Фота: archives.gov.by
11 верасня ў гістарычным музеі ў Мінску адкрылася выстава «Песня — душа народа», падрыхтаванага архівам-музеем літаратуры і мастацтва і архівам кінафотафонадакументаў.
Назву выставе далі словы «Песня – гэта душа народа, яго жывая гісторыя», якія належаць харавому дырыжору, кампазітару і вядомаму фалькларысту Рыгору Шырме, заснавальніку акадэмічнай харавой капэлы. Праект прымеркаваны да 85-годдзя капэлы.
На працягу ўсяго жыцця Шырма займаўся даследаваннем фальклору. Ён з‘яўляецца аўтарам запісаў, гарманізацый, музычнага афармлення і публікацыі больш за 5000 беларускіх народных песень, артыкулаў і даследаванняў па пытаннях беларускага мастацтва і фальклору.
З 1922 года вёў вялікую культурна-асветніцкую дзейнасць у Заходняй Беларусі, выступаў з лекцыямі, артыкуламі, выдаваў зборнікі твораў беларускіх паэтаў. Ён выдаў для школьных і самадзейных хораў зборнікі «Беларускія народныя песні» (1929) і «Наша песня» (1938). У 1927 годзе выпусціў зборнік вершаў «Шум баравы», а ў 1936 годзе — «З сялянскіх ніў» папулярнага ў Заходняй Беларусі паэта Міхася Васілька.
Выдаў першы зборнік Максіма Танка «На этапах» (1936), а затым два наступныя зборнікі «Журавінавы цвет» (1937) і «Пад мачтай» (1938). Прапагандаваў творчасць сваіх вучняў-гімназістаў Алеся Салагуба і Валянціна Таўлая, выдаваў таксама кнігі Сяргея Крыўца. З 1927-га быў адным з кіраўнікоў культурна-асветніцкай заходне-беларускай арганізацыяй Таварыства беларускай школы аж да яе забароны польскімі ўладамі ў канцы 1936 года. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР працягваў збіраць і апрацоўваць народныя песні, стаў дырыжорам і кіраўніком Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца (з 1955 года – Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР).
Выстава складаецца з інфармацыйнай і прадметнай частак — асабістых рэчаў, фатаграфій і дакументаў. На планшэтах размешчаны QR-коды, дзякуючы якім наведвальнікі змогуць праслухаць запісы выступленняў капэлы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram