У музеі-запаведніку «Заслаўе» адкрылася часовая экспазіцыя да 1040-х угодак першай згадкі горада. Выстава «Стратыграфія Заслаўя» дэманструе заслаўскія артэфакты, што захоўваюцца ў музейных фондах запаведніка і Музея Гістарычнага факультэта Бедзяржуніверсітэта. А таксама паказваюць паверхневыя зборы і выпадковыя знаходкі, што супрацоўнікі Запаведніка збіралі падчас сёлетніх земляных работ у горадзе, ратуючы іх ад каўша экскаватара.

Хоць у аснове гэтай выставы — археалагічныя помнікі Заслаўя і яго ваколіц, аднак арганізатары прапануюць больш шырокі кантэкст і праз старажытныя артэфакты распавядаюць пра жыццё старадаўняга горада — пра тутэйшыя курганныя групы, гарадзішча Замачак і старадаўні заслаўскі замак з палацам, Кальвінскім зборам і вялікай замкавай брамай, пра колішні гарадскі пасад — пра Старое места…
Заслаўе ўпершыню згадваецца ў Аповесці мінулых часоў пад 985 годам. Тады ўзнікла фартэцыя, зараз там гарадзішча Замачак на Кладачках. Пазней з’явілася Старое места з замкавым дзядзінцам і пасадам — там, дзе Рынкавая плошча, касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ды былы Кальвінскі збор.
Ад тысячагадовай гісторыі Заслаўя на паверхні зямлі мала чаго засталося. Самае заўважнае — дзве бажніцы-камяніцы, пагоркі вуліц і лагчыны ўздоўж рэчак… «Збольшага памяць пра старажытнае Заслаўе — у зямлі. Курганы ды гарадзішчы, валы-замак з пасадам ды селішчы, сярэднявечная фартэцыя Замачак ды палац Глябовічаў, збудаваны ўжо ў Новы час — усё гэта мы можам толькі ўявіць, заплюшчыўшы вочы. Альбо паглядзець на матэрыялы раскопак», — паведамляе анатацыя выставы.
У Заслаўі археалагічныя раскопкі праводзілі Канстанты Тышкевіч, Аляксандр Ляўданскі, Эдуард Загарульскі, Георгій Штыхаў, Алег Трусаў, Юрый Заяц, Іван Спірын. Нават мастак Язэп Драздовіч спрычыніўся да даследаванняў заслаўскай даўніны.
Не ўсе матэрыялы тых даследаванняў дайшлі да нашага часу, збольшага толькі паваенныя, яны захоўваюцца ў розных месцах.
Выстава «Стратыграфія Заслаўя» будзе працаваць у Гісторыка-культурным Музеі-запаведніку да 28 верасня.