканамісты, актывісты, спартсмены і культурныя дзеячы могуць падзяліцца сваімі поглядамі на самыя актуальныя пытанні».
Ужо зараз вядомы імёны са спісу спікераў: Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Валер Мацкевіч, Таццяна Мартынава, Роза Турарбекава, Андрэй Стрыжак, Юлія Чарняўская, Аляксандр Кныровіч, Аляксандр Ханевіч, Сцяпан Пуціла, Алана Гебремарыям, Слава Касінераў…
Арганізатары падзеі — супольнасць беларусаў, якая прадстаўлена як палітычнымі (Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада), так і грамадзянскімі структурамі, у супрацоўніцтве з беларускімі медыяэкспертамі.
Як адзначае каманда фэсту, «стаць часткай «Беларусы годныя лепшага» можа кожны». Трансляцыя падзеі будзе весціся на ўсіх даступных пляцоўках у Беларусі. Ды таксама будзе падрыхтаваны запіс выступаў на выпадак блакіроўкі з боку рэжыму.
Час і месца правядзення: 26 студзеня, Варшава, The Tides, Wioślarska 8 .
Сачыць за праграмай ініцыятывы можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram