27 чэрвеня ў Вільні прайшла прэм’ера дакументальнага фільма «Кроў на траве». Яго ідэя належыць опернай спявачцы, актрысе, актывістцы і блогерцы Маргарыце Ляўчук. Яна заканчвае магістратуру ЕГУ і ў сваёй магістарскай працы даследуе тэму гвалту дзяржаўнай сімволікай.
«Гэты дакументальны фільм — мой дэбют у ролі аўтаркі, сусцэнарысткі, супрадусаркі і гераіні ў кадры поўнага метра, — напісала спявачка ў сацсетках. — Праз сваю творчасць і свае праекты хачу распавесці ўсяму свету, хто такія беларусы, што робіць рэжым Лукашэнкі з тымі, хто прагне жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне. Спадзяюся, што разам мы зможам данесці важныя наратывы як самім беларусам, так і прадстаўнікам іншых нацый і краін».
Генеральным прадзюсарам фільма стаў Алесь Чахоўскі, рэжысёрам — Арцём Лобач.
У фільме Маргарыта Ляўчук распытвае дызайнераў, стылістку, урбаніста, а таксама былых палітзняволеных беларусаў, што не так з чырвона-зялёнымі спалучэннямі ў Беларусі. «Разбіраецца, чаму дыктатарскі рэжым выкарыстоўвае сімволіку як частку «прыгоннай ідэалогіі» і з якой прычыны гэта менавіта гвалт», — пазначае анатацыя да фільма.
Таксама ў фільме распавядаецца пра лекаванне псіхалагічнай траўмы пры дапамозе гумару і творчасці.
Назва фільма — «Кроў на траве» — гэта словы, якімі сын адной з палітзняволеных апісвае чырвона-зялёны сцяг.
Сёння вечарам, 28 чэрвеня, «Кроў на траве» можна будзе паглядзець на YouTube.
Нагадаем, што Маргарыта Ляўчук у 2020 годзе падтрымала пратэсты і звольнілася з опернага тэатра.
У эміграцыі разам з Андрэем Павуком стварыла дуэт «Красная зелень», яны выконвалі песні ў жанры палітычнай сатыры і актыўна выкарыстоўвалі спалучэнне чырвонага і зялёнага колераў. Гурт распаўся ў пачатку 2023 года, аднак напрыканцы фільма «Кроў на траве» адбудзецца прэм’ера песні ад «Краснай зелені».
У Беларусі ў 2021 годзе супраць Маргарыты Ляўчук распачалі крымінальную справу паводле арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: