У Мінску ідуць здымкі дакументальна-мастацкага кароткаметражнага фільма «Блізняты Асвенціма».
«Фільм прысвечаны лёсу дзяцей-блізнят, якія апынуліся ў адным з самых жудасных канцлагераў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Кароткаметражная стужка пра сілу духу савецкіх дзяцей, іх жаданне ў нечалавечых умовах супрацьстаяць злу і дапамагаць адзін аднаму заслугоўвае ўвагі гледачоў усіх узростаў. Гэтая карціна пра каханне і сяброўства, якія пераадольваюць усё», — піша «Российская газета».

Здымкі карціны пра вязняў Асвенціма прайшлі ў Мінску і Маладзечне — на станкабудаўнічым заводзе імя Кірава, у Музеі гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі і ў цэнтры ваенна-патрыятычнага выхавання «Крок у гісторыю». У апошнім знялі сцэну, дзе ў маленькай Алі выпампоўваюць кроў для пералівання нямецкім салдатам.
Карціна грунтуецца на рэальных фактах, якія пакажуць праз мастацкія сцэны. У сюжэце выкарыстаны ўспаміны вязняў і цытаты з іх вершаў.

Хранаметраж новага фільма — 26 хвілін. Рэжысёрка фільма Вольга Барыскевіч тлумачыць, што абрала кароткі метр з прычыны таго, што ў сучасных дзяцей кліпавае мысленне. «Важна не толькі адзначаць святы, калі гэтая тэма становіцца папулярнай і мы запрашаем людзей, але і ўсведамляць яе значэнне ў сям’і, унутры сябе. Такія праекты, невялікія кароткія сюжэты могуць выкарыстоўвацца і далей, у тым ліку ў адукацыйным працэсе», — распавяла рэжысёрка.

У здымках задзейнічаны толькі беларускія спецыялісты — многія з іх з’яўляюцца членамі Беларускага саюза кінематаграфістаў, як, напрыклад, Вольга Барыскевіч. Аднак праект рэалізуецца пры падтрымцы расійскай творчай групы і Міжнацыянальнага дзелавога сходу.
Расійскі прадзюсар Дзмітрый Бродскі заўважыў, што першы падобны праект з беларускімі калегамі яны стварылі прыкладна тры гады таму. Ён быў прысвечаны трагедыі Мінскага гета і называўся «263 ночы». Сумесная праца працягваецца і сёння. У будучыні плануецца стварыць вялікі цыкл фільмаў. Яны закрануць такія буйныя канцлагеры, як Трасцянец, Майданек і Трэблінка. Сумесна з міжнацыянальным дзелавым сходам таксама пройдуць кіналекторыі, дзе можна будзе абмеркаваць кінастужку з аўтарамі і героямі. «У гэты працэс будуць уцягнутыя і самыя маленькія дзеці, якія змогуць зразумець важнасць і каштоўнасць свету, у якім мы цяпер жывём», — піша БелТА.

Нагадаем, што ў чэрвені 2025 года Лукашэнка наведаў студыю «Беларусьфільм» і патлумачыў, што чарговая фінансавая падтрымка кінастудыі магчымая толькі пры ўмове эфектыўнасці і запатрабаванасці выніковага прадукту.
Якім чынам можна зрабіць працу кінастудыі «Беларусьфільм» больш плённай, расказаў старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Яўген Арэндарэвіч. Яго развагі надрукавала газета «Беларусь сегодня».

Яўген Арэндарэвіч паведаміў, што на кінастудыі «Беларусьфільм» прайшоў працэс усеагульнай мадэрнізацыі, і «не здымаць кіно на такой цудоўнай кінастудыі — проста злачынства». Ён патлумачыў, што варта працягваць працу з расійскім спецыялістамі, але ствараць кіно на тэхналагічнай аснове кінастудыі «Беларусьфільм», а таксама адзначыў, што трэба адрадзіць «той сцэнарны аддзел і тых крэатыўных прадзюсараў, людзей, якія займаюцца распрацоўкай сцэнарыяў, у тым ліку ідэалагічнай скіраванасці».

«Калі браць практычную плоскасць рэалізацыі, то, безумоўна, тыя серыялы і гэтак далей, якія ўжо здымаюцца ў Рэспубліцы Беларусь з дапамогай расійскіх кінематаграфістаў, з пункту гледжання прыцягнення фінансавання можна пайсці з гэтага вопыту на першым часе, каб мы сапраўды маглі нейкага рэжысёра, кінааператараў прыцягнуць з РФ пры тым, што ўся здымачная група будзе беларускай. Цяпер трэба вельмі актыўна працаваць з нашымі профільнымі ВНУ, каб сапраўды ў нас з’яўляліся свае спецыялісты».
Здымкі фільма «Блізняты Асвенціма» пачаліся 2 жніўня. Прэм’еру плануюць правесці на Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў, які пройдзе з 25 па 29 верасня ў Брэсце.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram