У польскім Тыкоціне прайшла прэм’ера спектакля пра бежанцаў у часы Першай сусветнай вайны

Спектакль «Бежанцы 1915» паказалі ў польскім горадзе Тыкоцін на Беласточчыне. Яго рэалізавала беларуская тэатральная ініцыятыва BY TEATR, рэжысёрам стаў Андрэй Новік.

Спектакль паўстаў на аснове кніжкі Анэты Прымака-Онішк «Бежанства 1915 года: забытыя ўцекачы». Кніга была надрукавана на польскай мове ў 2016-м, а ў 2019 годзе выйшаў яе пераклад на беларускую.

Кніга закранае прыватныя гісторыі масавага перасялення жыхароў, у асноўным праваслаўнага веравызнання, з заходніх губерняў Расійскай імперыі ўглыб Расіі пасля прарыву фронту нямецкай арміяй у перыяд з 3 мая па верасень 1915 года.

Сцэна са спектакля «Бежанцы 1915». Фота: racyja

Перад прыходам нямецкага войска па вёсках і самі сабой, і мэтанакіравана сталі пашырацца самыя неверагодныя чут­кі пра тое, што германцы нібыта паводзяць сябе зусім бесчалавечна, а таму адзі­нае вый­сце — ратавацца ўцёкамі. З этнічна беларускіх Беласточ­чы­ны ды Гарадзеншчыны выехалі ў асобных раёнах да 80% насельніцтва — каля 2 мільёнаў чалавек. Яны ехалі ў спякоце, часта без ежы і вады, шмат перасяленцаў памерла. Тыя, хто выжыў, расцерушыліся па ўсёй Расіі, аднак калі ў Расіі адбылася рэвалюцыя, а за ёй — крывавая грамадзянская вайна, бежанцы вярнуліся на сваю новую радзіму, якая цяпер называлася Польшчай.

Сцэна са спектакля «Бежанцы 1915». Фота: racyja

Сама аўтарка кнігі – беларуска з Падляшша. «Беларуская культура сапраўды ў такой жа меры мая, як і польская», — расказвала яна ў інтэрвю выданню Сulture.pl.

Яна пачынала пісаць «Бежанцаў» у 2012 годзе, і ёй здавалася, што яна займаецца гістарычнай тэмай, мінулым. «Што вайна — гэта ўжо не пра нас. Сапраўды, дзесьці на Блізкім Усходзе ўсё яшчэ працягваюцца баі, але мы, у Еўропе, з войнамі ўжо скончылі. Тое, што адбылося ў 1990-я гады на Балканах, было ўсяго толькі выпадковым непаразуменнем. Я вельмі хацела жыць у такой «бурбалцы». Усе мы хацелі», — расказвала аўтарка праз пяць гадоў пасля выдання кнігі.

Сцэна са спектакля «Бежанцы 1915». Фота: racyja

Зараз, пасля спектакля, у інтэрвю «Радыё Рацыя» Анэта Прымака-Онішк сказала, што тэма бежанства стала надзвычай актуальнай. Бежанства адбываецца і з Беларусі, і з Украіны, бежанцы знаходзяцца на мяжы Польшчы.

Збіраючы гісторыі для сваёй кнігі, аўтарка запісвала найперш прыватныя, жыццёвыя гісторыі, без прыметнікаў накшталт «гераічная» або «самаадданая». Яна перакананая, што мы недаацэньваем гісторыю штодзённасці, у тым ліку гісторыю жанчын, хоць звычайна менавіта яна вызначала наша выжыванне. Нас навучылі, што яна падыходзіць толькі для «жаночай літаратуры», але ніяк не для «асноўнай». Некаторыя з гэтых «жыццёвых» гісторый па-сапраўднаму шакавальныя.

Сцэна са спектакля «Бежанцы 1915». Фота: racyja

«Збіраючы матэрыялы, я знаходзіла страшныя сведчанні вайны, напрыклад гісторыі, калі ўцекачы ідуць па Палессі, — расказвала аўтарка ў інтэрвю Сulture.pl. — Лютуе тыф, многія паміраюць. Маці з немаўлятамі, у якіх астатнія члены сям’і зніклі або памерлі, захварэўшы, сутаргава пачынаюць шукаць каго-небудзь, хто мог бы паклапаціцца аб іх дзецях. Але хто стане займацца чужым дзіцем, калі трэба змагацца за жыццё ўласнага? Таму жанчыны, сабраўшы апошнія сілы, топяць сваіх дзяцей, каб тыя потым не паміралі павольнай пакутлівай смерцю побач з іх целамі».

На напісанне аўтарку натхніла гісторыя бабулі Надзеі Прымакі. Яе аповед стаў адпраўной кропкай для напісання «Бежанцаў». У Расіі яе бабуля страціла маці і брата, выйшла замуж і нарадзіла першае дзіця. На радзіму яна вярталася з грудной дачкой. Дзіця жудасна плакала. Салдаты, што канваіравалі цягнік, былі перакананыя, што ў дзяўчынкі тыф, і хацелі яе забраць, каб яна не распаўсюджвала заразу. Бабуля дачкі не аддала, хоць салдаты пагражалі высадзіць іх абедзвюх з цягніка. Калі б яны зрабілі гэта, бабуля не вярнулася б дадому і незразумела, які лёс чакаў бы яе. Праз упартасць бабулі салдаты перадумалі. Яе дачка перажыла бежанства і дажыла да дзевяноста пяці гадоў.

«Вопыт таго часу быў настолькі моцным, што сфармаваў цэлыя пакаленні і да сённяшняга дня ўплывае на падляскую рэальнасць», — мяркуе аўтарка кнігі.

Спектакль быў складзены па прынцыпе пэчворку: акторы самі выбіралі з кнігі прыватныя гісторыі, якія іх кранулі. Аўтар сцэнарыя Раман Паўлоўскі-Фельберг патлумачыў, што стваральнікі спектакля імкнуліся стварыць універсальную гісторыю пра кабету і мужчыну, пра дзяцей і сям’ю, якую выслалі са свайго роднага кутка, са свайго звыклага жыцця ў малой айчыне, і прымусілі выехаць у эміграцыю ў невядомы край, якія мае іншыя пахі, смакі і мову. А пасля рэвалюцыі яны вярнуліся на радзіму і зноў сутыкнуліся з сітуацыяй выключэння, бо апынуліся ў іншай краіне – Польшчы.

«Гэтая гісторыя — не толькі пра 1915 год. Гэта — пра нас. Пра тое, як страціць дом, але не страціць голас», — пішуць у анатацыі да спектакля. Восенню спектакль абяцаюць паказаць у Варшаве.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!