У Беластоку адбыўся ўрачысты фінал Дэкламатарскага конкурсу да Дня роднай мовы

У Беластоцкім тэатры лялек адбыўся ўрачысты фінал юбілейнага, пятага Дэкламатарскага конкурсу, які аб’ядноўвае дзяцей, моладзь і дарослых з розных краін.

У фінале выступілі найлепшыя ўдзельнікі, адабраныя журы. Са сцэны Беластоцкага тэатра лялек прагучалі вершы і празаічныя ўрыўкі па-беларуску, а таксама паказалі мастацкія відэа, натхнёныя беларускай літаратурай.

Анатоль Вап і Павел Станкевіч. Скрын відэа.

Ад арганізатарў конкурсу – Фонда Tutaka і Цэнтру беларускай культуры ў Беластоку імпрэзу прывіталі Павел Станкевіч і Анатоль Вап, якія казалі, што мова гэта не проста інструмент камунікацыі, але і носьбіт ідэнтычнасці. «Усё менш людзей на Беласточчыне размаўляюць на мясцовых гаворках, таму важна, каб мова жыла ў паўсядзённым жыцці, а не толькі ў святочныя дні», — паведаміў дырэктар Цэнтра беларускай культуры Анатоль Вап.

Выступілі і прадстаўнікі мясцовых уладаў.

У склад журы ўвайшлі Аляксей Дзікавіцкі, Антон Ільін, Марыя Чыквін, Ганна Кандрацюк-Свярубская. З фіналістаў непасрэдна падчас урачыстага фіналу былі абраны пераможцы і прысуджаныя тры першыя месцы ў чатырох узроставых катэгорыях і за мастацкае відэа.

Журы выбірала пераможцаў, улічваючы высокую мастацкую каштоўнасць твораў і майстэрства выканання, тэхніку і выразнасць маўлення, а таксама агульную мастацкую экспрэсію. Цікава, як гэтыя якасці размеркаваліся паводле ўзросту. У самых малых пераважала экспрэсія, старэйшыя вельмі адказна падышлі да выбару твораў і звярталі ўвагу на майстэрства выканання.

Марыя К. Прыз глядацкіх сімпатый. Скрын відэа.

Канкурсанты чыталі і класіку, і вершы сучасных паэтаў: Андрэя Хадановіча, Ганны Севярынец, Юлі Цімафеевай. А таксама ўласныя вершы.

Таксама дадаўся прыз глядацкіх сімпатый, прычым не толькі ад гледачоў з залы, але і ад тых, хто галасаваў анлайн. Імпрэза транслявалася на юцьюб-канале Фонда Tutaka. Яго атрымала загадкавая дзяўчына ў масцы Марыя К., якая прачытала верш Уладзіміра Караткевіча «Кастусь Каліноўскі». Мастачка ўвайшла ў вобраз і нават, адпаведна з радкамі верша, апранула чорнае адзенне.

Ян Усціновіч. Скрын відэа.

Самыя малыя ўдзельнікі вылучаліся непасрэднасцю і эмацыйнасцю, першае месца атрымаў Ян Усціновіч з вершам Леаніда Пранчака «Піяніна». У катэгорыі ад 9 да 12 гадоў выйграў Леон Троц з вершам пра папугая. Сярод старэйшых вучняў першае месца атрымала Таіса Фіёнік за «Беларускую песню», прысвечаную Беласточчыне.

Леон Троц. Скрын відэа.

У старэйшай (дарослай) групе (18+) першае месца атрымаў Віктар Цыркуновіч за дэкламацыю верша «Двойчы забаронены, сасланы» Віктара Кузменкі. Верш — пра мяккі знак, забаронены афіцыйным правапісам у пісьмовай беларускай мове.

Віктар Цыркуновіч. Скрын відэа.

За мастацкае відэа першае месца атрымала Святлана Галіеўская.

Падляшскі маршалак узнагародзіў фіналістку Валянціну Вашчук за тое, што «сугучна з нашым менталітэтам» аўтарка расказала пра святую гару Грабарку і «беларускі падляшскі космас» ва ўласным вершы «Спатканне». Яна піша вершы па-беларуску, «па-свойму» і па-польску.

Таіса Фіёнік. Скрын відэа.

Падчас галасавання журы гледачы глядзелі спектакль «Brydkie kačenia» («Брыдкае качаня») у выкананні Тэатра Czrevo.‬ Гэта гісторыя пра сталенне, інакшасць і патрэбу ў прыняцці, пагружаная ў мясцовую культуру, фальклор і жывую музыку.

Мадэратарка Крысціна Дробыш. Скрын відэа.

Мадэравала імпрэзу дыктарка, выдаўца аўдыякніг, прафесійная актрыса тэатра і кіно Крысціна Дробыш.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!