Ранейшы выгляд фрэскі. Фота: Katolik.life
У касцёле Святога Антонія ў Віцебску выданне Katolik life зафіксавала новыя змены.
Нагадаем, што ў каталіцкім храме ў 2017 годзе журналісты заўважылі незвычайны роспіс сцен — фрэскі ўвасаблялі евангельскія падзеі праз сучасных персанажаў. У прыватнасці, сярод «каралёў», якія прыйшлі пакланіцца нованароджанаму немаўляці Ісусу, хтосьці можа пазнаць Уладзіміра Пуціна і Барака Абаму.
Навіна пра гэта разышлася па беларускіх, расійскіх і польскіх сайтах. Настаяцель прыхода, вядомы ў Беларусі святар Вячаслаў Барок адзначыў, што ў мастацкім афармленні храма «кожны бачыць сваё, а я бачу, як святло перамагае цемру». У гэтым і была ідэя роспісу сцен у зале для набажэнстваў — паказаць барацьбу паміж дабром і злом, святлом і цемрай.
Пасля 2020 года ў храме замалявалі жанчыну ў светлай сукенцы, якая звяртаецца да Уваскрэслага Хрыста. Цяпер жа на новых здымках відаць, што на галоўнай фрэсцы зніклі двое спячых салдат. Апранутыя ў сучасную форму, яны ўвасаблялі рымскіх вартавых каля Труны Хрыста, якія праспалі яго Уваскрасенне.
Гэты элемент фрэскі меў такі сэнс: святло пераможа цемру не дзякуючы мілітарнай сіле, але насуперак ёй, калі салдаты заснуць. «Фрэску адцэнзуравалі ў той час, калі ў ідэалогіі беларускай дзяржавы ўзмацніўся культ мілітарызму — пасля 2020 года. Наколькі вядома вернікам, распараджэнне замаляваць фігуры без узгаднення з аўтарам фрэскі паступіла ад біскупа Віцебскага Алега Буткевіча. Аднак невядома, ці з ягонай ініцыятывы гэта адбылося. Мастацкае рашэнне інтэр’ера касцёла, асвечанага ў 2017 годзе, раней узгаднялася з біскупам», — нагадвае Katolik.life.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram