«У кастрычніку 1862 года Кастусём Каліноўскім было канчаткова прынята рашэнне, як будзе называцца яго краіна»: гісторык Сяргей Абламейка – пра рубікон беларушчыны і абуджэнне нацыі

Главное
Выхад паўстанцаў з Гародні. Публікацыя паводле: L'illustration, journal universel, №1053 – 2 Mai, 1863. Фота: kalinouski.arkushy.by.

160 гадоў таму назад, 22 студзеня 1863 года, пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі.

У польскай гістaрыяграфіі яго называюць Студзеньскім, а ў беларускай – паўстаннем Кастуся Каліноўскага, па імені яго кіраўніка на землях былога Вялікага Княства Літоўскага.

Паўстанне 1863–1864 гадоў – гэта сумесная барацьба палякаў, літоўцаў і беларусаў з царскім акупантам за незалежнасць ад Расійскай імперыі. Аднак мэты ўзброенага супраціву для розных народаў розніліся. Сёння паўстанне Кастуся Каліноўскага мы разглядаем як першы важны крок на шляху да незалежнасці нашай краіны. Паўстанцкі пароль: «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — Так узаемна!» – відавочна фіксуе выразнае нацыянальнае самавызначэнне.

Доктар гістарычных навук Сяргей Абламейка – журналіст радыё «Свабода» і аўтар некалькіх дзясяткаў навуковых публікацый па гісторыі Беларусі, – пераглядае праграмныя выказванні і дзейнасць Кастуся Каліноўскага з пазіцый сучаснай навукі і вылучае сфармаваныя ім дзесяць пастулатаў беларускай нацыянальнай ідэі. Сёння яны гучаць па-ранейшаму актуальна. Таму ў размове мы не змаглі абмінуць і падзеі 2020-га – апошняе беларускае паўстанне ХХІ стагоддзя.

«У кастрычніку 1862 года Кастусём Каліноўскім было канчаткова прынята рашэнне, як будзе называцца яго краіна»: гісторык Сяргей Абламейка – пра рубікон беларушчыны і абуджэнне нацыі
Сяргей Абламейка. Фота: Фэйсбук.

Як пасля падзей 2020 года, так і пасля паразы паўстання 1863 года гучалі галасы, што не варта было рызыкаваць, а трэба было працягваць займацца культурніцкай арганічнай працай і малымі крокамі рухацца да мэты. Пасля паўстання 1830-х мы страцілі Віленскі ўніверсітэт і беларускую ўніяцкую царкву, было зразумела, чым гэта скончыцца.

У чым – з нашай перспектывы – дадатны вынік паўстання? Яно пацярпела паразу, аднак яго значэнне мы, здаецца, яшчэ дасюль асэнсоўваем…

– У ходзе паўстання праявілася новая палітычная суб’ектнасць Беларусі. Упершыню была палітычна прадэкларавана беларуская нацыянальная ідэя. Гэта адбылося 1 лютага 1863 года, калі ў Вільні ўзнік Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі на чале з Кастусём Каліноўскім, які абвясціў, што ўзяў уладу ў свае рукі. Да таго часу ніколі яшчэ ў ХІХ стагоддзі не гучала беларускае пытанне на ўзроўні ўтварэння ўрада.

Паўстанцы яшчэ не падзялялі Літву і Беларусь. Іх радзіма – былое Вялікае Княства Літоўскае – была непадзельная, але ўжо складалася з дзвюх частак – з Літвы і Беларусі.

Так, падчас паўстання беларусы заявілі пра сябе як пра палітычную нацыю, аднак ці можна сказаць, што назву «Беларусь» замацаваў менавіта Кастусь Каліноўскі?

– Некаторыя дасюль сцвярджаюць, што назву «Беларусь» прыдумаў для нас царскі ўрад. Расейцы не мелі да гэтага ніякага дачынення. Белая Русь згадваецца яшчэ ў Іпацьеўскім летапісе ХІІІ стагоддзя. У ХІV стагоддзі польскі храніст піша пра замак у Белай Русі, у Полацку. У другой палове ХVІ стагоддзя ўпершыню сябе назваў беларусам Саламон Рысінскі, калі паступаў ва ўніверсітэт у Нямеччыне. А ў ХVІІ стагоддзі гэта назва ўжо шырока выкарыстоўвалася, напрыклад, Менск згадваецца як сталіца кальвінісцкага беларускага дыстрыкту.

Беларуская нацыянальная ідэя ўзнікла ў канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ стагоддзяў у асяроддзі адукаваных уніяцкіх святароў. Яны пачалі называць сябе беларусамі.

А ў 1826 годзе прафесар Міхал Баброўскі заявіў на адкрыцці курса славяназнаўства ў Віленскім універсітэце, што дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага была беларуская.

Паступова, з пачатку ХІХ стагоддзя, тэрміны «Беларусь» і «беларускі» пачалі з’яўляцца ў друку. Спачатку «беларускай» пачалі называць мову, пасля – народ. У 1840-я гэтыя тэрміны сталі шырока ўжывацца, напрыклад, у 1840 годзе ў Парыжы выйшла кніжка Аляксандра Рыпіньскага «Беларусь». Але Беларуссю тады называлі паўночна-ўсходнюю частку – Віцебшчыну, Полаччыну і Магілёўшчыну. Падчас паўстання назва «Беларусь» ужо ахоплівае фактычна ўсю тэрыторыю сучаснай краіны. Згадаем пароль паўстанцаў: «Каго любіш?», «Люблю Беларусь!» і назву ўрада Літвы і Беларусі.

Я заўважыў, што ініцыятарамі распаўсюджання тэрмінаў «беларус» і «беларускі» былі найперш віленчукі, гарадзенцы і беластаччане.

Гэтыя працэсы нацыянальнага самавызначэння супадаюць з еўрапейскай «Вясной народаў»…

– Так, напрыканцы ХVІІІ стагоддзя ў Еўропе пачаліся нацыянальныя рухі, якія ініцыявала Вялікая французская рэвалюцыя. Людзі пачалі задумвацца над палітычнымі правамі народаў. А калі ў нейкай этнічнай групы з’яўляюцца абаронцы, што выстаўляюць палітычныя патрабаванні, – значыць, з’явіўся нацыянальны рух. Так нараджаюцца нацыі.

Гісторыкі другой паловы ХХ стагоддзя, такія як Андэрсан, Сміт, Баўэр, чэшскі прафесар Грох, грунтоўна распрацавалі пытанні нараджэння нацый. Сміт, напрыклад, пісаў, што ў кожнай нацыі ёсць этнічнае ядро, свае этнічныя каштоўнасці, нават у тых, якія складаюцца з розных этнасаў. І калі мы глядзім на канец 1850-х – пачатак 1860-х гадоў, мы яўна бачым там прыкметы нараджэння беларускага нацыяналізму.

У ХІХ стагоддзі на тэрыторыі сучаснай Беларусі тыя інтэлектуалы, якія лічылі сябе русінамі (то-бок праваслаўныя і ўніяты), і тыя, якія лічылі сябе ліцвінамі, імкнуліся самаідэнтыфікавацца і адмежавацца ад іншых нацый. Аднак гэтыя інтэлектуалы, і русіны, і ліцвіны, былі польскамоўныя, і для іх слова «litwin» мела тое ж значэнне, якое яно мае на польскай мове і сёння, – летувіс, балт. Таму тэрмін «беларускі» стаў для іх выйсцем, паратункам. Тэрмін стаў пашырацца. Важным этапам гэтага працэсу стала нацыянальнае атаесамленне братоў Каліноўскіх.

Гісторык Кастамараў, блізка знаёмы з Віктарам Каліноўскім, старэйшым братам Кастуся, у канцы ХІХ стагоддзя апублікаваў свае мемуары. Ён піша ў іх, што Віктар шакаваў сваіх суайчыннікаў, маладых палякаў, якія прыязджалі ў Санкт-Пецярбург і мелі ў галовах летуценны вобраз мінулага, тым, што расказваў пра няпольскую мінуўшчыну Вялікага Княства Літоўскага.

Каліноўскі і яго паплечнікі апраналіся ў сялянскія світкі – гэта было і праявай салідарнасці з народам, і праявай нацыянальнага. Калі ў пачатку 1860-х гадоў, яшчэ да паўстання, у Вільні памёр Уладзіслаў Сыракомля, то яго хаваў дзесяцітысячны натоўп. Яго труну неслі і за парадкам сачылі маладыя людзі, апранутыя ў тое, што жандары ў данясеннях назвалі «серые кафтаны». Гэта былі сялянскія світкі, у якія пасля апрануцца сотні агітатараў, якія будуць распаўсюджваць па вёсках «Мужыцкую праўду». Таксама ў світкі апранутыя і многія паўстанцы на здымках, якія захаваліся да нашага часу. Адзін з псеўданімаў Кастуся Каліноўскага быў Васіль Світка. Паплечнікі Каліноўскага, напрыклад, лекар Баляслаў Длускі, які ў 45 гадоў скончыў Маскоўскі ўніверсітэт (у 1840-я гады ён быў высланы і здадзены ў салдаты), на заняткі ў 1850-х хадзіў у світцы.

Гэта ўсё праявы ранняга беларускага патрыятызму.

Аднак я вызначыў момант, які стаў рубіконам беларушчыны, калі Кастусём Каліноўскім было канчаткова прынята рашэнне, як будзе называцца яго краіна. Гэта адбылося ў кастрычніку 1862 года.

«У кастрычніку 1862 года Кастусём Каліноўскім было канчаткова прынята рашэнне, як будзе называцца яго краіна»: гісторык Сяргей Абламейка – пра рубікон беларушчыны і абуджэнне нацыі
Кастусь Каліноўскі. Здымак 1862 года. Фота: wikimedia.org

Наколькі аўтарытэтным быў чалавек, што мог вызначаць такія рэчы!

– Яго паплечнікі лічылі яго геніем. Ён быў настолькі таленавіты і пераканаўчы, што ніколі ні ў кога не ўзнікала думкі, што лідарам можа быць нехта іншы. Яго называлі апосталам, яшчэ калі ён быў студэнтам. Мянушка ў яго такая была. У сваёй кнізе я яго называю апосталам беларускага народа, але тут я не першы: так пісаў пра яго адзін з тагачасных польскіх гісторыкаў.

У 1861 годзе ў Вільні ўзнік Камітэт руху, які ў 1862 годзе быў перайменаваны ў Літоўскі правінцыйны камітэт. Каліноўскі стаў на чале гэтай структуры. Хоць побач былі людзі, старэйшыя на 20 і болей гадоў, яго лідарства ніхто не аспрэчваў. Часам падчас нейкіх абмеркаванняў яго прасілі выйсці, каб сфармаваць калектыўную пазіцыю, бо ён быў вельмі актыўны і лёгка мог схіліць на свой бок. Гарачы, палымяны, аднойчы, яшчэ да паўстання, ён выштурхаў з пакоя эмісара варшаўскага ўрада.

Аднак вернемся да рубікона беларушчыны. Нядаўна быў знойдзены экзэмпляр «Мужыцкай праўды» пад нумарам шэсць, які не быў выдадзены ў свой час. Так званы «літоўскі нумар». Там ёсць словы: «Зямля наша з вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы». Беларуская грамадскасць даведалася пра гэты экзэмпляр толькі ў 2018 годзе, калі яго апублікаваў гісторык Васіль Герасімчык. Нумар быў у асабістым архіве Кастуся Каліноўскага, схаваным паплечнікамі ў Бернардынскім касцёле ў Вільні, а цяпер, ужо 34 гады, ён захоўваецца у Віленскім нацыянальным музеі, разам з рэчамі Каліноўскага і іншымі тэкстамі па-беларуску.

Я зрабіў графалагічную экспертызу, з якой вынікае, што Каліноўскі не пісаў гэты тэкст – яго напісаў нехта іншы. А Каліноўскі, як лідар і як рэдактар «Мужыцкай праўды», адклаў гэты нумар у свой архіў і выдаў у наступным месяцы пад тым жа самым шостым нумарам «Мужыцкую праўду», прысвечаную абароне ўніяцкай царквы. Гэта і стала рубіконам, бо тады ён канчаткова прыняў рашэнне, як будзе называцца яго народ і яго краіна. Дый як магло быць іначай? Як Каліноўскі мог выдаць нумар са словамі «мы то называемся Літоўцы», калі яшчэ ў 1855 годзе Дунін-Марцінкевіч апублікаваў «Гапона», на вокладцы якога сцвярджалася, што гэта «Беларуская аповесьць… на мове беларускага народу»? Зразумела, што беларускі народ жыве ў Беларусі.

Таму праз два з паловай месяцы быў створаны Урад Літвы і Беларусі. Палякі былі шакаваныя, пачаліся інтрыгі, шантаж, і праз месяц гэты ўрад быў распушчаны. А Каліноўскі быў вымушаны прыняць пасаду лідара Гарадзенскага ваяводства і напісаў пасля пра гэта, што «не адчувае сябе дастаткова моцным, каб вырваць кіраўніцтва справамі з рук сваіх праціўнікаў». Ён назваў варшавян сваімі праціўнікамі.

Аднак яго палітычная барацьба пачалася яшчэ да стварэння гэтага ўрада, у змаганні з Варшавай за самастойнасць Літоўскага правінцыйнага камітэту. А фактычна – за самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага. Каліноўскі спрачаўся з Варшавай за межы, бо палякі перавялі былі пад сваё кіраўніцтва Беласточчыну.

«У кастрычніку 1862 года Кастусём Каліноўскім было канчаткова прынята рашэнне, як будзе называцца яго краіна»: гісторык Сяргей Абламейка – пра рубікон беларушчыны і абуджэнне нацыі
Першая сутычка. Бітва пры Альшанцы.
Публікацыя паводле: L’illustration, journal universel, №1052 – 25 Avril, 1863. Фота: http://kalinouski.arkushy.by.

Польскія паўстанцы лічылі Каліноўскага сепаратыстам. І мы сёння разумеем, што паўстанне, якое цяпер з усёй урачыстасцю адзначаецца ў Польшчы, і паўстанне ў Беларусі – крыху розныя рэчы. Нават у назвах. У Польшчы – Студзеньскае паўстанне. У Беларусі – паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Чым прынцыпова розніліся мэты інсургентаў у Польшчы і ў Літве і Беларусі?

– Так, наш лідар паўстання ставіў іншыя мэты, чым у Варшаве.

Тагачасны расейскі эмігрант, пісьменнік Герцан, які ў 1862 годзе камунікаваў з варшаўскімі дзеячамі, напісаў пасля, што ім да сялянскай зямлі, да сялянскага пытання было мала клопату, а вось да правінцыі вельмі шмат клопату. Каліноўскі хацеў, каб Вялікае Княства Літоўскае было самастойным. Каліноўскі і яго група яшчэ не ўяўлялі, што Беларусь можа разглядацца асобна ад Літвы і наадварот, але яго кіраўнічы орган ужо называўся ўрадам Літвы і Беларусі.

У паўстанні бралі ўдзел тры партыі – «белыя», «левыя чырвоныя» і «правыя чырвоныя». «Белыя» хацелі далучыць былое Вялікае Княства Літоўскае да Каралеўства Польскага на ўмовах аўтаноміі. «Правыя чырвоныя» хацелі незалежнай Польшчы ў межах Рэчы Паспалітай 1772 года. А вось «левыя чырвоныя», якіх узначальваў Кастусь Каліноўскі, хацелі вырашыць сацыяльныя пытанні і аднавіць існаванне гістарычнай Літвы.

«У кастрычніку 1862 года Кастусём Каліноўскім было канчаткова прынята рашэнне, як будзе называцца яго краіна»: гісторык Сяргей Абламейка – пра рубікон беларушчыны і абуджэнне нацыі
Лясны прывал паўстанцаў.
Публікацыя паводле: L’illustration, journal universel, №1059 – 13 Juine, 1863. Фота: http://kalinouski.arkushy.by.

Дарэчы, што можна сказаць пра палітычныя погляды Кастуся Каліноўскага? У савецкія часы яго лічылі ледзь не сацыялістам.

– З вышыні, якой дасягнула гістарычная навука на Захадзе ў другой палове ХХ стагоддзя, гэтае меркаванне даўно варта перагледзець. У часы СССР Каліноўскага называлі рэвалюцыянерам, а архіў паўстання захоўваўся ў архіве Польскай аб’яднанай рабочай партыі, бо камуністы лічылі паўстанцаў сваімі папярэднікамі. Маўляў, тыя найперш хацелі вырашыць сацыяльныя пытанні.

Насамрэч, калі нараджаецца нацыя, то адзін з лозунгаў нацыянальнага руху – вырашэнне сацыяльнага пытання. Бо мы члены адной нацыі, адной сям’і, у нас павінна быць роўнасць.

І ўсе нацыянальныя рухі ўзначальваў тагачасны сярэдні клас, буржуазія. Людзі, што былі пры грашах, жадалі роўнасці і справядлівасці. Арыстакратыя даволі часта не падтрымлівала нацыянальныя рухі.

У нас жа буржуазіі як такой не было. Гэта – адно з адмоўных наступстваў стварэння Рэчы Паспалітай, шляхецкай рэспублікі, якая з пачатку ХVІІ стагоддзя пачала абмяжоўваць мяшчанства ў правах. Дайшло да таго, што сойм прымаў рашэнне, якое адзенне насіць мяшчанам, якія каштоўныя металы яны могуць выкарыстоўваць.

А ў ХVІ стагоддзі, у часы Скарыны, мяшчане былі фактычна роўнымі са шляхтай, былі багатымі і заможнымі.

Таму ў нас ролю сярэдняга класу выканала частка адукаванай, пераважна небагатай шляхты і інтэлектуалы-разначынцы з ліку святароў ці дзяцей святароў. Таму патрабаванне роўнасці з’явілася і ў нас таксама.

Усе мы ведаем апошнія словы Каліноўскага: «У нас няма дваран, у нас усе роўныя!». Раней іх трактавалі як рэвалюцыйны лозунг, аднак насамрэч гэта лозунг нацыянальны. Каліноўскі лічыў сябе роўным з мужыкамі. Яго затрымалі і знайшлі ў яго сшытак беларускіх тэкстаў. І там была «Песнь на Божы час», фактычна – вершаваная паўстанцкая ўлётка. Паслухайце, якія там словы: «І хто пан – вон ад нас. Ў Божы час, ў Божы час! Бо мы роўныя з панамі, Бо за вольнасць мы з касамі!».

І далей: «Чуваць крык у адзін тон: маскалёў ад нас вон! Бо як брытвы косы маем! Пагуляем, пагуляем!».

Гісторык сярэдзіны ХХ стагоддзя скажа, што гэта рэвалюцыйны лозунг сялян. Гісторык канца ХХ стагоддзя ўбачыць тут нацыянальнае. Гэта відавочнае выяўленне ігнараванага дагэтуль нацыянальнага наратыву паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага: паны (палякі) і маскалі (расейцы) – прэч ад нас!

«У кастрычніку 1862 года Кастусём Каліноўскім было канчаткова прынята рашэнне, як будзе называцца яго краіна»: гісторык Сяргей Абламейка – пра рубікон беларушчыны і абуджэнне нацыі
Паўстанцкі сцяганосец. Публікацыя паводле: L’illustration, journal universel, №1062 – 4 Juillet, 1863. Фота: http://kalinouski.arkushy.by.

Мы паступова дайшлі да пастулатаў нацыянальнай ідэі, якія вылучыў Кастусь Каліноўскі…

– Я ўважліва прачытаў тэксты паўстання. Кастусь Каліноўскі ў «Лістах з-пад шыбеніцы» піша: «Каб знаў свет Божы, як мужыкі беларускія глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае…» Мы бачым тут сепарацыю, нацыянальнае аддзяленне, як і ў тым вершы – паны-палякі і маскалі-расейцы – прэч ад нас!.. Каліноўскі ў «Мужыцкай праўдзе» і ў сваіх тэкстах увёў паняцце «праўды». Мужыцкай праўды, нашай праўды. Ён пісаў: «Як загучыць наша праўда, паляціць па свеце». Пад гэтай праўдай можна разумець ідэю, рацыю, права, справядлівасць. У сваіх тэкстах ён ужывае слова «праўда» больш за 50 разоў. У «Лістах з-пад шыбеніцы» яно выступае ў трох фармулёўках. Проста «праўда», «свая праўда», «наша праўда». І гэтая пара прыналежных займеннікаў, што стаяць побач, – твая і наша – паказвае, што ён атаясамляе сябе са сваім народам. Такім чынам, з гэтых лістоў вынікае першы пастулат: мы – беларусы. У сваім запавеце ён піша: «Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе». Гэта заканчэнне ліста, а ў пачатку яго: «Хай знае, свет Божы, як мужыкі-беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае». Далей Каліноўскі піша, пра генерала Касцюшку, «а каторым народ наш спявае». Далей: «Нам пад рондам польскім не заўсёды было добра». Гэта – яго поўнае нацыянальнае аддзяленне і атаясамленне: мы – беларусы. Гэта слуп, на якім стаіць сённяшняя Беларусь. Ён палітычна называе нас і сябе беларусамі.

Другі пастулат: найвялікшай каштоўнасцю з’яўляецца суверэнітэт народа. Каліноўскі піша, што ронд польскі усім братнім народам дае самарондства, маскаль гэтак не робіць.

Трэці пастулат: вялікай каштоўнасцю сцвярджаецца патрыятызм. Каліноўскі піша: «Не дажыдайся, народзе, з чым можаш ідзі ваяваць – за свайго Бога, за сваё права, за сваю хвалу, за сваю Бацькаўшчызну».

Чацвёрты пастулат: сацыяльная справядлівасць у будучым беларускім грамадстве. Ён піша пра будучыню: «Народ наш павінен быць на ўсё чуткі, каб мог для дабра народнага з усяго карыставаць». Дарэчы тут нагадаць і яго лозунг: «Не народ для ўраду, а ўрад для народу». Я называю гэта нацыянальна-дэмакратычнай формулай Каліноўскага.

Пяты пастулат: ён адкідае расейскі тэзіс пра братэрства беларускага і расейскага народаў. Піша, што Расея, «пабіўшыся з палякамі, каб удзяржаць сваё панаванне, да нашага брацтва хоча ўпісаціся».

Шосты пастулат: сярод усіх суседзяў Беларусі менавіта Расія распрацавала найбольш грунтоўны і дасканалы комплекс філалагічных і гістарычных аргументаў для русіфікацыі беларусаў. Ён піша пра несправядлівую забарону ўніяцкай царквы. Для яго ўніяцкая царква была нацыянальнай мяжой, якая аддзяляла беларусаў і ад палякаў, і ад расейцаў. Уніяцкія святары казалі тады, што пакуль я хрышчуся як праваслаўны, я не паляк, а пакуль я прызнаю Папу Рымскага, я не расеец. Дык вось ён піша, што «забралі нам і духоўну нашу пацеху – нашу веру ўніяцкую». Для яго гэта вера – проціпастаўленне асіміляцыйнай палітыцы Расіі.

Сёмы пастулат – гэта пытанне пра адукацыю на роднай мове. «Маскаль… там, дзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах вучаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску».

Восьмы паступат: ён высоўвае тэзіс пра развіццё ў будучай Беларусі ўсеагульнай адукацыі, культуры і навукі як гарантыю ўсеагульнага дабрабыту. Ён піша: «Нямаш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку. Тады ён толька магчыме жыці ў багацтве, па праўдзе».

Дзявяты пастулат. Ён лічыў, што найбуйнейшая геапалітычная пагроза для існавання Беларусі і беларускага народу – гэта маскаль і Расея. Я маю на ўвазе яго славутую фразу з «Лістоў з-пад шыбеніцы»: «Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе».

І дзясяты пастулат: арыентацыя Беларусі на Еўропу, на Польшчу. Тут варта ўдакладніць, што калі ён заклікае глядзець на Польшчу і паўтараць тое, што яна робіць, ён гаворыць пра Захад. Ва ўмовах ХІХ стагоддзя арыентацыя на Польшчу – гэта арыентацыя на Захад. Так ён сцвярджае, што на Маскву нельга арыентавацца, нам патрэбны заходні вектар развіцця. Ён піша: «Польскае дзела – гэта наша дзела, гэта вольнасці дзела». Або: «Для таго, Народзе, як толька калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду і свабоду грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю радную».

Усё гэта – класіка беларускай палітычнай ідэі, яе вытокі.

І гэтыя пастулаты ўсё яшчэ актуальныя.

«У кастрычніку 1862 года Кастусём Каліноўскім было канчаткова прынята рашэнне, як будзе называцца яго краіна»: гісторык Сяргей Абламейка – пра рубікон беларушчыны і абуджэнне нацыі
Параненыя паўстанцы вярнуліся ў родную вёску. Менская губерня. Публікацыя паводле: L’illustration, journal universel, №1067 – 8 Août, 1863. Фота: http://kalinouski.arkushy.by.

Пасля паразы паўстання 1863 распачаўся ціхі супраціў. Як паводзілі сябе не згодныя з рэжымам людзі?

– Гэтак жа, як і ў нашы часы: спрабавалі негвалтоўна супраціўляцца, праяўляць салідарнасць. Насіць пэўныя колеры, колеры жалобы. За ўсё гэта таксама каралі, адпраўлялі ў высылку, садзілі ў турму, усё падобнае да таго, што адбываецца пасля падзей 2020 года ў Беларусі. Аднак ёсць падабенства і ў змесце пратэсту. У 2020 годзе наперад выйшлі нацыянальныя сімвалы, нацыянальныя лозунгі і зноў стала актуальнай нацыянальна-дэмакратычная формула Каліноўскага «Не народ для ўраду, а ўрад для народу».

Я напісаў кнігу «Чаму Беларусь не Расія», дзе першыя шэсць тэкстаў прысвечаныя 2020 году. Я лічу, што гэта быў нацыянальны пратэст: зноў абудзілася беларуская нацыя, прачнулася са свайго летаргічнага сну, у яе зноў з’явіліся новыя рухаючыя сілы – заможны сярэдні клас, а не толькі інтэлігенцыя. Сапраўды, не самыя бедныя людзі хадзілі на маршы…

Дарэчы, як назваць падзеі 2020 году з пункту гледжання гісторыка: пратэст, не паўстанне?

– Я назваў гэта – Вялікае беларускае нацыянальнае паўстанне. Хоць шмат хто з гэтым не згодны. Гэта было паўстанне, хоць таксама можна назваць рэвалюцыяй, пратэстамі. Лозунг быў той жа самы: роўнасць.

Я ўжо казаў, што арыстакратыя часта выступае супраць нацыянальных рухаў, бо нацыянальныя рухі выстаўляюць патрабаванне роўнасці. Тое самае назіраецца ў сённяшняй Беларусі. У нас за апошнія дзесяцігоддзі ўзнік гістарычны аксюмаран — новая, плебейская паводле паходжання, арыстакратыя з ліку найвышэйшага чыноўніцтва, набліжанага да кіраўніка дзяржавы, і вершаліна так званай вертыкалі, якая займае ў грамадстве прывілеяванае становішча і не хоча яго губляць. Гэтыя «арыстакраты-плебеі» з вялікай пагардай і недаверам ставяцца да астатніх «плебеяў», за што апошнія іх справядліва крытыкуюць. У краіне ўзнікла рэальная няроўнасць (прычым не толькі эканамічная) паводле прынцыпу набліжанасці да ўлады. Уладная вертыкаль узурпавала ўладу ў дзяржаве і пазбавіла людзей правоў.

І ў 2020 годзе грамадзянская супольнасць сказала чынавенству: «Вы наёмныя працаўнікі, вы жывяце на нашы падаткі. Мы хочам роўнасці».

Як і ў паўстанні Каліноўскага, выключную ролю мела нацыянальнае пытанне: без увагі на тое, хто якой мовай гаворыць, людзі безумоўна прызналі сваімі ўсе тры нацыянальныя сімвалы — герб, сцяг і лозунг «Жыве Беларусь». За гэтымі сімваламі стаіць тая Беларусь, якой яе бачылі каліноўцы і гоманаўцы ХІХ стагоддзя і адраджэнцы пачатку ХХ стагоддзя – беларуская Беларусь. З дзяржаўнай беларускай мовай і захаваннем правоў усіх нацыянальных меншасцей краіны і іх моваў. Гэтыя сімвалы, як моцны маральны магніт, перацягваюць людзей за рубікон – на бок Беларусі Каліноўскага.

А што да самога паўстання 1863 года – яно было апошнім на гэтых землях у ХІХ стагоддзі, пасля паразы польскі нацыянальны рух вырашыў засяродзіцца на легальных формах працы, а ў нас – пасля высылак і шыбеніц – павінна было нарадзіцца новае пакаленне, якое пераняло эстафету Каліноўскага. Так, у 1880-я гады ўзнікла група «Гоман», пачаў сваю працу Доўнар-Запольскі. У 1890-я з’явіліся палітычныя групы, пачалі дзейнічаць браты Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі.

Ёсць яшчэ адна сумная паралель паміж паўстаннем 1863–1864 гадоў з нашымі падзеямі. Мала хто ведае, што паўстанцы не збіраліся ваяваць.

Моладзь, якая аб’ядналася ў падпольны рух, збіралася здабыць пэўную колькасць зброі – і сімвалічна выступіць. Яны спадзяваліся, што заходнія краіны, найперш Францыя, запатрабуе ад Расіі, якая якраз прайграла Крымскую вайну, аднавіць незалежнасць Польшчы. А там ужо планавалася разбірацца, у якіх формах далей арганізоўваць Рэч Паспалітую, пасля дасягнення галоўнай мэты – аддзялення ад Расіі, бо людзям зусім іншай культуры было невыносна жыць у імперыі, якую яны лічылі азіяцкай. Нездарма пасля абвяшчэння паўстання інсургенты адразу перайшлі на Грыгарыянскі каляндар, пачалі датаваць дакументы па-еўрапейску.

Аднак не атрымалася, Францыя не дапамагла.

«У кастрычніку 1862 года Кастусём Каліноўскім было канчаткова прынята рашэнне, як будзе называцца яго краіна»: гісторык Сяргей Абламейка – пра рубікон беларушчыны і абуджэнне нацыі
Цырымонія перапахавання Кастуся Каліноўскага і ягоных паўстанцаў, Вільня, 21 лістапада 2019 года. Фота: «Свабода».

Метады, якія практыкуе сёння ўлада ў Беларусі, наколькі яны падобныя да метадаў царскай «охранки» пасля паражэння паўстання 1863 года. Забарона палітычных партый, выдавецтваў і кніг, сімволікі – паралелі тут відавочныя.

– Так, пасля паражэння паўстання быў поўны разгром, усё замерла на 30 год. Нейкае ажыўленне пачалося толькі ў 1890-я. А дагэтуль трыццаць гадоў усё было пад спудам. Ясна, што нешта рабілася, нешта пісалі і выдавалі. Але беларускія кніжачкі Багушэвіча друкаваліся за мяжой.

Аднак яны сваю ролю адыгралі.

– Так, адыгралі, але колькі гадоў людзі жылі ў задушлівай атмасферы царскай рэакцыі. Прагназаваць, колькі цяперашняя рэакцыя працягнецца, я не бяруся.

Аднак ёсць адчуванне, што час моцна паскорыўся. Таму выглядае, што мы не будзем чакаць трыццаць год…

І што цяпер рабіць людзям у Беларусі?

– На мой погляд, адукацыя, беларуская мова, беларуская культура і беларуская літаратура – гэта галоўнае, чым мае сэнс сёння займацца.

Беларуская мова выходзіць на пярэдні план супраціву. Нельга забараніць размаўляць па-беларуску, тым больш – у прыватных стасунках.

Тут я падтрымаю нашу нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч, якая яшчэ ў 2017 годзе сфармулявала беларускую нацыянальную ідэю: «У нас нацыянальнай ідэяй можа быць толькі пабудова сваёй нацыянальнай дзяржавы, дзе была б наша нацыянальная мова».

P. S.

Больш пра нацыянальную ідэалогію паўстання Кастуся Каліноўскага можна прачытаць у кнізе Сяргея Абламейкі «Каліноўскі і палітычнае нараджэнне Беларусі» ці праслухаць гэту кнігу на Youtube у аўтарскім выкананні.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: