25 сакавіка, у Ратэрдаме падчас фестывалю Rotterdam Photo 2026 адкрываецца фотавыстава «Карта ўспамінаў» — праект Паўла Крычко пра палітычныя ўзрушэнні ў Беларусі
Праект прысвечаны працягламу беларускаму крызісу і з’яўляецца спробай паказаць выклікі, з якімі беларусы сутыкаюцца як на радзіме, так і ў выгнанні.
Праз партрэты і сцэны паўсядзённага жыцця аўтар даследуе наступствы 2020 года ў Беларусі, вывучаючы нацыю, якая апынулася ў стане нявызначанасці.

«У той час, як ўвага ўсяго свету засяроджана на вайне ва Украіне, расійскай агрэсіі і зменах у палітыцы ЗША, краіна, якая апынулася ў аўтарытарным тупіку, часта застаецца незаўважанай. Беларусь па-ранейшаму знаходзіцца пад пастаянным ціскам з боку Масквы, адчуваючы наступствы амаль трыццацігадовай эпохі кіравання Лукашэнка, — піша аўтар праекта.
Наступствы фальсіфікаваных выбараў 2020 года і разгрому дэмакратычнага руху ўсё яшчэ працягваюцца: рэпрэсіі доўжацца, супольнасці выгнаннікаў растуць, а былыя палітычныя зняволеныя сутыкаюцца з пастаяннай нявызначанасцю. Мой праект дакументуе гэтыя нявырашаныя наступствы, прасочваючы перамяшчэнне, супраціў і нацыю, якая завісла паміж мінулым і будучыняй. Ён паказвае, што жыццё пасля дзяржаўнага кантролю не завяршаецца, калі людзі перасякаюць мяжу, а працягвае фармаваць цела, адносіны і ідэнтычнасць у выгнанні. Я частка гэтай гісторыі. Гэта маё жыццё і вопыт таксама. Мая фатаграфія — гэта не толькі дакументаванне; гэта спроба зразумець, што значыць быць беларусам, калі Радзіма становіцца хутчэй успамінам, чым месцам.
Беларускі досвед паказвае і папярэджвае, што рэпрэсіі, эміграцыя і знікненне грамадзянскай супольнасці — гэта не проста нацыянальная трагедыя, але і частка глабальнай барацьбы за дэмакратыю ў свеце, дзе аўтарытарызм зноў уздымаецца».

28 сакавіка ў 14.45 адбудзецца artist talk з фатографам Пашам Крычко. Выстава будзе працаваць да 29 сакавіка.
Вялікую гутарку з Пашам Крычко можна прачытаць тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

