«У першай серыі яны сустракаюцца, каб заняцца свінгерствам»: рэжысёр серыяла «Працэсы» Андрэй Кашперскі — пра свой новы праект і цану свабоды

Главное
Фота: Вікторыя Адамава.

Рэжысёр «Працэсаў» Андрэй Кашперскі распачаў новы праект — серыял «Свінгеры». На тыдні ў Варшаве былі завершаны здымкі пілотнай серыі міжнароднага праекта, і як кажа Андрэй, працяг будзе.

Reform.news распытаў беларускага кінематаграфіста, адкуль грошы на новы пілот, як змянілася жыццё рэжысёра пасля «белсатаўскага» серыяла, і ці можа смех залячыць траўмы беларусаў.

Свінгеры international

Андрэй, віншую з пачаткам працы над новым праектам. У часы ў каторы раз абмежаваных рэсурсаў радуе, што хтосьці запускае новы серыял. Мяркую, што агучу пытанні шмат каго ў медыйным і кінаполі, выбачай: адкуль у вас грошы?

— Насамрэч мы таксама не купаемся ў грантах і ўвесь час падаем заяўкі, удзельнічаем у пітчынгах, пішам лісты — і атрымліваем на пошту шмат адмоваў. Але ў выпадку новага праекта — серыяла «Свінгеры» — нам нечакана пашанцавала. Мы атрымалі дапамогу ад няпрофільнага інвестара, бізнесмена, які не звязаны з кіно. Ён прафінансаваў нам пілотны эпізод нашага серыяла.

«У першай серыі яны сустракаюцца, каб заняцца свінгерствам»: рэжысёр серыяла «Працэсы» Андрэй Кашперскі — пра свой новы праект і цану свабоды
Падчас здымак пілотнай серыі «Свінгераў». Злева направа: Валянціна Гарцуева, Андрэй Кашперскі, Максім Шышко, Кацярына Жалудок, Аляксандр Церахаў. Фота: Ксенія Гайдук.

Здорава. Распавядзі, калі ласка, пра праект. Ён падобны на «Працэсы»?

— Мы напісалі сцэнар з Мішам Зуем, і магу сказаць, што «Свінгеры» — гэта нешта абсалютна іншае ад «Працэсаў». Гэта апалітычны камедыйны серыял.

Галоўныя героі ў ім — шасцёра малазнаёмых людзей прыблізна 40 гадоў. У першай серыі яны сустракаюцца ў бары ў Варшаве, каб дамоціца заняцца свінгерствам. Але — спойлер! — у іх нічога не атрымаецца, бо яны дарослыя людзі са сваімі бытавымі праблемамі. Камусьці з іх трэба адвесці дзяцей у школу, у кагосьці — баляць суставы, хтосьці забыўся пра тэрміновы працоўны званок і гэтак далей. Гэты серыял — уласна, пра тое, як дарослыя бытавыя праблемы забіваюць нашы мары.

З кім ты робіш праект?

— Хачу заўважыць, што праект міжнародны, і ў першай серыі персанажы гавораць на чатырох мовах: ангельскай, рускай, беларускай і польскай. Мы пастараліся перадаць тыповыя моўныя сітуацыі ў Еўропе, калі за адну гутарку ты можаш размаўляць на розных мовах, пераключаючыся кожную хвіліну.

«У першай серыі яны сустракаюцца, каб заняцца свінгерствам»: рэжысёр серыяла «Працэсы» Андрэй Кашперскі — пра свой новы праект і цану свабоды
Промаматэрыялы праекта. На постары: Максім Шышко, Вольга Калакольцава, Дуглас Эмары, Валянціна Гарцуева, Кацярына Жалудок, Аляксандр Церахаў.

То-бок, свінгеры ў вас будуць international?

— Менавіта так. У другім эпізодзе па сцэнары з’явіцца персанаж Луі з Гішпаніі — ён будзе размаўляць па-гішпанску. Але я забягаю наперад.

У пілоце здымаліся: Валянціна Гарцуева, Вольга Калакольцава, Максім Шышко, Кацярына Жалудок, Аляксандр Церахаў. Але таксама ёсць і амерыканскі хлопец — Дуглас Эмары. Мы з ім размаўляем выключна па-англійску.

Працую са сваёй камандай з папярэдніх праектаў: аператарам Ягорам Яфімавым, мастаком Аляксандрам Адамавым. Прадзюсар карціны — беларус Давід Петрасян.

Заўважу, што сродкі ў нас былі толькі на пілот, а зараз будзем далей шукаць інвестара. Хацелася б зрабіць дзесяць серый. Кожная серыя — 15 хвілін.

«У першай серыі яны сустракаюцца, каб заняцца свінгерствам»: рэжысёр серыяла «Працэсы» Андрэй Кашперскі — пра свой новы праект і цану свабоды
Каманда праекта «Свінгераў». Фота: Вікторыя Адамава.

