Мапы, грошы і… праграма ArtPower Belarus. Адна з самых важных ініцыятываў Беларускай Рады культуры сёлета аб’явіла вынікі чацвёртага туру конкурсу творчых праектаў і назвала даты новых дэдлайнаў для тых, хто хоча падацца на міні-гранты і гранты мабільнасці.
Пакуль яшчэ заяўнікі абмяркоўваюць вынікі чацвёртага колу і пачынаюць падавацца на новыя гранты, Reform.by вырашыў распытаць кіраўніцу фінансавага аддзелу Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры Эліну Калнібалоцкую пра тое, як сёння дзейнічае праграма і што яна выяўляе ў беларускай культуры.
Што паказаў чацвёрты тур конкурсу? Якія крытэрыі адбору творчых праектаў? Як працуе механізм адбору заявак? Якія праекты маюць больш шанцаў на падтрымку ў адборачнай камісіі? І куды рушыць беларуская культура на прыкладзе праграмы ArtPower Belarus?
На гэтыя і іншыя пытанні, якія даўно лётаюць у паветры, адказала «без прыкрас» Эліна Калнібалоцкая.
«Попыт перавышае прапанову ў 10 разоў»
— Эліна, маё першае пытанне будзе датычыцца апошняга туру конкурсу, у выніку якога, нагадаю, падтрымку атрымалі 27 творчых праектаў на агульную суму каля 412 тысяч еўра. Найбольшую ўвагу і адпаведна абмеркаванне па выніках конкурсу выклікалі мідзі-гранты — нагадаю, што заяўнікі на мідзі-гранты маглі прасіць да 60 тысяч еўра. Як бы вы маглі пракаментаваць вынікі адбору? І што паказала апошняя эдыцыя, скажам так, конкурсу?
— Хачу падкрэсліць, што гэта ўсё ж такі быў другі кол для атрымання мідзі-грантаў. Заяўкі на міні-гранты прымаліся ўвесь час працы праграмы, а вось конкурс на мідзі-гранты — акурат другая эдыцыя. І тут назіралася такая тэндэнцыя ў параўнанні з першай — падаваліся больш прапрацаваныя праекты. Было бачна, што заяўнікі паставіліся да справы сур’ёзна, і на конкурсе не было выпадковых людзей, тых, хто, умоўна кажучы, ішоў міма і вырашыў «зазірнуць». То-бок, у першую чаргу, можна казаць пра падвышэнне патэнцыялу саміх заяўнікаў.
Вядома, мы думалі, што праектаў будзе менш, але іх было шмат, і адборачнай камісіі было нялёгка. Хацелася падтрымаць як мага болей, а магчымасці, на жаль, абмежаваныя.
— Увогуле гэта сума, якая вылучаецца на мідзі-гранты — як яе можна ацэньваць? Яна дастатковая, на ваш погляд, улічваючы колькасць заявак?
— Гэта абсалютна няшмат. Мізер, насамрэч, бо кожны раз заяўнікі запытваюць у нас у чатыры-восем разоў болей, і мы можам падтрымаць у добрым выпадку толькі 10 адсоткаў праектаў. То-бок, попыт перавышае прапанову ў 10 разоў!
Толькі ў апошні коле мы атрымалі 120 заявак на мідзі-гранты, а фінансаванне займелі толькі 16 праектаў. За два гады нам удалося падтрымаць 32 мідзі-праекты. Вядома, хацелася б, каб сума была большай.
«Мы ўразаем бюджэты хаця б на нейкую частку»
— Не маглі б вы падрабязней распавесці, якім чынам ідзе фінансаванне па міні- і мідзі-грантах?
— Сума, якая вылучаецца па праграме на міні-гранты, дзеліцца на чатыры: адпаведна ў нас было чатыры колы на гэтыя гранты.
Гранты на мабільнасць — тут у нас больш гнуткая сістэма: мы можам знаходзіць дафінансаванне, неяк пераразмяркоўваць сродкі. Адбылося пяць колаў за час працы праграмы.
На мідзі-гранты ў праграме за два гады ў нас былі выдаткаваныя каля 800 тысяч еўра. Гэтыя сродкі былі падзеленыя на два туры.
— Вы адзначылі, што гэтым разам выйшла падтрымаць болей праектаў, чым гэта было запланавана. Як вам гэта ўдалося?
— Па-першае, не ўсе праекты запытвалі бюджэт у 60 тысяч еўра, што вельмі радасна. Калі ў першым коле некаторыя заяўнікі, што называецца, «нацягвалі саву на глобус», то ў другім было бачна, што людзі пісалі бюджэты адпаведна мэтам. Нехта нават запытваў трохі больш чым міні-грант — 6 тысяч еўра, 12 тысяч — невялікія сумы. Гэтаксама мы даволі рэдка падтрымліваем праекты на поўную суму — на ўсе 60 тысяч. Разам з падтрыманымі заяўнікамі мы спрабуем аптымізаваць іх бюджэты пад меншыя сумы.
— Хтосьці можа вам зараз запярэчыць, што разлічваў на адну суму, а ў выніку атрымалі іншую.
— Мы лічым, што лепш падтрымаць болей праектаў, чым меней, але цалкам.
«Па выніку выбар адборачнай камісіі можна не супадаць з меркаваннямі экспертаў»
— Закранем такую вельмі цікавую для ўсіх заяўнікаў тэму як крытэрыі адбору праектаў. Які этапы адбору праходзіць праект? Як увогуле гэта адбываецца?
— Адбор праходзіць у тры этапы.
Першы этап — калі грант-менеджары праглядаюць заяўку на тэхнічную адпаведнасць формам. Калі ёсць хібы, дасылаюць на перапрацоўку, і прымаюць, калі ўсё ок.
Далей заяўкі ідуць да экспертаў. Кожную з іх ацэньвае эксперт з адпаведнай галіны, якую мы прасілі вызначаць заяўнікаў яшчэ на этапе падачы. Мы заўсёды пільна сочым за тым, каб не было канфлікту інтарэсаў. Здаралася такое, што эксперты прыходзілі да нас з просьбай перадаць праект, які да іх трапіў, камусьці іншаму. Яны ўбачылі, што заяўку напісаў іх знаёмы. У гэтым выпадку мы запрашаем іншага адмыслоўца ацаніць праект. І такім чынам пытанне вырашаецца.
І ў цэлым, падкрэслю, кожны праект ацэньвае два эксперты.
— Адмыслоўцы выстаўляюць адзнакі?
— Так, па пытаннях у адмысловай таблічцы. Скажам, у заяўцы ёсць такое пытанне: актуальнасць вашага праекта. На гэта ж пытанне ўжо ў дачыненні да праекта адказвае эксперт — ці актуальны гэты праект у дадзеным кантэксце? І гэтак далей па ўсіх пунктах. Пры гэтым эксперты не проста выстаўляюць балы, але і даюць каментары па кожнай адзнацы. Далей даецца фінальны каментар і падлічваюцца фінальныя балы.
— Давайце нагадаем, хто ўваходзіць у адборачную камісію.
— Два чальцы Рады культуры і тры чальцы Дацкага інстытута культуры, а гэтаксама запрошаны эксперт — былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Мне часта даводзіцца чуць папрокі, што, маўляў, Рада выбрала невядомага каго — але, заўважу, што ў камісіі з Рады працуе толькі два чалавекі.
— Дайшлі да адборачнай камісіі. Як тут вызначаюцца атрымальнікі грантаў?
— Кожны з чальцоў адборачнай камісіі складае свой топ-10 ці топ-15 найлепшых праектаў. Усе агучваюць свой выбар, і далей пачынаецца абмеркаванне. Бывае так, што нейкі праект выбіраецца аднагалосна, а здараецца і такое, вядома, што галасы падзяляюцца і пачынаюцца спрэчкі.
Нарэшце, я падыходжу да фінальнага этапу. Пасля таго, як спіс адабраных праектаў больш-менш зацверджаны, даходзім да бюджэтаў. Камісія «праходзіцца» па іх і ўжо вырашае, ці падтрымлівае яна праект у поўнай памеры, ці, можа, «адрэжа» частку бюджэту і той «кавалачак» перанаправіць на іншы праект, які набраў трохі меней балаў. Паўтаруся, мы адмыслова спрабуем знайсці розныя варыянты, каб падтрымаць як мага болей заяўнікаў.
Прычым я магу зазначыць, што па выніках усёй працы па адборы меркаванне адборачнай камісіі можа не супадаць з меркаваннем экспертаў.
«Шмат людзей адыходзяць ад адзіночных праектаў»
— Дзякуй за такі разгорнуты адказ, Эліна. За гэты час адбылося ўжо некалькі тураў праграмы — ці можна на прыкладзе конкурсу ArtPower Belarus казаць пра пэўную дынаміку запытаў у заяўнікаў? Якіх праектаў было найбольш, скажам, у апошнім коле?
— Тут складана казаць, таму што кожны раз кожны кол — што міні-гранты, што мідзі — гэта заўсёды розныя сферы прыярытэтаў. Але бачна па апошніх турах, што зараз шмат запытаў на якаснае незалежнае кіно. На жаль, такая праграма як ArtPower не можа падтрымаць вялікія кінапраекты, а да нас звярталіся з прапановамі фінансавання поўнаметражных фільмаў. З аднаго боку, гэта неверагодна натхняе, колькі ў нашых кінематаграфістаў цікавых ідэй, якія прыўкрасныя стужкі могуць з’явіцца, але падтрымаць цалкам падобныя праекты мы не можам.
Таксама заўсёды ёсць попыт на захаванне традыцыйнай культуры.
І апошнім часам з’явіўся попыт на стварэнне новых кам’юніці — і вось гэты момант я бы вылучыла як адметную рысу сённяшняга стану беларускай культуры. Шмат людзей адыходзяць ад адзіночных праектаў — персанальная выстава, канцэрт, тур, яшчэ нешта — і прыходзяць да стварэння супольнасці. Музычнае кам’юніці, тэатральнае, кам’юніці фатографаў, фільммейкераў… Класна, што людзі аб’ядноўваюцца і ствараюць сваю экасістэму па-за межамі краіны, уключаючы тых людзей, якія ў Беларусі. Гэта таксама вельмі натхняльны момант для нас, і мы намагаемся падтрымаць як мага болей ініцыятываў такога кшталту.
— Вы адзначалі ў вашай справаздачы гэтаксама, што ў пададзеных заяўках лідзіравалі не толькі праекты, звязаныя з кіно, але і з музыкай…
— Так, музыкі ў нас таксама было шмат — музычныя туры, выданне альбомаў, стварэнне кліпаў… Такіх заявак хапае, але мы спрабуем утрымаць баланс і падтрымліваць праекты, якія аб’ядноўваюць людзей і пажадана ўключаюць людзей з Беларусі.
Бо тут гаворка ідзе пра дальнабачнасць — ArtPower, укладваючыся ў стварэнне прафесійнай экасістэмы, дае інструмент творцам. Праз новую супольнасць людзі здолеюць знайсці фінансаванне незалежна ад нас. І ў дадзены выпадку мы маем справу не з імгненным вынікам, а са структурай, сістэмай, якая можа даць плён у будучыні.
«Ёсць адчуванне сыходу да партызанскага руху»
— Вы ўзгадалі, што эксперты перасцярагаюцца за ўдзельнікаў праектаў, якія знаходзяцца ў Беларусі. Ці шмат такіх заявак? Якога гэта кшталту праекты, калі можна пра гэта гаварыць? Ці прапануе Рада ім асаблівыя ўмовы?
— Заявак з Беларуі няшмат, але і нямала. Акурат столькі, колькі дапушчальна ў дадзеных умовах. Мы не чакаем, што ўсе ініцыятывы прыйдуць да нас — таму што гэта ў першую чаргу перасцярогі бяспекі. Аднак ёсць праекты, якія рэалізоўваюцца беларусамі ўнутры Беларусі — і гэта як атрымальнікі міні-, так і мідзі-грантаў. У нас былі і падпольныя актыўнасці у малых гарадах, і выданне кніг, чаго толькі не было… І тут мы спрабуем адстойваць палёгку ў справаздачы для тых, хто знаходзіцца ў краіне. І знаходзім шляхі, каб сродкі грантаў даходзілі да выканаўцаў.
Таксама для нас вельмі істотна, каб усе меры бяспекі пры ажыццяўленні праекта ў Беларусі былі выкананыя. Бо некаторыя праекты, якія падаваліся, былі сапраўды, што называецца, «на мяжы». Пэўныя заяўнікі нам казалі, што, умоўна кажучы:«Я выдам кнігу з лога «АртПаўэр» і перадам у грамадскія бібліятэкі».Таму мы глядзім ўважліва ці прапрацаваны для заяўніка з Беларусі ўсе меры бяспекі. І калі з гэтым усё у парадку, у людзей ёсць досвед у выкананні такіх рэчаў, то падтрыманне такой заяўкі заўсёды будзе ў прыярытэце.
— За апошні час, як вы назіраеце па праектах, змяняецца сітуацыя ў Беларусі? Ці шмат у краіне засталося дзеячаў незалежнай культуры?
— Так, ёсць адчуванне сыходу да партызанскага руху. Ніякія падзеі не публічацца.
А наконт дзеячаў… У нас ёсць сталыя заяўнікі з Беларусі, і сёння, на жаль, часта здараецца так, што людзі літаральна ў моманце падачы заяўкі вымушаны пакінуць краіну. Проста да гэтага чалавека прыйшлі. І праект апрацоўваецца ўжо па-за межамі Беларусі.
«Галоўныя шэдэўры сёння ствараюцца ў Беларусі»
— Эліна, хацелася б пагаварыць і пра жыццё беларускіх творцаў у эміграцыі. У справаздачы Рады культуры за мінулы год было адзначана, што ў пэўных выпадках можна казаць пра развіццё беларускай культуры ў эміграцыі. Не маглі б вы пракаментаваць гэты тэзіс?
— Сапраўды, калі мы пачыналі як Беларуская Рада культуры, то для нас першачарговай задачай была экстраная дапамога. То-бок мы збіралі грошы на тое, каб людзі маглі выехаць і не памерці ў іншай краіне. Мы гэта робім і сёння, але акрамя экстранай дапамогі ўжо ў стане падтрымаць і вышэйзгаданыя кам’юніці — стварэнне прафесійных экасістэм. Ці гэта не ў пэўным сэнсе рух?
На першы кол мідзі-праектаў да нас часта прыходзіла такое пытанне: а можна проста запытаць у вас грошы, каб працягнуць сваю мастацкую дзейнасць? Каб я жыў і працягваў ствараць, умоўна кажучы. Такая магчымасць была акурат пры экстранай дапамозе, калі мы былі фондам культурнай салідарнасці. Сёння ў ArtPower перавага аддаецца праектам з канкрэтным вынікам — і гэта прапісана ў нашых гайд-лайнах.
— Сярод вынікаў мінулага года ў культуры акурат і было названа з’яўленне незалежных прафесійных аб’яднанняў — Беларускай незалежнай кінаакадэміі, Беларускай незалежнай асацыяцыі фатографаў, Незалежнага інстытута тэатра, музычнай супольнасці. І гэта, сапраўды, вельмі значныя маркеры. Але хочацца спытаць: на вашу думку, ці ўбачым мы вынікі гэтага гуртавання? Наколькі працоўнай сёння з’яўляецца сувязь паміж грантамі і, у рэшце рэшт, запаветным вынікам — выбітным творам мастацтва? Як казаў некалі Максім Жбанкоў, ці ўбачым мы вартыя творы мастацтва ў «смутныя часы»?
— Мне здаецца, што гэта пытанне знаходжання сябе ў іншых краінах і абставінах. Бо калі гэтыя шэдэўры і ствараюцца, знайсці публіку, якая іх ацэніць у іншым асяроддзі, складана.
Мы размаўлялі са шматлікімі мастакамі, якім гэта ўдалося. Напрыклад, як дзялілася адна з вельмі вядомых сучасных беларускіх мастачак Цемра, яна знайшла свайго гледача ў Польшчы. У Варшаве ў яе купляюць творы, прыходзяць на перформансы, яна тут запатрабавана. Але нядаўна Даша Цемра ездзіла ў іншую краіну, і там той самай сустрэчы не здарылася. Месца не прыняла яе, не адгукнулася. Нібыта чужыя людзі — казала яна пра аўдыторыю. То-бок, мне падаецца важным, каму ты паказваеш свае шэдэўры па выніку.
На маю думку, шмат чаго сапраўды шэдэўральнага ствараецца сёння менавіта ў Беларусі. Бо ў такіх умовах, якія ёсць у нашай краіне, немагчыма не пісаць і не рабіць тое, у чым не будзе часткі тваёй душы, не будзе надрыву, сапраўдных эмоцый. Вядома, тут, у замежжы, мы таксама перажываем моцныя пачуцці, у нас востра стаіць пытанне адаптацыі — усё гэта я не спісваю з рахунку, але ўсё ж такі веру, што галоўныя шэдэўры ствараюцца зараз унутры нашай краіны.
А што наконт стварэння кам’юніці… Мне падаецца, што падобныя аб’яднанні дапамагаюць творцам быць не толькі творцамі, але менеджарамі ці знайсці менеджара, які дапаможа мастаку знайсці аўдыторыю, у якой ён мае патрэбу. Каб беларускае мастацтва не было зафіксавана ў эмігранцкім вакууме, а каб знаходзіла выхады на еўрапейскага гледача, інтэгравалася ў еўрапейскую прастору.
«Хацелі б бачыць праект ArtPower Belarus 2»
— Апошняе пытанне — наконт будучыні праграмы ArtPower Belarus. Сёння можна канстатаваць, што сродкаў праграмы відавочна не так шмат, як нам хацелася б, каб падтрымаць незалежную мастацкую і культурніцкую супольнасць. З іншага боку, ва Украіне па-ранейшаму ідзе вайна, і пытанне падтрымкі беларускіх праектаў — ужо любых — і культурніцкіх, і медыйных, і палітычных — гучыць як ніколі востра. Ці назіраеце вы змены ў дачыненні незалежнай Беларусі на прыкладзе дзейнасці Беларускай Рады культуры?
— У дачыненні гэтай сітуацыі немагчыма казаць на сто адсоткаў. Калісьці Рада сама апынулся ў такіх абставінах: 2022 год, пачалася вайна, і падтрымка арганізацыі спынілася, мы апынуліся ў падвешаным стане. Але нам удалося данесці Еўрапейскай камісіі, што незалежная Беларусь і яе культура вартыя ўвагі і падтрымкі. Гэта быў доўгі працэс адвакавання, прасоўвання беларускай культуры, парадку дня, і плёнам нашай дзейнасці акурат і стаў запуск праекта ArtPower Belarus. І зараз нашы еўрапейскія партнёры маюць канкрэтныя доказы на руках, што такое беларуская культура.
Што да будучыні ArtPower Belarus… Мы размаўлялі з нашымі партнёрамі з Еўракамісіі, і яны ў захапленні ад попыту на фінансаванне, ад якасці праектаў, дасланых на праграму. Для іх беларуская культура была хісткім месцам, было не зусім зразумела, што з ёй адбываецца, але нам удалося данесці, што і ўнутры Беларусі, і па-за яе межамі беларуская культура працягвае жыць. І сёння нашы партнёры вельмі пазітыўна ставяцца да ідэі працягу супрацоўніцтва. То-бок зараз мы хацелі б бачыць працяг праекта ArtPower Belarus і паспрабуем адвакаваць большую суму на фінансаванне беларускай культуры. Што нам адкажуць — гэта ўжо застаецца за Еўракамісіяй.
***
Даведка. Праект «ArtPower Belarus: захаванне беларускай грамадскай прасторы праз культуру і мастацтва» быў запушчаны Беларускай Радай культуры сумесна з Дацкім інстытутам культуры напрыканцы 2022 года. Ён ставіць сабе дзве галоўныя мэты: падтрыманне культурніцкіх ініцыятываў дзеля кансалідацыі беларускага грамадства, у тым ліку дыяспараў і суполак у выгнанні, а таксама стварэнне прафесійных культурніцкіх сетак і павышэнне майстэрства творцаў у гэтых сетках. Еўразвяз вылучыў на рэалізацыю праекта 2 мільёны еўра; праект разлічаны на 28 месяцаў. У межах ArtPower Belarus Рада стварыла Рэсурсны цэнтр.
На сёння былі рэалізаваныя чатыры туры конкурсу праграмы. Зараз дасяжны бюджэт на мідзі-гранты вычарпаны, але заяўкі на міні-гранты і праграму мабільнасці па-ранейшаму прымаюцца.
Гэтак, наступны дэдлайн для міні-грантаў — 17 красавіка 2024 года (старт праектаў – чэрвень 2024); для праграмы мабільнасці – 20 сакавіка 2024 (пачатак мабільнасці – травень 2024). Неўзабаве таксама Рада распачнае адбор навучэнцаў у Школу арт-менеджменту, яе праграма распрацаваная адмыслова для заглыблення беларускіх дзеячаў культуры ў прафесію і знаёмства з адметнасцямі функцыянавання сферы ў Еўропе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram