«Летуцень» 2025. Фота: facebook.com/picnic.letucien
1 жніўня ў кракаўскім парку Jordana адбудзецца беларускі фестываль «Летуцень».
Чакаюцца музычныя выступы, кірмаш майстроў, адукацыйныя і дзіцячыя актыўнасці, фудкорт і сустрэчы беларускай супольнасці.
Сёлета на фестывалі будуць працаваць тры музычныя сцэны.
На галоўнай сцэне выступяць Prypiac, Atesta, Разбітае Сэрца Пацана, Nochy, Сам Шазам і галоўны хэдлайнер фестывалю — AP$ENT, чые песні ўжо некалькі гадоў узначальваюць чарты i збіраюць мільёны праслухоўванняў.
Этна-сцэна — гэта месца, дзе можна не толькі паслухаць беларускую музыку, але і стаць яе часткай. Сёлета тут прагучаць выступы Стэфана Арызанава, гуртоў «Лялея» і Dusza Music, адбудзецца прэзентацыя «Купальскага спеўніка», майстар-клас па традыцыйных спевах з Вольгай Барышнікавай, майстар-клас па беларускіх танцах ад Dusza Dance і Прыпевачны батл, дзе ўсе разам будуць спяваць беларускія прыпеўкі.
Электронная сцэна збярэ аматараў жывой электронікі, басовай музыкі і эксперыментальных сэтаў. Свае выступы прадставяць Dub Hiker, T-Trider, Lil Yury, Korrrnej, Ana Zhdanova і Papa Bo Selektah.
На тэрыторыі фестывалю будуць працаваць дзіцячая, адукацыйная, псіхалагічная і спартыўная пляцоўкі, зона майстар-класаў, а таксама прастора беларускіх грамадскіх арганізацый.
На кірмашы свае працы прадставяць больш за 40 беларускіх рамеснікаў, мастакоў і лакальных брэндаў, а беларускія фуд-праекты прапануюць традыцыйныя і сучасныя стравы нацыянальнай кухні.
Свята пачнецца яшчэ да галоўнага дня фестывалю.
29 ліпеня — анлайн-лекцыя Мікіты Моніча «Беларускія мастакі ад ХІІ да ХХІ стагоддзя».
30 ліпеня — вечар літаратуры і спеваў «ЛЕТУТЭКСТ».
31 ліпеня — «Дыяфільм Live», дзе старыя дыяфільмы ажывуць дзякуючы жывой агучцы акцёраў і музыкаў.
***
«Летуцень» — незалежны фестываль беларускай культуры, які ўжо сёмы год арганізуе каманда валанцёраў. Сёлета праект атрымаў падтрымку Еўрапейскага Саюза, аднак гэтая дапамога не пакрывае ўсіх выдаткаў на арганізацыю. Уваход на фестываль застаецца вольным.
Арганізатары запрашаюць падтрымаць праект данатам або далучыцца да валанцёрскай каманды.
Далучыцца да валанцёраў можна тут.
А тут можна падтрымаць фестываль.
Час і месца імпрэзы: 1 жніўня 2026 года, 11:00, Кракаў, парк Jordana,
Уваход: вольны
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram