У Сан-Францыска з’явіўся беларускі мурал

У фэйсбуку суполкі беларусаў Сан-Францыска з’явіліся здымкі беларускага мурала ў гэтым горадзе. На яго нядаўна збіралі грошы. Лішак сродкаў будзе дасланы праекту Dissidentby, які падтрымлівае палітзняволеных і іх сем’і.

«Сан-Францыска — горад, у якім налічваецца больш за 1000 муралаў. Шмат з іх адлюстроўваюць шматлікія нацыянальнасці жыхароў горада. Але беларускага мурала дагэтуль не было. Таму беларусы, якія жывуць у Сан-Францыска/Бэй Эрыі, з дапамогай сяброў з іншых краінаў, вырашылі гэта выправіць і ўпрыгожыць горад беларускім муралам!» — паведамляюць у допісе.

Мурал зроблены цягам 2 тыдняў з дапамогай 50 валанцёраў ва ўзросце ад 8 да 70 гадоў.

«У апошні дзень маляваць прыйшло больш за 30 чалавек, атрымалася сапраўдная талака«, — дзеліцца дэталямі аўтар допісу. Шмат мясцовых жыхароў цікавіліся сітуацыяй у Беларусі, выказвалі падтрымку і дзякавалі за ўпрыгожанне іх раёна.

Беларускі мурал у Сан-Францыска. Фота: Facebook / Мікіта Белаглазаў.

Аўтарка мурала — 15-гадовая беларуска Саша Герман. На мурале адлюстраваны традыцыйныя матывы — дзяўчаты ў народных строях, Купальскае вогнішча, зубр, беларускія арнаменты.

Арганізатары спадзяюцца ўбачыць больш беларускіх муралаў у ЗША і іншых краінах свету, таму гатовы падзяліцца досведам (напрыклад, як шукаць сцяну), а таксама часткова фінансава падтрымаць адзін мурал іншай суполкі. Напісаць можна ў Instagram.

Арганізатары дзякуюць Association of Belarusians in America за дапамогу з фандрайзінгам.

Мурал знаходзіцца па адрасе: 701 Taraval St, San Francisco.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.