Галоўная экспазіцыя Музея гісторыі беларускага кіно са значнымі скарачэннямі пераехала з другога на трэці паверх будынка па адрасе Свярдлова, 4. Са слоў супрацоўнікаў, пярэбары звязаны з будучым рамонтам установы. Але «скарочаны» варыянт гісторыі беларускага кіно, прадстаўлены цяпер на выставе, выглядае надта выхалашчаным, куцым і ідэалагічна вытрыманым.
У экспазіцыі цяпер можна пазнаёміцца з пераважна ваеннымі фільмамі студыі «Беларусьфільм». «Чорная бяроза», «Вазьму твой боль», «Знак бяды», «Руіны страляюць», «Пламя»… — акцэнты зроблены на візуальнай інфармацыі пра гэтыя карціны.
Ні гучныя фільмы Валерыя Рыбарава, ні Валерыя Рубінчыка на выставе не прадстаўлены.
1920-я — 1930-я гады беларускага кіно музей «закрывае» лічбавым праектам «Беларускі кінематограф 1920-х — 1930-х у кінаплакаце» — пра гэтым, што раней ва ўстанове можна было пабачыць гэтыя самыя шыкоўныя плакаты не толькі ў віртуальным фармаце. Адзначым, што і лічбавая платформа была створана пра былым кіраўніцтве музея — Ігары Аўдзеевым.
У адной з вітрын экспануюцца сцэнарыі «Я родам з дзяцінства», «Альпійскай балады», «Паўлінкі», «Я — Францыск Скарына», «Прыгоды Бураціна» — што неяк «разварочвае» гісторыі беларускага кінематографа, але …
Але сучаснасць, прынамсі, апошнія 30 гадоў беларускага кіно, у адноўленай «мабільнай версіі» экспазіцыі зусім не прадстаўлена.
Калі ласка — вось ёсць ваеннае, партызанскае мінулае Беларусі, але ўсё астатняе — так, дадатак.
Больш за тое, як распавялі адмыслоўцы ў кінасферы, экспанаты з мультфільма аніматара Міхаіла Тумелі і мастака Змітра Сурыновіча «Чароўная жалейка», якая раней былі сабраныя ў асобную міні-выставу і з’яўляліся ўпрыгожаннем музея больш за 18 гадоў, музейшчыкі папрасілі вывезці з установы. Нібыта для яе захавання ў будынку на час рамонту не хапае месца.
Гэта непразрыстая мера і дзіўны сціслы «канспект» гісторыі беларускага кіно ў новай версіі экспазіцыі падводзяць да несуцяшальнай высновы, што рамонт хутчэй за ўсё стаўся добрай нагодай пазбавіцца ад «падазроных элементаў» — як у экспазіцыі ўстановы, так і ў гісторыі беларускага кіно.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: