«Асоба еўрапейскага маштабу». Сёння 100 гадоў Алесю Адамовічу

3 жніўня 1926 года нарадзіўся пісьменнік, крытык, навуковец, кінасцэнарыст, публіцыст і грамадскі дзеяч Алесь Адамовіч.

А таксама — адзін з ініцыятараў стварэння ў Беларусі Фонду «Дзеці Чарнобыля», дзякуючы якому мільёны дзяцей прайшлі аздараўленне за мяжой, і сустаршыня Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобыля». Таксама ён быў адным з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа.

З першых гадзінаў Чарнобыльскай трагедыі Адамовіч пачаў збіраць звесткі пра наступствы катастрофы, напісаў ліст Гарбачову, каб патлумачыць маштабы бедства. Беларускае партыйнае кіраўніцтва арганізавала ў друку абструкцыю, абвінаваціўшы Адамовіча ў пацыфізме, панікёрстве, блюзнерстве і клікустве. У выніку ён быў вымушаны пакінуць Мінск і пераехаць на працу ў Маскву.

«Чарнобыль высвеціў усю карціну таго, што названа «застоем», але што можна назваць і «закаранеласцю», і «развалам» (і тое, і другое — хоць, здаецца, гэтыя словы пра розныя станы)», – пісаў тады Адамовіч у сваіх нататках.

Пісьменнік, які памёр на пачатку 1994 года, нібы прадчуваў далейшы лёс Беларусі, рэагуючы на замоўванні пасля страшнай аварыі: «Вінаватых у Чарнобылі трэба судзіць. Бо калі не спыніць гэтую безадказнасць, гэтую кругавую паруку і вялікую хлусню на ўсіх узроўнях, мы не ўратуемся і ад Чарнобылю, і ад непазбежных новых катастрофаў».

Алесь Адамовіч дэбютаваў у друку як літаратурны крытык. У 1958 годзе выйшла першая кніга Адамовіча: літаратуразнаўчае даследаванне «Шлях да майстэрства: станаўленне мастацкага стылю Кузьмы Чорнага». У 1960 годзе з’явіўся яго раман «Вайна пад стрэхамі», пра які пісаў: «Калі мне што і ўдалося ў рамане «Вайна пад стрэхамі», дык гэта таму, што раней гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём».


Адамовіч і Быкаў. Фота: adamovich.1387.io/

З 1962 года па 1964 год Адамовіч вучыўся на вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве (дарэчы па яго сцэнары ствараўся фільм Элема Клімава «Ідзі і глядзі»). Адначасова выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, адкуль у 1966 годзе быў вымушаны сысці за адмову падпісаць ліст з асуджэннем Андрэя Сіняўскага, маскоўскага літаратара-дысідэнта, якога судзілі за «антысавецкую агітацыю і прапаганду». Быў змушаны пакінуць Маскву і вярнуцца ў 1967 годзе ў Мінск.

У 1971 годзе Алесь Адамовіч напісаў «Хатынскую аповесць», якая нарадзілася з дакументаў, рэальных уражанняў, апавяданняў сведкаў трагедыі тысяч беларускіх вёсак.

Разам з пісьменьнікамі Янкам Брылём і Уладзімерам Калеснікам Алесь Адамовіч у 1975 годзе выдаў дакументальную аповесць «Я з вогненнай вёскі». У кнігу ўвайшлі сведчанні тых людзей, якія асабіста перажылі трагедыю знішчэння іх вёскі, родных і аднавяскоўцаў. Пісьменнікі аб’ездзілі на працягу 1970—1973 гадоў 147 вёсак у трыццаці пяці раёнах Беларусі і сабралі ўспаміны больш як трохсот непасрэдных сведкаў, якія цудам ацалелі.

Жанр дакументальнай прозы, якую гэтыя аўтары ўзнялі да высокага ўзроўню, пасля развівала Святлана Алексіевіч, у выніку атрымаўшы Нобелеўскую прэмію. Алексіевіч была вучаніцай Адамовіча і называла яго «асобай еўрапейскага маштабу, якая так і не была па вартасці ацэненая ў нашай культуры. І вельмі шкада, што ён так рана сышоў. Тым больш, што роўнага яму чалавека ў нашай, у беларускай, культуры няма да гэтага часу».

Бюст Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша. Фота: bobruisk.guru

У 2019 годзе на радзіме Алеся Адамовіча ў Глушы пад Бабруйскам быў устаноўлены бюст пісьменніка. Грошы на яго стварэнне збірала грамадcкасць.

З 1995 года Беларускі ПЭН уручае прэмію імя Алеся Адамовіча, якая адзначае чалавечую годнасць, свабоду думкі і творчасці, а таксама ўшаноўвае асобу пісьменніка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!