У Мінску спынілі паказ анімацыйнага фільма «Плынь» латвійскага рэжысёра Гінтса Зільбалодзіса. Але не варта спяшацца з высновамі

«Аскараносную» стужку латвійскага рэжысёра Гінтса Зільбалодзіса «Плынь» зараз нельга паглядзець у кінатэатрах Мінска. Яна знікла з раскладу сеансаў у кінатэатры Skyline Cinema — хоць яе пракат там планаваўся да 19 сакавіка. Гэты факт заўважыла «Радыё Свабода».

Skyline Cinema заставаўся ў Мінску адзіным кінатэатрам, дзе яшчэ можна было трапіць на вядомую карціну пра шэрага ката, які ў кампаніі іншых жывёлаў выратоўваецца на караблі ад глабальнай павадкі. Але сёння на фільм ўжо нельга набыць квіткі.

Аднак раней стужку, якая скарыла публіку па ўсім свеце, можна было ўбачыць на іншых мінскіх кінапляцоўках: у лютым фільм дэманстраваўся ў прыватным Фалкон Клаб Буцік Кіно, да 5 сакавіка — у мінскім «Цэнтральным». Гэтыя тыя сляды пракату, які ўдалося адшукаць — некаторыя сайты падказваюць, што мерапрыемства было і ў іншых месцах, але «ўжо скончылася».

Нагадаем, што латвійскія прадзюсары пасля перамогі на «Оскары» падкрэслілі, што «Плынь» паказваецца ў кінатэатрах Беларусі і Расіі нелегальна — без дазволу праваўладальнікаў. Дыстрыбутарская кампанія Charades, якая прасоўвае карціну, выступіла з заявай, што ніколі не прадавала, не падпісвала і не давала якой-небудзь згоды на камерцыйнае распаўсюджванне або паказ фільма на фестывалях у Беларусі і Расіі.

Аднак у Беларусі з 2023 года дзейнічае закон, якія дазваляе і не пытацца згоды на паказы стужак як кампаній-мейджараў кінаіндустрыі, так, па-сутнасці, і меней буйных фірмаў. Гаворка ідзе пра закон «Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці», які адкрывае дзверы для так званага паралельнага імпарту, калі тавары могуць увозіцца з трэціх краін без дазволу праваўладальніка ў выпадках, калі праваўладальнік гандлёвай маркі спыніў іх пастаўкі ў Беларусь. Загад летась быў працягнуты да 2026 года — такім чынам сеткі кінавідэапракату ў Беларусі, па-сутнасці, пазбаўлены ад адказнасці за «пірацтва».

Тое, што адбылося з Skyline Cinema тлумачыцца, на погляд Reform.news, адметнасцю непасрэдна кінааператара. Skyline Cinema, які яшчэ ў 2022 годзе ўзначальваў расійскі бізнезмен Леанід Берсянёў, мае сувязі з латвійскімі партнёрамі. (У 2022 годзе Reform.news пісаў пра адкрыццё Skyline Cinema). Непасрэдна рэакцыя латвійскіх партнёраў могла паўплываць на тое, што сеансы «аскараноснай» «Плыні» ў кінатэатры, які месціцца ў мінскім Гандлёва-забаўляльным цэнтры Galileo, спынілі. Але няма і гарантый таго, што пракат стужкі не адновіцца.

Дадазім, што і ў 2022 годе Skyline Cinema адкрываўся амерыканскім блокбастарам, спрадзюсаваным Marvel Studios — «Чорная Пантэра: Ваканда Назаўжды» Раяна Куглера. Фільм з’явіўся ў кінааператара за тыдзень да таго, як ён выйшаў у масавы пракат. То-бок, у Skyline Cinema ёсць свае схемы і сувязі, якімі ён карыстаецца напоўніцу.

На думку Reform.news, «пірацкая» практыка паказу замежных фільмаў працягнецца. У Беларусі яшчэ засталіся сумленныя ігракі кінапракту, але гэта не пра Skyline Cinema.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!