«Напэўна, хацелі павіншаваць іх з Новым годам»

Андрэй, пайду пратаптанай сцяжынай, задаўшы даволі распаўсюджанае пытанне пра тое, як выхад серыяла «Працэсы» паўплываў на ваш творчы шлях. Як кінематаграфісты вы з Мішам Зуем, падаецца, перайшлі ў новы статус. Серыял у падобнай стылістыцы — трагікамічнай антыўтопіі, даволі рэдкі, калі не адзіны прыклад у гісторыі белкіно. Ці змянілася ваша жыццё пасля «Працэсаў»?

— Я бы сказаў так, што пасля «Працэсаў» у нас з’явіліся сябры і аднадумцы, якія сталі дапамагаць у нашых творчых пошуках тут, у замежжы. А таксама і «сябры», якія сталі наведвацца да нашых бацькоў у Беларусі. Я маю на ўвазе людзей з КДБ і міліцыі, якія хацелі так зрабіць нам прыемнае, што прыйшлі да маіх бацькоў 31 снежня і 1 студзеня гэтага года ў госці. Напэўна, хацелі павіншаваць з Новым годам.

Праз пэўны час мне нават захацелася напісаць нешта з гэтай нагоды. З’явілася ідэя сюжэта ў кіно.

Спачуваю. Вас таксама аб’явілі і ў вышук у Расіі.

— Я магу на гэта адказаць, што ў бліжэйшы час у Расію ехаць і не збіраўся (усміхаецца).

Як можам бачыць, жыццё змянілася як у лепшы, так і не зусім бок.

Што да творчага развіцця, мяркую, што пасля «Працэсаў» з’явілася адчуванне таго, што ты можаш больш. Я стаў больш вольным у сваіх праектах, стаў больш пісаць. І гэта пачуццё мне падабаецца.

«У першай серыі яны сустракаюцца, каб заняцца свінгерствам»: рэжысёр серыяла «Працэсы» Андрэй Кашперскі — пра свой новы праект і цану свабоды
Падчас здымак пілотнай серыі «Свінгераў». Фота: Ксенія Гайдук.

 А ці стала вам прасцей шукаць сродкі на фінансаванне кіно? Многія людзі мяркуюць, што паспяховы праект адкрывае шматлікія дзверы.

— У гэтым плане прасцей на стала. Мы рэгулярна пішам заяўкі ў розныя еўрапейскія фонды, еўрапейскім і амерыканскім прадзюсарам. Шмат галасоў з’явілася апошнім часам, што як беларусы мы нікому не патрэбныя, нашы праекты і ідэі ніхто глядзець і слухаць не будзе. Але мяне гэта не спыняе. Лічу, што ў апошнія гады здымаецца шмат фільмаў пра эмігрантаў, актуальная зараз і тэма аўтакратыі і таталітарызму. І гэтыя тэмы мне блізкія.

Прывяду прыклады. Паглядзім на апошні «Оскар». Там былі адзначаны стужкі «Анора» Шона Бэйкера і «Бруталіст» Брэдзі Корбе з Эдрыянам Броўдзі, якія закранаюць тэму эміграцыі прама ці ўскосна. Ды новы «Супермен» у пэўным сэнсе можна назваць фільмам пра эмігрантаў. Тэмы дыктатуры падымаюцца ў «Семя свяшчэннага інжыру» Махамада Расулофа, бразільскай карціне «Я ўсё яшчэ тут» Уолтэра Салеса, а гэтыя карціны намінаваліся на «Оскар». Таму, я думаю, не варта недаацэньваць уласныя ідэі і праекты.

«У першай серыі яны сустракаюцца, каб заняцца свінгерствам»: рэжысёр серыяла «Працэсы» Андрэй Кашперскі — пра свой новы праект і цану свабоды
Падчас здымак пілотнай серыі «Свінгераў». Фота: Ксенія Гайдук.

«Прывіды, забойствы, кроў і самая страшнае — бюракратыя»

Нядаўна на фестывалі ў Барселоне быў паказаны ваш кароткаметражны фільм «Суд мёртвых» з Зояй Белахвосцік у галоўнай ролі. Пра гэты праект вы раней распавядалі ў прэсе. (Калі не памыляюся, у стужцы акурат падымаецца праблема антыправавых законаў у аўтакратычнай дзяржаве). Што зараз сталася з фільмам, ці прыцярпеў ён змены? 

— Фільм зроблены, і зараз мы адпраўляем яго на фестывалі.

І так, у кароткаметражнай стужцы мы звяртаемся і абыгрываем закон, прыняты ў Беларусі ў 2023 годзе, згодна з якім можна судзіць мёртвых. Зоя Белахвосцік іграе ў фільме суддзю Аляксандру Драгун, якая судзіць нежывых людзей з цалкам празаічнай мэтай — каб канфіскаваць у іх нерухомасць. Далей у стужцы мёртвыя паўстаюць, і пайшло-паехала: прывіды, забойствы, кроў і самая страшнае — бюракратыя.

Па сутнасці, у гэтым праекце мы задаліся пытаннем: што больш містычнае і страшнае — прывіды ці беларускае правасуддзе?

Тут ужо адчуваю інтанацыю «Працэсаў».

— Пэўны вайб «Працэсаў» там будзе, але калі шукаць такія колеравыя асацыяцыі, то «Працэсы» былі такімі «халоднымі» і сінімі, а вось «Суд мёртвых» — «цёплы» і жоўты. Фільм больш жанравы, эмацыйны, вясёлы. Мы хацелі б развіць гэты праект у поўны метр, пішам ужо трэці драфт сцэнара.

У поўнаметражнай версіі ў нас будзе іншая гераіня, спадзяемся, што яе будзе іграць Валянціна Гарцуева. Яна па сюжэце будзе далей змагацца з мёртвымі за дзяржаўную маёмасць.

«У першай серыі яны сустракаюцца, каб заняцца свінгерствам»: рэжысёр серыяла «Працэсы» Андрэй Кашперскі — пра свой новы праект і цану свабоды
Падчас здымак кароткаметражнай карціны «Суд мёртвых». Галоўную ролю ў стужцы выконвае Зоя Белахвосцік. Фота: Вікторыя Адамава.

Вам удалося трапіць у Барселону? Цікава, як успрыняў карціну іспанскі глядач?

— На жаль, мы не прысутнічалі на фестывалі. Таму не магу адказаць на тваё пытанне. Але «Суд мёртвых» узялі яшчэ на некалькі міжнародных фэстаў — і ў жніўні ён будзе паказаны ў Мексіцы. Праўда, мы зноў не паедзем на імпрэзу, бо гэта надта далёка. Але маю спадзеў, што наш фільм пакажуць на фестывалі Prix Italia, і можа быць туды мы ўсё ж такі дабярэмся.

Калі ўбачыць стужку беларускі глядач?

— Мяркую, што толькі напрыканцы года. Спадзяемся, што ўвосень можна будзе паглядзець карціну ў Варшаве, але пра ўсе паказы я паведамлю ў сябе ў Інстаграме. Такія законы індустрыі, што фестывальная гісторыя дапамагае фільму, таму YouTube-прэм’ера будзе яшчэ не хутка.

«У першай серыі яны сустракаюцца, каб заняцца свінгерствам»: рэжысёр серыяла «Працэсы» Андрэй Кашперскі — пра свой новы праект і цану свабоды
Падчас здымак кароткаметражнай карціны «Суд мёртвых». Фота: Вікторыя Адамава.

«Смех можа быць розны»

Андрэй, як ты лічыш, ці хопіць моцы адно смеху, каб беларусы перажылі свае траўмы? 

— Хм. Разумею, што часам «чорны гумар» для кагосьці не дае палёгку. Але мне асабіста смех дапамагае. Нават у такой сітуацыі, калі павіншаваць тваіх бацькоў прыходзяць людзі ў пагонах.

Хтосьці лічыць тыя ж «Працэсы» надта цынічнымі.

— Для мяне смех з’яўляецца магутным інструментам. Гэта мастацкі інструмент. Але не думаю, што выбіраю яго неяк спецыяльна. Мне здаецца, гэта ў мяне такая прыродная дэталь характару. Або набытая ў юнацтве, не ведаю.

А што застаецца рабіць, калі не смяяцца? Нагадаю, што я «беларускі кінарэжысёр», а гэта ўжо аксюмарон! Тое, што мяне ў большай ступені вызначае, гучыць як нешта зусім іранічнае і неіснуючае. Таму смех — гэта спосаб існавання. Нават такі злосны і цынічны, як у «Працэсах».

«У першай серыі яны сустракаюцца, каб заняцца свінгерствам»: рэжысёр серыяла «Працэсы» Андрэй Кашперскі — пра свой новы праект і цану свабоды
Кадр з фільма «Суд мёртвых».

І хачу нагадаць, што смех можа быць розным.

Напрыклад, калі вам не даспадобы абсурд «Працэсаў», ёсць нашы шаноўныя «ЧынЧыны». На жаль, з-за палітыкі Трампа ў нас абрэзалася фінансаванне на новы вялікі серыял «ЧынЧыны ў космасе». Але засталіся ж іншыя праекты — тыя ж «ЧынЧыны ў мундзірах», на мой погляд, вельмі недаацэненыя. Мы там падымаем даволі складаную тэму — мілітарысцкай свядомасці — у лёгкім фармаце.

А калі хтосьці зусім не любіць ЧынЧынаў, то ўсё роўна раю паглядзець апошні праект. Бо ў «ЧынЧынах у мундзіры» ў канцы кожнага эпізоду героі бясслаўна гінуць. Можа быць, для кагосьці тое будзе кшталту тэрапіі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости