Больш за год спрабуюць прадаць гродзенскую сядзібу апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Цана паступова падае, але пакупнікі пакуль не знаходзяцца.
Упершыню сядзібу выставілі на аўкцыён у красавіку 2023 года — тады стартавая сума лота склала 374 тыс. рублёў. Наступным разам — у ліпені 2024 года за 351 тыс. рублёў.
Кошт былога палаца Панятоўскага ў Панямуні знізілі да 70,2 тыс. руб. ($ 21 тыс.) без ПДВ. За такі кошт у Гродне зараз цяжка знайсці нават старую «аднушку», піша Hrodna.life.
Будынак афіцыйна празначаны для спецыялізаваных культурна-асветніцкіх імпрэз і відовішч. Зараз будынак належыць ТАА «Гроднапрамтэхніка», а ў савецкі час тут быў клуб.
Палац, размешчаны на вуліцы Прагулачнай 15/1, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Пакупнік мусіць падпісаць ахоўнае абавязацельства цягам месяца пасля продажу. Калі ён не выканае ўмоў аўкцыёну, дзяржава зможа канфіскаваць маёмасць.
Аўкцыён пройдзе 12 лістапада.
Летні палац караля Рэчы Паспалітай Панятоўскагаў Панямуні пабудаваў у 1771 годзе ў стылі позняга барока італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. Там месцілася загарадная рэзідэнцыя апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У XIX стагоддзі належаў Друцкім-Любецкім, пазней Ляхніцкім. Пасля 1945 года ў памяшканнях доўгі час знаходзіўся клуб мясцовай «Сельгастэхнікі». Там былі кіназала і бібліятэка.
Палац некалі быў каменным, але ад яго захаваўся толькі фрагмент кутнай вежы. Разбураныя каменныя сцены былі пазней адбудаваны з дрэва.
Першапачатковы выгляд палаца невядомы. Да нашых часоў дайшлі больш познія яго выявы канца ХІХ стагоддзя на малюнках Напалеона Орды і шматлікіх фотаздымках.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram