Напярэдадні 104-годдзя з дня нараджэння знакамітага беларускага пісьменніка, ураджэнца Хойнікшчыны Івана Мележа, у гарадскім парку адбылася доўгачаканая падзея – імя класіка беларускай літаратуры ўшанавана на алеі «Ганаровыя грамадзяне Хойніцкага раёна», паведамляюць «Хойніцкія навіны».
Летась званне «Ганаровы грамадзянін Хойніцкага раёна» прысвоена літаратару пасмяротна.
«Нам варта берагчы памяць пра чалавека, які сваёй творчасцю, любоўю да родных мясцін натхняў пакаленні беларусаў. Імя Івана Мележа носять вуліцы ў гарадах нашай краіны, школы, тэатр і музей. Сёння мы аддаём даніну павагі славутаму земляку», – адзначыла на адкрыцці лідар раённага аддзялення партыі «Белая Русь» Людміла Рудчанка.
Аднак «Радыё Свабода» заўважыла, што надпіс на памятным знаку зроблены на рускай мове. «Цяперашнія ўлады Беларусі выкарыстоўваюць расейскую мову, нават уганароўваючы дзеячаў беларускай культуры», адзначае выданне. І нагадвае, што гэта не першы выпадак усталявання дошкі ў гонар творцы беларускай культуры, які засцерагаў землякоў ад русіфікацыі. Раней у Воршы на сярэдняй школе № 3 павесілі расійскамоўную дошку ў гонар іншага класіка беларускай літаратуры — Уладзіміра Караткевіча.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram