15 красавіка ў прасторы кракаўскага выдавецтва Gutenberg Publisher адбудзецца прэзентацыя кнігі амерыканскага пісьменніка-рамантыка Вашынгтона Ірвінга «Легенда Соннай Лагчыны». На сустрэчы будзе прысутнічаць перакладчык слынных твораў ХІХ стагоддзя — Андрэй Дубовік.
«У кнігу ўвайшлі тры містычныя апавяданні: «Легенда Соннай Лагчыны», «Рып Ван Вінкль» і «Жаніх-здань», — адзначае выдавецтва. — Вашынгтон Ірвінг умее скрозь добрую ўсмешку расказваць гісторыі, ад якіх кроў магла б застыгнуць у жылах, вазьміся за яе чалавек, які хоча вас напалохаць. Але гэты аўтар не хоча вас палохаць, вам утульна і бяспечна ў яго кампаніі. Разам з ім вы пасмяецеся над жыццём і здарэннямі і закрыеце кніжку з прыемным паслясмакам раскрытай таямніцы і хэпі-энду», — анансуе навінку Gutenberg Publisher.
У партнёрстве з «Кніжным возам» выйшла ўжо аўдыёверсія кніжкі. На платформе проста цяпер можна паслухаць адну з гісторый; аўдыёкніга цалкам даступная на буйных пляцоўках за невялікую плату.
Гэтаксама Gutenberg Publisher звяртае ўвагу на выхад у беларускім перакладзе рамана Сашы Філіпенка «Былы сын». На сустрэчы 15 красавіка па адрасе Łobzowska 15 можна будзе набыць апошнія навінкі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram