Больш за 70 кінематаграфістаў з амаль 20 гарадоў, уключаючы Апаву, Беласток, Берлін, Варшаву, Вільню, Гданьск, Кіеў, Кракаў, Лодзь, Любляну, Паўлаград, Познань, Прагу, Рыгу, Стамбул, Тбілісі і Хайфу, прымуць удзел у першым нефармальным з’езде беларускіх фільммейкераў, які пройдзе ў Варшаве 18 – 20 жніўня.
Аргкамітэт падзеі — Belarusian Filmmakers’ Network (BFN) — паведаміў пра вынікі прыёму заявак на з’езд, які адбудзецца ў фармаце «антыканферэнцыі», — фармаце, у якім арганізатары і ўдзельнікі выступаюць на роўных — ствараючы праграму форуму разам.
«BFN атрымала 121 заяўку з прапановамі па мерапрыемствах праграмы. Сярод іх – тэмы для дыскусій, правядзенне майстар-класаў, паказ кароткаметражных стужак i праектаў у рабоце. «Антыканферэнцыя» BFN абяцае стаць найбуйнейшым форумам з часоў апошняга паўнавартаснага міжнароднага фестывалю Лістапад-2019″, — адзначаюць арганізатары форуму.
Кіраўнік праекта, прадзюсар Леанід Каліценя паведаміў, што колькасць заявак значна перавысіла чаканні арганізатараў.
«Аргкамітэту прыйшлося прымаць складаныя рашэнні. На жаль, пэўнай колькасці ўдзельнікаў мы былі вымушаныя адмовіць. Тым не менш мы разумеем, наколькi важна для нашай агульнай будучыні ў прафесіі меркаванне кожнага натхнёнага актара кінаіндустрыі, таму мы максімальна эканомна пераразмеркавалі бюджэт праекта і знайшлі магчымасць павялічыць запланаваную колькасць удзельнікаў”, — падкрэсліў ён.
Belarusian Filmmakers’ Network (BFN) – нефармальная ініцыятыва, накіраваная на развіццё беларускага незалежнага кіно і ўключэнне айчынных аўтараў у глабальны індустрыяльны кантэкст. У даробку асацыяцыі — прадзюсіраванне і прамоцыя незалежных беларускіх фільммейкераў на міжнародных кінафестывалях — у тым ліку, Берлінскім кінафестывалі і Міжнародным фестывалі анімацыі ў Ансі.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: