У канцэртнай зале полацкага Сафійскага сабора адзначылі саракагоддзе ўсталявання аргана

У Сафійскім саборы адбылося мерапрыемства, прысвечанае 40-годдзю аргана. Пад скляпеннямі сабора гучалі творы кампазітараў барока і класікі XX стагоддзя ў выкананні Ксеніі Пагарэлай (арган) і Валянціна Юхневіча (труба).

У Сафійскім саборы ўнікальная акустыка, і ў 1983 годзе там была адкрытая канцэртная зала камернай музыкі, а ў 1985 годзе спецыялісты чэшскай фірмы «Riеger Kloss» усталявалі арган, які арганічна ўліўся ў музейную экспазіцыю помніка архітэктуры.

Арган Сафійскага сабора сярэдні па памеры — у ім 3905 труб. Самыя вялікія яго трубы маюць шасціметровую вышыню і паўметровы дыяметр, самыя маленькія – не больш за сточаны аловак. У аргане 48 рэгістраў, кожны з якіх голас якога-небудзь музычнага інструмента: флейты, трубы, габоя, ражка, трамбона і іншых.

Кожную нядзелю ў канцэртнай зале гучыць арганная музыка, якую выконвае нязменная арганістка Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая. Яна ж стала ініцыятарам і арганізатарам першага ў Беларусі Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі «Званы Сафіі». Першы фестываль адкрыўся ў 1996-м выступам выбітнага аўстрыйскага арганіста Іягана Трумера.

Архітэктура Сафійскага сабора шматфункцыянальная, тут праходзяць службы, дзейнічае канцэртная зала і працуе музей.

Музей размясціўся ў цокальнай частцы сабора, тут можна ўбачыць рэшткі падмурка старога сабора ХІ стагоддзя і шэраг знойдзеных падчас правядзення рэстаўрацыйных работ гістарычных артэфактаў.

Вышэй «нулявога» ўзроўню размешчана асноўнае памяшканне сабора. Усе лаўкі ў зале маюць спінкі двухбаковай трансфармацыі: падчас службы прыхаджане разгортваюцца ў адзін бок, а каб паслухаць арган, спінкі перакідваюцца на іншы бок, і гледачы глядзяць у процілеглы бок.

У лістападзе пройдзе юбілейны XXX Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі», які будзе прысвечаны 40-годдзю полацкага аргана.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!