У Гомелі адкрыецца выстава габрэйскага «рагачоўца», мастака беларускага мястэчка Анатоля Каплана

Культура
Праца аўтарства Анатоля Каплана. Крыніца: rogax.livejournal.com/101049.html.

У паўднёвай галерэі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля 15 снежня адкрыецца выстава сусветнавядомага графіка і жывапісца, ураджэнца Рагачова Анатоля Каплана. Яна прымеркавана да 120-годдзя аўтара, якое будзе адзначацца 10 студзеня 2023 года.

«Каплан з Рагачова» — так называлі габрэйскага мастака Анатоля Каплана пры жыцці яго знаёмыя. У гісторыі мастацтва аўтар вядомы больш як савецкі (рускі) графік, «чые творы адлюстроўвалі яго габрэйскае паходжанне». Таленавіты аўтар афортаў,  жывапісец, кераміст, скульптар — мастак большую частку жыцця пражыў у Санкт-Пецярбургу, але атрымаў міжнароднае прызнанне, выстаўляючыся ў еўрапейскіх краінах, ЗША і Ізраілі.

Апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі спадчына слыннага творцы пачынае асэнсоўвацца і ў беларускім кантэксце. Бо як вядомы ягоны калега і настаўнік Марк Шагал, чыя творчасць непарыўна звязана з Віцебскам, Анатоль Каплан шмат пісаў у сваіх творах беларускія мястэчкі, родны Рагачоў, нягледзячы на жыццёвую геаграфію. Шэраг выстаў мастака, у тым ліку на гэту тэму, ладзіліся ў беларускіх музейных установах не так даўно. Гэтаксама яшчэ ў 2020-м у сваю калекцыю «Арт-Беларусь» «Белгазпрамбанк» набыў керамічную вазу аўтарства Каплана.

У Гомелі адкрыецца выстава габрэйскага "рагачоўца", мастака беларускага мястэчка Анатоля Каплана
Фота: facebook.com/gomelpalaceandparkensemble.

Што да выставы ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, то «на ёй будуць прадстаўленыя больш за 40 твораў жывапісу і графікі са збораў Рагачоўскага музея Народнай Славы і музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля», — адзначаецца ў анатацыі.

Рагачоўскі музей Народнай Славы валодае калекцыяй твораў мастака, якую ўстанове ў 2014 годзе падарыў расійскі мецэнат і калекцыянер Ісаак Кушнір.

«Творы Анатоля Каплана захоўваюцца ў музеях Ватыкана, Нью-Ёрка, Іерусаліма, Амстэрдама, Лондана, у Дрэзданскай карціннай галерэі, у Нацыянальнай галерэі Канады, Рускім музеі і Траццякоўскай галерэі. У 1965 годзе Анатоль Каплан быў удастоены сярэбранага медаля на Міжнароднай выставе мастацтва кнігі ў Лейпцыгу, а на наступны год яму прысудзілі ганаровыя ўзнагароды на Венецыянскай біенале і на 2-й Міжнароднай выставе прыкладной графікі ў Брно», — даюць прадстаўленне аб значнасці імя арганізатары падзеі.

«Жывучы і працуючы ў Ленінградзе, мастак заўжды з цеплынёй ставіўся да свайго роднага краю і ўсяляк намагаўся захаваць яго як у памяці, так і ў сваіх шматлікіх працах», — даецца ў апісанні да экспазіцыі.

Выстава ў Палацы Румянцавых і Паскевічаў, якая носіць назву «Анатолий Каплан: самородок из Рогачева», працягнецца да канца лютага.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: