У музыкаў гурта Irdorath Надзеі і Уладзіміра Калачоў нарадзіўся сын

У сям’і заснавальнікаў беларускага фэнтэзі-фолк гурта Irdorath Надзеі і Уладзіміра Калачоў нарадзіўся сын. Хлопчыка назвалі Ян Ірдарат Калач.

«12 ліпеня 2026 года пад сонцам сярэдзіны лета ў гэты свет уварваўся маленькі цмок, каб зрабіць яго лепшым. Знаёмцеся: Ян Ірдарат Калач», — такім паведамленнем шчаслівыя бацькі падзяліліся ў сваіх сацсетках.

Гэтая навіна нагадала пра сэнс творчай паўзы, пра якую гурт абвясціў раней. Вясной 2026 года Irdorath выпусціў свой знакавы альбом і кнігу «Bestiarium» (Бестыярый), заснаваны на айчыннай міфалогіі. Значная частка гэтага матэрыялу стваралася музыкамі яшчэ ў зняволенні.

Прэзентуючы гэтую працу, Надзея і Уладзімір адразу папярэдзілі прыхільнікаў: серыя веснавых канцэртаў у Польшчы, Германіі і Чэхіі будзе адзінай магчымасцю ўбачыць гурт на сцэне бліжэйшым часам. Музыкі адкрыта падзяліліся, што чакаюць на нараджэнне дзіцяці, таму пасля туру Irdorath бярэ вялікую паўзу ў выступах як мінімум да 2027 года. І вось, доўгачаканы момант настаў.

Надзея і Уладзімір стаялі ў вытоках стварэння Irdorath у Гродне, прайшоўшы шлях ад вулічных выступаў да буйных еўрапейскіх фестываляў. Іх фолк-музыка з выкарыстаннем дудаў, ліры, бузукі і магутных барабанаў, у спалучэнні з яркімі тэатральнымі шоў, заваявала прыхільнікаў і па-за межамі Беларусі.

Гісторыя Калачоў — гэта гісторыя і неверагоднай моцы духу. Затрыманыя ў жніўні 2021 года за выкананне на дудах песен падчас пратэстаў 2020-га, музыкі былі пакараныя двума гадамі калоніі і правялі за кратамі амаль два гады. Выйшаўшы на волю ў красавіку 2023 года пасля поўнага адбыцця тэрміну, яны былі вымушаныя тэрмінова пакінуць Беларусь.

За мяжой Irdorath паспяхова аднавіў творчую дзейнасць. Зараз музыкі жывуць у Берліне.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!