«Сшытак першы. Помста» — спектакль з такой назвай 21 студзеня ў Беларускім хабе «Новая зямля» пакажа беларускі фрык-тэатр EX TEMPORE. Гістарычнае фэнтэзі паводле тэкстаў В. Шэрага злучыць у сабе падзеі паўстання Кастуся Каліноўскага і сучаснасць.
В. Шэры — гэта калектыўны ананімны аўтар; гэтаксама з творчай пазіцыі і па прычынах небяспекі не апублічваюцца імёны акцёраў і ўдзельнікаў фрык-тэатра EX TEMPORE. Стваральнікі незалежнай трупы адмыслова абралі вызначэнне «фрык-тэатр», — няжорсткія рамкі дазваляюць камандзе карыстацца прыёмамі і здабыткамі як класічнага тэатра, так зайдзейнічаць іншыя напрамкі — тэатр абсурду, кабарэ, вулічны тэатр, перформанс, — дазваляюць эксперыментаваць.
Так, і пастаноўка «Сшытак першы. Помста» задзейнічае форму фантасмагорыі, у якой злучаюцца мінулае і сучаснасць. Падрэсліваецца, што гэта будзе монаспектакль.
«[Мы прапануем] новы погляд на гістарычныя паралелі. Не праз лінзу вядомай гістарычнай постаці, а цераз мадэляванне позірку скрозь постаці гераізаваных шэраговых удзельнікаў гістарычных падзей, — тлумачаць удзельнікі тэатра. — Тут пераклікаецца перажытае беларусамі ў апошнія два гады і перажытае нашымі продкамі ў часы Паўстання 1863-1864 гадоў. А менавіта — гвалт, рэпрэсіі, крыўда і боль, незламаны гонар і жаданне помсціць. І пытанне – “што далей?..”
Прэм’ера спектакля адбылася ў лістападзе мінулага года ў Беластоку.
Час і месца новага паказу: 21 студзеня 2023 года, 18.00, Беларускі хаб «Новая зямля».