У Варшаве адкрылася галоўная выстава Кіеўскай біенале

У варшаўскім Музеі сучаснага мастацтва адкрылася галоўная выстава 6-й Кіеўскай біенале.

Выстава мае назву «Блізкі Усход, Далёкі Захад» і даследуе наступствы вайны і канфліктаў, а таксама задае пытанне, як грамадства дазваляе гвалту заставацца такім сістэматычным і беспакараным.

Праз назву выставы куратары ставяць пад сумнеў (неа)каланіяльныя адносіны паміж еўрапейскімі метраполіямі і іх так званай перыферыяй за межамі ЕС, сцвярджаючы, што лёс «Вялікай Еўропы» сёння фарміруецца на яе ўсходніх межах.

Аўтары з краін Еўропы і Блізкага Усходу ў сваіх працах паказваюць наступствы ваенных злачынстваў, акупацый, этнічных чыстак, генацыду і больш шырокага аўтакратычнага павароту ў сусветнай палітыцы, уключаючы ўварванне Расіі ва Украіну, жорсткую аперацыю Ізраіля ў Газе, таталітарную тэакратыю Ірана і беларускую дыктатуру. Яны разважаюць над тым, як гвалт пранік ва ўсе сферы жыцця, як ён прывёў да дэградацыі сацыяльнай згуртаванасці і салідарнасці.

Яшчэ адзін важны сюжэт праекта — Еўрамайдан: куратар выставы Васіль Чарапанін патлумачыў, што каманда біенале хацела працягнуць Майдан у галіне культуры.

Гэта ўжо другая Кіеўская біенале з пачатку поўнамаштабнай вайны. Папярэдняя (пятая з моманту заснавання) прайшла ў 2023 годзе ў васьмі гарадах. Цяпер пляцоўкі біенале размешчаны ў Варшаве і Антверпене, пазней выставы адкрыюцца ў Дняпры, Кіеве і аўстрыйскім Лінцы. У біенале прымаюць удзел і дзве беларускія мастачкі.

Досвед гвалту і вайны перадаць няпроста. Здаецца, што звычайныя жывапісныя і графічныя сродкі становяцца тут бездапаможнымі ці, прынамсі, вычарпанымі яшчэ ў антываенных творах Гоі ці Пікаса. Сёння ў час інфармацыйных тэхналогій і войны іншыя, і мастацтва пастаянна шукае новых сродкаў выражэння. Аднак жывапіс на выставе таксама прысутнічаў. Напрыклад, украінская аўтарка Кацярына Алейнік у творы «Радасць адкладзенай смерці» паказвае хаос не толькі знешні, але і ўнутраны, калі людзі — нібы жывёлы — заключаны ў цыкл страху і кароткіх хвілін спакою. І такі штодзённы і сезонны цыкл нязменна паўтараецца.

Кацярына Алейнік. Радасць адкладзенай смерці. Палатно, алей. 2025. Фота: reform.news

Беларуская палітычная мастачка і актывістка Марына Напрушкіна ў сваім праекце «Птушкі з народам» выкарыстоўвае традыцыйны народны роспіс маляванак. Яе вялікафарматныя двухбаковыя дываны былі выстаўлены на адным з паверхаў музея і сталіся важным акцэнтам усёй экспазіцыі. Назва паўтарае лозунг 2020-га, з-за якога была закрытая адна з найстарэйшых прыродаахоўных арганізацый Беларусі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

З аднаго боку сваіх аўтарскіх дываноў Марына Напрушкіна змяшчае выяву, якая нагадвае «маляванку» паводле сваёй канструкцыі: цэнтр з чытэльным сюжэтам і арнамент паабапал гэтай выявы. А з адваротнага боку «маляванак» знаходзяцца тэксты песень, якія спявалі падчас пратэстаў 2020 года. «Выкарыстанне народных песень варта ўспрымаць як практыку дэкаланізацыі, таму што мы звяртаемся да народнай традыцыі, а не да акадэмічных ведаў», — расказвала Марына Напрушкіна пра свой праект.

Марына Напрушкіна. Праект «Птушкі з народам». Роспіс на палатне. 2023. Фота: reform.news

Частка экспазіцыі прысвечана фемінісцкаму часопісу Roza, які дакументаваў барацьбу за курдскую аўтаномію, і сучасным інтэрпрэтацыям украінскага авангарду. Гэтыя зявы і артэфакты паказваюць, як мастацтва можа захоўваць памяць пра нерэалізаваныя магчымасці свабоды.

На выставе, акрамя мастацкіх твораў, паказваюць картаграфічныя практыкі і архіўныя даследаванні, якія становяцца сведкамі і інструментамі вызваленчых памкненняў.

Марына Напрушкіна. Праект «Птушкі з народам». Роспіс на палатне. 2023. Фота: reform.news

Лана Чмайчанын у інсталяцыі под назвай «551.35 – Геаметрыя часу» знаёміць нас са зявай, якую можна назваць «геаметрыяй геапалітыкі». Інсталяцыя складаецца з 35 карт, якія вызначылі межы Босніі і Герцагавіны за апошні 551 год. Пры накладанні іх адна на адну на асветленым фоне карты паказваюць зменлівыя межы, змяшчэнні і нестабільнасць, выкліканыя каланіяльнымі, імперскімі, заваявальнымі, міграцыйнымі, ваеннымі і «міратворчымі» прычынамі.

Лана Чмайчанын. «551.35 – Геаметрыя часу». Друк на палатне, лайтбоксы. 2014. Фота: reform.news

Знакаміты польскі канцэптуальны творца Артур Жміеўскі стварыў серыю калажаў з чорна-белых фотаздымкаў помніка невядомаму савецкаму салдату на могілках у Варшаве. Праз розныя кампаноўкі фрагментаў ён шукае на першы погляд невідавочныя, прыхаваныя зместы помніка, падымаючы пытанні пра тое, як ставіцца да гістарычнага мінулага, якое можа пераўтварацца ў крыніцу канфліктаў.

Артур Жміеўскі. Мемарыял і маўзалей Чырвонай арміі: рэкампазіцыя. Фотакалаж на палатне. 2024–2025. Фота: reform.news

Гіганцкая мазаіка турэцкага мастака Айкана Сафоглу, выкананая з кавалачкаў пазла, уяўляе сабой рэканструкцыю падлогі з залы чакання Стамбульскага чыгуначнага вакзала Сіркечы, адкуль мігранты адязджалі ў Германію. Фактычна, гэта адна з апошніх выяў, якую яны бачылі на радзіме.

Айкан Сафоглу. Rosette. Фота: Euronews/Paweł Głogowski

Барыс Дагрусез з 2017 года даследуе культуру, а таксама эканамічную і палітычную гісторыю старажытнага горада ў Сірыі. Важны археалагічны помнік быў адкрыты ў ХХ стагоддзі і стаў новым выпрабавальным палігонам для канкуруючых сучасных ідэалогій. Выкарыстоўваючы насычаныя колеры на архіўных выявах з касмічнага тэлескопа часоў халоднай вайны «Карона» і аэрафотаздымках, Дагрусез дакументуе, як гэта месца пастаянна перапрафілявалася імперыямі, што змянялі адна адну.

Барыс Дагрусез. Місія праекта «Карона» — 1968 І 1974 гады. Лічбавы друк. 2021. Фота: reform.news

Для мастака Мікіты Кадана гісторыя ўкраінскага мастацтва — гэта «дом, поўны зданяў». Яго інсталяцыя «Цішыня ў класе» нагадвае звычайны школьны клас. Каталогі, размешчаныя на сталах, выклікаюць у памяці розныя з’явы ўкраінскага мастацтва і зменлівыя наратывы вакол іх. Пастаўленыя на высокіх пастаментах рэшткі снарадаў становяцца сведкамі вайны. Сёння ва Украіне многія будынкі ўстаноў культуры разбураныя, музеі разрабаваныя, а большая частка музейных калекцый захоўваецца пад зямлёй або эвакуіраваная.

Мікіта Кадан. Цішыня ў класе. Інсталяцыя. 2025. Фота: reform.news

Велізарная, зробленая з пластыкавых пакетаў і поліэтылену, кампазіцыя Сауле Сулейменавай «Неба над Алматы: Канды Қаньтар / Крывавы студзень» прысвечана канструяванню казахскай памяці, як калектыўнай, так і індывідуальнай. Штуршком да стварэння працы паслужыла фатальная падзея «крывавага студзеня», калі масавы пратэст у Алматы ў 2022 годзе супраць палітыкі кіруючага рэжыму скончыўся загадам страляць на паражэнне.

Паведамляецца, што 238 мірных жыхароў былі застрэленыя падчас гэтай кансалідацыі аўтарытарнай улады. Неўзабаве пасля гэтага адбылося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну. Для мастачкі гэтыя падзеі прывялі да адчування таго, што яе «залівае кроў». У творы можна пазнаць Чырвоную плошчу Рэспублікі, месца крывавага студзеня, дзе над галавой згушчаецца цемра — туман, дым ці нават слёзатачывы газ. Аднак мастачка наўмысна пакідае выяву без дэталяў або людзей, каб зрабіць яе больш шырокім вобразам шматлікіх міжнародных крызісаў.

Сауле Сулейменава. «Неба над Алматы: Канды Қаньтар / Крывавы студзень». Пластыкавыя пакеты, гарачы сілікон, поліэтылен. 2022. Фота: reform.news

Каб агледзець выставу, можна выбраць розныя маршруты, але ў большасці выпадкаў у канцы вашага шляху апынецца ўражальная «Шэрая зямля» — траўматычная 20-хвілінная анімацыя Даны Кавелінай, мастачкі, якая нарадзілася ў Мелітопалі, а цяпер жыве ў Берліне і Львове.

Дана Кавеліна. Шэрая зямля. Анімацыя. 2025. Фота: reform.news

У гэтым анімацыйным фільме распавядаецца пра двух персанажаў: салдата на перадавой і карову з прамысловай малочнай фермы. Пасля выбухаў карова вызваляецца з грузавіка, які вязе яе на бойню, а параненага салдата кідаюць яго браты па зброі. Яшчэ адзін персанаж фільма — глеба. Знясіленая вайной і прамысловай сельскай гаспадаркай, глеба з’яўляецца тут жывой істотай, домам для многіх жывых істот і зямлёй пад іх нагамі, якая была скрадзеная людзьмі дзеля рэсурсаў. Гэта таксама тэрыторыя, на якой трэба даць адпор…

У Варшаве выстава Кіеўскай біенале працягнецца да 18 студзеня наступнага года.

Амаль у той жа час Музей сучаснага мастацтва Антверпена паказвае асобную біенальную экспазіцыю, якая зяўляецца працягам асноўнай выставы біенале і канцэнтруецца на тэмах мінулага і сённяшняга вопыту каланіяльнага гвалту.

Беларуская мастачка Ала Савашэвіч паказвае на гэтай выставе графічны твор «1917-2017», у якім разважае пра савецкую спадчыну праз дэканструкцыю помніка Леніну. Графічны твор – дадатак да інсталяцыі «Прывід», якая ўяўляе сабой вялізнае тэкстыльнае паліто, скапіраванае з бронзавага помніка Леніну ў яе родным горадзе.

Ала Савашэвіч. «1917-2017». Шаўкаграфія.

«Помнікі мінулага становяцца такімі «гарадскімі духамі», персанажамі, якія час ад часу ўваскрашаюцца, часцей за ўсё для розных палітычных мэтаў. Дэмантаж, абнаўленне або перасоўванне — усё гэта абуджае іншыя сілы. Але толькі змена матэрыялу, наданне яму новых або першабытных якасцяў можа сказаць нам нешта яшчэ. Бронза і камень зноў становяцца тканінай, і цела знікае, пакідаючы пасля сябе пустэчу, пакрытую формай. Сутнасць не ў разборцы старога або ў размове з духамі, а хутчэй у размове аб цішыні пустэчы. І для мяне гэта маўчанне здаецца вельмі гучным», — тлумачыць сваю працу Ала Савашэвіч.

Наступная праграма біенале будзе праходзіць ва Украіне і Аўстрыі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!