Слыннае мінскае кафе «Бітлджус», якое знаходзілася на вуліцы Калініна, 7 ля Парка Чалюскінцаў, спыняе сваю працу. Пра гэта паведаміла каманда ўстановы ў сваіх сацсетках, абмінуўшы, праўда, прычыну закрыцця. Атмасфернае кафэ прапрацавала дзесяць гадоў, але ўжо на гэтых выходных яго дзверы будуць зачыненыя.
«Гісторыя вашай добрай кавярні сёння скончылася, — канстатавала каманда «Бітлджус». —10 гадоў — гэта вельмі вялікі адрэзак жыцця для любой установы, асабліва зараз. Мы пражылі этап бара да сярэдзіны ночы, фестываляў у двары, вяселляў увесь летні сезон, кафэ для рэлаксу і рок-н-ролу. Саджалі зеляніну на ўсёй тэрыторыі, дабудоўвалі новыя пляцоўкі, даводзілі да максімуму камфорт у дворыку. І яшчэ шмат-шмат усяго і рознага», — узгадвае гісторыю ўстановы каманда.
«Мы ўдзячныя ўсім і кожнаму асабіста, хто быў з намі хаця б у нейкі перыяд свайго жыцця, нават калі гэта быў усяго толькі адзін выпадак, але ён прыемна закрануў ваш настрой. Рэйтынгі і водгукі падказваюць, што мы стараліся не дарма. А колькі ўжо перажылі… — пакідае па-за кадрам перыпетыі існавання ў актуальных рэаліях «Бітлджус» і дзякуе ўсім, хто супрацоўнічаў з кавярняй. — Жыццё не заканчваецца. За любой вяршыняй ідзе новая. А гэта значыць, што мы ідзем далей».
Beetlejuice Cafe гучна заявіла пра сябе ў першай палове 2010-х. Яно адразу пазіцыянавала сябе як месца з адметнай атмасферай — крэатыўнай інстытуцыяй, дзе можна было добра правесці час і паслухаць, у тым ліку, жывыя канцэрты — джазавыя, рок-н-рольныя, зладзіць танцавальныя вечары, выставы, сустрэчы.
«Не пабаюся гучнага слова — сышла маленькая эпоха, — напісаў адзін з наведвальнікаў кавярні ў адказ на навіну. — Пачынаючы з першага выпадковага знаёмства… Колькі ўспамінаў, сустрэч з сябрамі, якія зараз далёка…. Вельмі сумная навіна. Але будзем верыць, што ўсё да лепшага».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram