У Музеі Вольнай Беларусі сёння, 8 сакавіка, пачынае працу новая выстава «Кропка ўваходу: справа жанчын» — пра жаночы досвед супраціву, пра свабоду і пра цану, якую жанчыны плацяць за права быць суб’ектнымі ў аўтарытарнай сістэме. Праект падрыхтаваны Музеем Вольнай Беларусі ў супрацоўніцтве з аб’яднаннем жанчын-палітзняволеных «Побач».
Праз адзенне і асабістыя рэчы беларусак экспазіцыя адкрывае гісторыі супраціву, страты, уразлівасці і сілы.
«Гэтыя ўбранні — не проста тканіна, рэч. Яны сталі сведкамі. Яны захавалі дотык страху і рашучасці, холад камеры і цяпло салідарнасці. Яны распавядаюць пра жанчын, якія адстойвалі і адстойваюць годнасць — на вуліцы, у судзе, за кратамі і на волі», — адзначае Музей Вольнай Беларусі.
Выстава пабудавана як прастора асабістых гісторый, дзе адзенне і рэчы становяцца мовай — мовай сведчання, болю, годнасці і сілы. Кожны экспанат — матэрыяльны доказ дзяржаўнага гвалту і адначасова доказ стойкасці.
Упершыню публіцы прадстаўлены новыя артэфакты:
- камплект турэмнай вопраткі Паліны Шарэнды-Панасюк;
- асабістыя рэчы ваяркі Машы Зайцавай, якая загінула ва Украіне;
- артэфакт Марыны Ментусавай;
- рэчы Марыі Калеснікавай;
- а таксама іншыя жаночыя прадметы, якія адлюстроўваюць маштаб супраціву.
Асобны раздзел прысвечаны турэмнаму досведу палітычных зняволеных жанчын. Тут — сцёртыя цяжкія турэмныя боты, у якіх ходзяць і ў мароз, і ў спёку; курткі і форма з плямамі хлору і жоўтымі «палітычнымі» біркамі. Гэтыя прадметы захоўваюць сляды сістэмнага прыніжэння, але разам з тым — сляды чалавечай трываласці.
Галоўны акцэнт выставы — паказаць, як асабістае становіцца публічным, як крохкасць суіснуе з мужнасцю і як памяць прарастае праз матэрыю. Як звычайныя рэчы — кашуля, куртка, абутак — набываюць значэнне дакумента, архіва і сімвала супраціву.
Мэта Музею — стварыць не толькі глыбокую і шматпластовую выставу, якая раскажа пра сітуацыю з правамі чалавека і правамі жанчын у Беларусі беларусам і міжнароднай аўдыторыі, але і зрабіць праект карысным для саміх рэпрэсаваных жанчын — праз бачнасць, салідарнасць і падтрымку.
Фінансавая и арганізацыйная падтрымка выставы: Амбасада Каралеўства Нідэрландаў у Польшчы, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

