У Тэатры беларускай драматургіі плануюць паставіць спектакль паводле твора Захара Прылепіна

У новым сезоне Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі плануе паставіць спектакль паводле «Пацанскіх расказаў» Захара Прылепіна.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы заявіла дырэктарка РТБД Святлана Навуменка.

«Зараз мы вядзем перамовы, каб заслужаны дзеяч Расіі Юрый Пахомаў паставіў «Пацанскія расказы» Захара Прылепіна — папулярнага расійскага аўтара, які стаіць у топ-лістах, — заявіла кіраўніца ўстановы. — Гэта цікава, гэта сучасная літаратура. Больш за тое, расійскі глядач, да якога мы мусім выязджаць на гастролі, зацікавіцца сваім аўтарам, вырашаным беларускім тэатрам».

Таксама Святлана Навуменка анансавала і новы праект у тэатры — «РТБД па панядзелках», у межах якога плануецца працаваць з рускай класікай на рускай мове.

Вера Палякова і Святлана Навуменка на прэс-канферэнцыі.

«Магчыма, [праект будзе] з працягненнем актораў з іншых тэатраў. У Веры Аляксандраўны [Паляковай] пазычым, у Маладзёжным тэатры. Ёсць шмат юбілейных аўтараў у 2026 годзе. Руская класіка — гэта тое поле, культурная прастора, у якую заўжды хочацца акунуцца. Гэта такая добрая глеба і для развіцця трупы, і для міжнародных сувязяў», — сказала яна.

У пераліку будучых прем’ер Навуменка таксама ўзгадала спектакль «Хам» паводле Элізы Ажэшка і «Ладдзю роспачы» паводле Уладзіміра Караткевіча.

«У трупу ўзятыя шэсць новых актораў», — паведаміла яна.

Нагадаем, што летась тэатр пакінула шэсць артыстаў: вядомыя акторы Арцём Курэнь, Максім Брагінец, Арцём Давідовіч былі звольнены пасля затрымання, самі звольніліся з установы Арцём Аўхарэнка, Ганна Семяняка, Дзяніс Аўхарэнка. Адпаведна з сыходам актораў многія пастаноўкі былі зняты з рэпертуара — у тым ліку «Шлюб з ветрам» у рэжысуры Яўгена Карняга, «Карней» у пастаноўцы Алены Зміцер паводле Уладзіміра Караткевіча. Цяпер на месцы прыбранага спектакля мусіць паўстаць новы — у рэжысуры Святланы Навуменка паводле «Ладдзі роспачы».

Захар Прылепін — праўладны расійскі пісьменнік, прапагандыст. У 2023 годзе прызначаны на пасаду намесніка камандзіра палка асобага прызначэння «Апора» ВНГ па ваенна-палітычнай працы, падпалкоўнік. Знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі Еўразвяза, Вялікабрытаніі і шэрагу іншых краін.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!