Уладзімір Басалыга. Мірскі замак. 1981.
У пачатку сакавіка ў галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адкрылася выстава графікі Уладзіміра Басалыгі. На ёй паказалі больш за 40 работ з творчай спадчыны мастака — аўталітаграфіі, афорты і графічныя аркушы, створаныя пры дапамозе каляровых і вугальных алоўкаў, тушы, пастэлі.
Уладзімір Басалыга (1940-2020) належыць да пакалення мастакоў-адраджэнцаў, якое стварала нацыянальную школу графікі сучаснага беларускага мастацтва.
Творца нарадзіўся ў Слуцку, але ў дзяцінстве жыў у вёсцы. У хаце вісеў дыван Алены Кіш, які інтрыгаваў яго настолькі, што сніўся па начах. Калі ён стаў сябрам Саюза мастакоў і ўзначаліў камісію па рабоце з народнымі майстрамі, то вырашыў адшукаць звесткі пра аўтарку гэтых загадкавых твораў. Прозвішча яе было тады невядомае. У 1978 Басалыга стаў адным з арганізатараў выставы Алены Кіш у Палацы мастацтва, а 13 дываноў было перададзена Заслаўскаму музею.
У 1970-х мастак актыўна працаваў у кніжнай графіцы, але вядомасць яму прынеслі станковыя творы: серыя літаграфій «Помнікі дойлідства Беларусі» (1977–2009). Аркушы з гэтай серыі шмат разоў выстаўляліся, друкаваліся на паштоўках, плакатах, у кнігах і школьных падручніках.
Гэты цыкл Басалыга распачаў па парадзе Уладзіміра Караткевіча, які тонка распазнаў характар адоранасці творцы. А мастак адчуў у гэтай працы сваё пакліканне зафіксаваць тое, што знікае, разбураецца на вачах — помнікі архітэктуры ІІ-ХІХ стагоддзяў. «Яны стаяць, — расказваў Басалыга, — і, быццам хворы, занядбаны чалавек, просяць: «Дапамажыце!» А як я мог іх абараніць? Толькі сваім мастацтвам».
Мастак распачаў серыю ў няпростыя для нацыянальнай культуры часы. І ў выніку стварыў своеасаблівую візуальную энцыклапедыю помнікаў дойлідства.
У аснове кожнага аркуша – архітэктурны краявід, выкананы ў рамантычнай стылістыцы, які мастак абрамляў дэкаратыўнай рамкай са стылізаванымі кветкамі што нагадвала традыцыю народнага дывана. Дадаваў подпіс і час стварэння помніка.
На выставе ўпершыню паказваюць малюнкі архітэктурных помнікаў, якія мастак выконваў у выніку падарожжаў па гістарычных мясцінах. Малюнкі дазваляюць больш глыбока зразумець творчыя пошукі аўтара, якія папярэднічалі стварэнню вялікіх літаграфій.
Яшчэ адна серыя Уладзіміра Басалыгі — «Ахяры духоўнага Чарнобыля» — прысвечана хрысціянскім святыням, якія былі знішчаны ў ліхалеццях войн, а таксама ў часы заняпаду рэлігійных традыцый. У графічных аркушах паўсталі страчаныя драўляныя і каменныя бажніцы яго роднай Случчыны, звесткі пра якія мастак рупліва збіраў з розных крыніц. Часам выяў гэтых помнікаў не захавалася, і тады Басалыга ўзнаўляў іх паводле пісьмовых апісанняў.
Работы з гэтай серыі створаны ў апошнія гады жыцця мастака.
Выстава будзе працаваць па 19 красавіка 2026 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram