Супрацоўніца Рускага дома (Расійскага цэнтра навукі і культуры) у Ошы Наталля Сякерына была арыштаваная судом Бішкека па падазрэнні ў вярбоўцы наймітаў. Яна з’яўляецца грамадзянкай Кыргызстана, у арганізацыі працуе з ліпеня 2024 года і адказвае за ўзаемадзеянне філіяла з медыя. У рамках справы аб найміцтве раней былі арыштаваныя супрацоўнік мэрыі горада Оша і яшчэ двое чалавек.
Выданне «Вечерний Бишкек» напісала, што Сякерынай прад’яўленае абвінавачанне па ч. 1 арт. 416 КК Рэспублікі (вярбоўка наймітаў з мэтай выкарыстання ва ўзброеных канфліктах іншых дзяржаў або гвалтоўных дзеяннях, накіраваных на звяржэнне дзяржаўнай улады або парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці). Па дадзеных СМІ, па справе затрыманыя яшчэ чатыры чалавекі, сярод іх – работнік прэс-службы мэрыі Оша.
Рускі дом у Кыргызстане ў паведамленні для прэсы адзначыў, што не валодае паўнавартаснай інфармацыяй пра сутнасць абвінавачання. У арганізацыі таксама падкрэслілі, што хочуць папярэдзіць «якія-небудзь спекуляцыі», і запэўнілі, што Расійскі цэнтр навукі і культуры працуе выключна ў прававым полі.
Нагадаем, што папярэдні скандал з Рускім домам здарыўся ў Азербайджане.
У студзені Азербайджанскае Baku.tv апублікавала рэпартаж пра Рускі дом у Баку, у якім сцвярджаецца, што ён вядзе выведвальную дзейнасць пад выглядам культурнай і гуманітарнай працы. У расейскім МЗС назвалі беспадстаўнымі абвінавачанні. Кіраўнік Рассупрацоўніцтва Яўген Прымакоў таксама заявіў аб падрыхтоўцы судовага пазову аб абароне дзелавой рэпутацыі. У лютым Рускі дом у Баку вымушаны быў абвясціць аб спыненні дзейнасці.
У Беларусі праваднікі «мяккай сілы» Крамля рускія дамы працуюць у Мінску, Брэсце, Гомелі і Гродне. Напрыклад, літаральна на днях у сценах Рускага дома ў Гомелі адбылася творчая сустрэча з прадстаўнікамі Z-паэзіі пад назвай «Русские поэты новой весны».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram