У Мінску адбылася закрытая прэзентацыя поўнаметражнай анімацыйнай карціны «Белавежская пушча», зробленай беларускай студыяй Arteki пры падтрымцы Міністэрства культуры. Фільм, які быў створаны з дапамогай Штучнага Інтэлекту, прыпадносіцца ў дзяржмедыя як сенсацыя. Нібыта першы такі ў свеце. Але за стварэннем «інавацыйнага» кіно стаіць небезвядомы Дзмітрый Саксонаў, экс-махляр, сёння звязаны з фірмай Blockchain Sports Drift, якая зладзіла нашумелыя дрыфт-заезды ў Беларусі з удзелам Ціля Швайгера.
Учора ў адным з мінскіх кінтэатраў адбылася закрытая прэм’ера поўнаметражнай анімацыйнай стужкі «Белавежская пушча», зробленай з дапамогай Штучнага Інтэлекту. Карціна прыпадносіцца як новае слова ў стварэнні анімацыі і прыўкрасны падарунак дзецям і дарослым на навагоднія святы.
«Мультфільм «Белавежская Пушча» ад беларускай студыі Arteki — гэта захапляльная прыгодніцкая камедыя з элементамі фэнтэзі аб сяброўстве, сям’і і сіле прыроды, якая нагадвае, што нават самыя неверагодныя гісторыі могуць стаць рэальнасцю, калі ў іх верыць. Мультфільм адрозніваецца аўтэнтычнасцю, напоўнены прыемнай музыкай, дабрынёй і гумарам», — так пра прадукт мала каму вядомай студыі Arteki піша БелТА.
Адзначаецца, што натхненнем для праекта стала песня «Белавежская пушча» Аляксандры Пахмутавай. Спачатку з’явіўся трэйлер праекта, а потым каманда вырашылася на поўны метр. Аўтарам ідэі, рэжысёрам карціны, аўтарам песен з’яўляецца Арсеній Акапян.
«Спачатку ў нас была толькі ідэя, нават не было сцэнарыя. Мы яго пісалі па ходзе, адаптавалі, пад гэта адразу прапрацоўвалі візуалы. Так у нас з’явіўся поўнаметражны мультфільм за 2,5 месяцы», — распавёў пра працэс стварэння анімацыі дырэктар і адзін з прадзюсараў праекта Алег Ацякшаў, у недалёкім мінулым поп-выканаўца.
Кіраўнік Arteki і шоўмэн асабліва вылучае той момант, што карціна створана з дапамогай Штучнага Інтэлекту — цалкам у фільме згенераваны нейрасеткай візуальныя вобразы.
«У нас жа ўвесь візуал цалкам згенераваны нейрасеткамі. Зразумела, мы выкарыстоўвалі ручную працу для склейкі, для напісання сцэнарыя, для агучвання. Але ўвесь візуал, самая складаная частка анімацыі, зроблены нейрасеткамі», — кажа Алег Ацякшаў, падкрэсліваючы, што такога не могуць дазволіць сабе шмат якія студыі ў свеце.
Звярталася ўвага ў прэзентацыі і на адметныя тэхналогііі, дзякуючы якім удалося зрабіць кіно так хутка.
«IT-кампанія X-Labs inc. спецыялізуецца на распрацоўцы Праграмнага Забеспячэння на базе штучнага інтэлекту і пашыранай рэальнасці. Яна распрацавала тэхналогію, дзякуючы якой быў створаны мультфільм «Белавежская пушча», — цытуе словы яшчэ аднога прадзюсара кіно Дзмітрыя Саксонава дзяржаўнае агенцтва.
Пасля ўзнікнення на сцэне гэтай постаці становіцца ясна, што «Белавежская пушча» — яшчэ адзін сумніўны праект, за якім стаіць выканаўчы дырэктар кампаніі Blockchain Sports Ecosystem — ужо добра вядомы па здымках промароліка з удзелам дрыфт-пілотаў і запрошанай нямецкай зоркі Ціля Швайгера.
Выпускнік Мінскага радыётэхнічнага каледжа, Дзмітрый Саксонаў адсядзеў чатары гады за махлярства.
Сярод яго «дасягненняў» — пазычанне грошай на розныя праекты, якія ў выніку ён не вяртаў. Дзмітрый Саксонаў дастаўляў машыны з Расіі, купляў крыптавалюту, пастаўляў камплектуючыя для крыптафермаў — на момант 2018 года пацярпелымі ад яго авантур было прызнана 38 чалавек, урон налічылі звыш 1,15 млн беларускіх рублёў.
«IT-прадпрымальнікам і інаватарам Саксонаў стаў ужо пасля выхаду з калоніі», — адзначае «Наша Ніва». У той ж час авантурыста нечакана падтрымаў трэнер хакейнай зборнай №1, сенатар Дзмітрый Баскаў — прарэкламаваўшы чарговую ініцыятыву Саксонава ўжо ў дачыненні да футбола.
Нагадаем, што сёння ў пераліку праектаў «беларускага Астапа Бэндэра» — як ужо «добра» вядомы Blockchain Sports Ecosystem (і яго падпраекты), так і Liquid Mining, Atom Mining и X-Estate. Па сутнасці, гэта кампаніі, якія шмат абяцаюць у самых розных сферах — інвестыцыі ў нерухомасць, стварэнне музыкі, распрацоўка дадаткаў, арганізацыя дрыфт-тураў, але мала што маюць на выхадзе. Скандал з прыездам у Беларусь вядомага нямецкага актора ў якасці запрошанай зоркі для здымак промароліка дрыфт-тураў насамрэч мала праліў святла на тое, чым уласна займаецца спадар Дзмітрый. Дрыфт-туры пры ўважлівым позірку аказаліся чарговай «шторкай», за якой новыя абяцанні і гэтак далей па коле.
Адносна нядаўна Саксонаў дабраўся і да анімацыі. «Белавежская пушча» — гэта першая поўнаметражная «проба» студыі Arteki, па сутнасці, дэбют зусім невядомай кампаніі без імёнаў у анімацыі. Але, як усё, што робіць Дзмітрый Саксонаў, праект заклікае ўкладваць у яго развіццё, абяцаючы хуткі прыбытак і сусветную славу.
Падчас прэзентацыі аўтары праекта падкрэслівалі, што дзякуючы іх тэхналогіям поўнаметражную анімацыю можна рабіць у значна карацейшыя тэрміны.
«З дапамогай нейрасетак мультфільм ствараецца ў 5-10 разоў хутчэй, — цытуе словы Дзмітрыя Саксонава на прэзентацыі БелТА. — Больш за тое, зніжаецца сабекошт стварэння мультфільма прыкладна ў 5 разоў. Гэта вялізны канкурэнтаздольны інструмент, які дазваляе кампаніі маштабавацца», — прадзюсар, які ўжо абзавёўся прыстаўкай «кіна» і не шкадаваў аргументаў на карысць сваёй новай справы.
Па словах Саксонава, сёння ў распрацоўцы Arteki знаходзіцца больш за 10 мультфільмаў.
«Сёння ў нас у распрацоўцы знаходзіцца больш за 10 мультфільмаў з бюджэтамі ў 10 разоў менш, чым неабходна было б выкарыстоўваць у сучасных кінастудыях, — рэкламуе чарговую са сваіх авантур IT-прадпрымальнік. — Нейрасеткі даюць якасць карцінкі і графікі, якая не саступае сусветным брэндам. Так, мы крыху саступаем з пункту гледжання 3D-візуалізацыі, над чым працуем у наступным мультфільме «Дамавыя». Гэта рэмейк мульціка «Домовенок Кузя», які выйдзе прыкладна ў сакавіку 2025 года. Мы дамо сур’ёзны бой кампаніям, якія выпускаюць фільмы ў кінапракат», — гучна заяўляе прадзюсер.
Насамрэч, сыходзячы з трэйлера, «Белавежскай пушчы» студыі Arteki далёка да прадуктаў сусветных кінакампаній, нягледзячы на «сенсацыю» выкарыстання Штучнага Інтэлекту. Задзейнічанне сучасных тэхналогій — агульны трэнд для замежных кінаінстытуцый, але кіраўнікі вядомых студый не спяшаюцца адмовіцца ад аўтарства мастакоў-аніматараў і тым больш рэжысёраў, разумеючы, што творчы складнік застаецца першасным, а тэхналагічны — другасным. У выпадку з палітыкай Arteki тэхнічны элемент падаецца як галоўная перавага. Цікава, што пакуль, сыходзячы з інфармацыі, на гэту «нажыўку» хуткага прадукту «клюнула» адно Міністэрства культуры, якое ў варунках ідэалагічных войнаў марыць пра нізкабюджэтныя і шпарка зробленыя фільмы, якімі можна адсправаздачыцца за пэўны перыяд.
«[Белавежская пушча] — сімвал нашай краіны, тое месца, дзе адбывалася вялікая колькасць падзей і ў легендах здзяйсніліся жаданні», — тлумачыцы пасланне свайго кіно Дзмітрый Саксонаў, дадаючы, што любіць трэба не толькі жыццё ў горадзе, але і падтрымліваць сваю малую радзіму.
Наконт галоўнага сэнсу мультфільма Саксонаў са слоў БелТА кажа, што гэта каштоўнасць сяброўства.
«Калі ў цябе ёсць сябар, то гэта не проста словы. Вялікая колькасць фактараў у адносінах паміж вамі. Гэта трэба шанаваць, нельга кідаць у бядзе сяброў», — прамовіў ён.
Па словах стваральнікаў, зараз гора-стужку плануюць «пракаціць па фестывалях, каб заявіць на розных рынках». А ў далейшым плануецца і масавы пракат.
І хто канечны спажывец гэтай рэчы — па-ранейшаму незразумела.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram