Віктар Марціновіч. Фота: сацсеткі
Беларускі пісьменнік Віктар Марціновіч напісаў кнігу на ангельскай мове пра свайго прадзеда Амяляна, спачатку — дзяншчыка царскага войска, потым — млынара, потым — селяніна пад нямецкай акупацыяй. «Чалавека, які быў расстраляны нацыстамі ў 1943 годзе такім чынам, што, калі я першы раз прачытаў «Сотнікава» Быкава, я думаў, што Васіль Уладзіміравіч нешта ведаў пра Амяляна. Трагедыя ўцягнула іншых людзей і завітала нават у маё дзяцінства», — піша пісьменнік у сацсетках.
Гісторыя беларускага селяніна Амяляна расказана ў кнізе праз творы Рафаэля, Шагала, Сандра Бацічэллі, Каспара Давіда Фрыдрыха, Станіслава Жукоўскага, Хаіма Суціна.
«Я быў адчуў гэта на пяты год выкладання герменеўтыкі: мы згубілі нешта істотнае ў разуменні мастацтва. І нават не так: не ў разуменні як такім, але — у магчымасці пра яго размаўляць. Камунікаваць тыя тонкія змены ў ландшафце душы, якія з намі адбываюцца, калі мы праходзім праз добрую кнігу, ці едзем вачыма па старым алеі.
Мастацтва — адно з нешматлікіх апраўданняў існаванню чалавецтва; мастацтва, якое Ніцшэ называў адзінай супрацьвагай жудасці быцця, зрабілася нагодай для балабоольства. «Што хацеў сказаць аўтар?», «якія дзіцячыя траўмы зазнаў мастак?» — смешныя пытанні пры сутыкненні з цудам. Семіётыка шукае знакі, псіхааналіз — чэлесы, левыя — справядлівасць, правыя — падставу для фанаберыі, лібералы — валарызацыю. Па-за дужкамі застаецца нешта істотнае. Ці можа нават — самае істотнае. Нешта з «Вогнішча і расповяда» Джорджыя Агамбена.
То першапачаткова мой Фулбрайтаўскі праект быў прысвечаны пошукам language of humanities (мовы гуманітарных ведаў). Гэтая кніга мусіла (рызыкавала?) стаць выключна тэарэтычнай. Але пасля серыі размоваў з калегамі ў Нью Ёркскім Хантэр Коледжы, я зразумеў, што лепшы шлях заявіць пра arts as a new language of humanities — не чытаць натацыі, але падаць прыклад.
Трэба было знайсці гісторыю — настолькі добра вядомую мне, што я з яе складаюся», — апісвае пісьменнік твае творчыя інтэнцыі.
Кніга выйшла ў оксфардскім выдавецтве Routledge.
У анатацыі выдання паведамляецца, што кніга прапануе аўтаэтнаграфічнае даследаванне ўзаемадзеяння мастацтва, памяці і жыццястойкасці ва Усходняй Еўропе, сплятаючы разам асабістыя і калектыўныя гісторыі беларусаў – тых, хто перажыў дзве сусветныя войны, і іх сучаснікаў, якія цяпер шукаюць выхад з палітычнага крызісу ў рэгіёне.
Можна набыць як папяровы варыянт кнігі, так і электронны. А прэзентаваць выданне пісьменнік будзе ў Вільні ў наступны чацвер.
Прэзентацыя (на ангельскай мове) кнігі Віктара Марціновіча «Belarus in Autoethnographic Narratives. The Art of Mercy Against Oblivion» адбудзецца ў Вільні 15 студзеня а 18:00.
Адрас: Crystal Lounge Imperial Hotel & Restaurant (Subačiaus g. 2–6, Vilnius).
Уваход вольны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram