Фота: уласная крыніца.
Сёння, 13 лютага, у Мінску развіталіся з беларускім выдаўцом і паэтам Раманам Цымберавым. Аддаць апошнюю пашану рупліўцу і творцу прыйшло больш за сто чалавек.
Выконваючы просьбу блізкіх, людзі прыносілі толькі жывыя кветкі. Здымак з залі выглядае сціпла, бо з-за небяспекі не можам паказаць твараў прысутных. Але за кадрам засталася неверагодная атмасфера салідарнасці: сведкі кажуць, што на развітанне людзі прамаўлялі пра Рамана «надзвычай цёпла, небанальна, сардэчна — на поўніцу пачуццяў».
Што вядома пра далейшае пахаванне. Як паведамілі Reform.news, пасля цырымоні развітання, спачылага павезлі ў Мінскі крэматорый, дзе была запланавана працэдура крэмацыі.
Калі прах будзе перададзены сям’і, з’явіцца асобнае паведамленне пра час і месца спачыну.
Раман Цымбераў – беларускі паэт і выдавец, уладальнік электроннай крамы мастацкай і гістарычнай літаратуры Kniger.by — памёр 10 лютага ў 44 гады.
Сярод значных кніг, выданых рупліўцам: «Минский тюремный замок» Дзмітрыя Дразда, «Гарачы парафін» Вінцэся Мудрова, «Шэпт» Сяргея Лескеця, «Купала і Колас жартуюць» Паўла Каралёва, збор твораў Кастуся Севярынца, дзіцячая кніга «Дзедавы казкі» Дзеда Янкеля (Ігара Гайкевіча) і мноства іншых.
Аўтар чатырох паэтычных зборнікаў. Апошнім часам актыўна працаваў для дзяцей — стварыў серыю «Ветрачок» і выдаў разам з дачкой сумесную кнігу вершаў.
Для беларускай культуры і супольнасці сыход Раман — вялізарная страта, бо гэта быў чалавек, які злучаў дзве прасторы: тая, што ў краіне, і па-за яе межамі. Раман асмеліваўся на многія рэчы: ад выдання малавядомага аўтара — да працы ў найскладных і небяспечных умовах. І ён ніколі не лічыў гэта чымсьці асаблівым. «Працую, пакуль атрымліваецца», — казаў ён пра сваю справу.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram