Уручэнне прэміі Ежы Гедройця. Скрын відэа
Напрыканцы 2025-га reform.news як звычайна падводзіць вынікі года.
Якім быў гэты год у беларускай літаратуры – з пункту гледжання чытачоў і выдаўцоў?
Ці дастаткова было выдадзена беларускіх кніг у замежжы і ў Беларусі. Чаму гуртуюцца выдаўцы і якія праводзяцца конкурсы. Як наша літаратура прадстаўлена ў свеце і прычым тут сіндром самазванца.
Пра вынікі літаратурнага года reform.news паразмаўляў з прэс-сакратаром Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўным рэдактарам сайта bellit.info Ціханам Чарнякевічам.
— Назіраю, як у Беларусі адміністратыўнымі метадамі спрабуюць змусіць творцаў ствараць ідэалагічна правільны культурны прадукт. Атрымліваецца не надта. Нагадаю, што ў Лідзе ў верасні была ўручана Нацыянальная літаратурная прэмія, а намінацыі «Проза» не было, то-бок не знайшлося вартых твораў. А ў прэміі Гедройця поўны спіс налічваў дзевятнаццаць кніг. Пра што гэта сведчыць? Што адбываецца з літаратурай у Беларусі?
— Адбываецца крызіс. Выданняў сучаснай прозы сапраўды магло на конкурс не набрацца. Я, шчыра кажучы, не згадаю нават пяці цікавых празаічных твораў, выдадзеных сёлета ў Беларусі. Аднак напісанне кнігі – гэта доўгі працэс, і тыя аўтары, якія радуюць сваімі творамі, робяць гэта не штогод. Налета на прэмію Гедройця мы чакаем разы ў паўтара больш прапаноў, чым мінулым разам.
Увогуле за гэты год былі выдадзены па трыццаць-сорак кніг у прозе, паэзіі, перакладзе, калі ўлічваць толькі беларускія замежныя выдавецтвы. Мяркую, што для шараговага чытача цалкам дастаткова гэтай прадукцыі, каб свой чытацкі год замкнуць выключна беларускай кніжкай. Нядрэнны паказчык для эміграцыі.
Канешне, мы яшчэ не можам казаць пра паўнавартасны кніжны рынак. Мала таго, што многае выдаецца ў замежжы, але няма і падтрымкі дзяржавы, ёсць хутчэй антыпадтрымка — у выглядзе закрытых выдавецтваў, выгнаных за мяжу аўтараў і экстрэмісцкіх спісаў. Пра сітуацыю з беларускай мовай наогул асобнае пытанне.
— Мы канстатуем, што эмігранцкія патрэбы закрытыя, а што наконт беларусаў унутры краіны? Як гэтыя кнігі трапляюць туды? І ці шмат?
— Мяркую, што вялікая частка чытачоў з Беларусі карыстаецца электроннымі выданнямі ці аўдыёверсіямі кніг. Паводле нейкіх ускосных сведчанняў і размоваў з выдаўцамі, пад сотню-дзве кніг у месяц едзе з замежжа ў Беларусь і неяк туды даязджае, аднак гэта, канечне мізер, плюс многія людзі баяцца іх везці.
І гэта праблема для кожнага выдаўца, з кім бы я не размаўляў, бо ім важна, каб іх кнігі траплялі ў Беларусь рэгулярна. Аднак тут узнікае шмат перашкод, якія натуральным чынам зніжаюць пакупкі.
— Мы пачалі гаварыць пра кніжны рынак, якога ў нас няма, аднак з’яўляюцца адпаведныя інстытуцыі, напрыклад, Асацыяцыя выдаўцоў, працуюць новыя выдавецтвы, якія паміж сабой наладжваюць сувязі. Ці можам мы ўжо казаць пра нейкія ўстойлівыя механізмы і структуры ў кніжнай справе?
— Так, за год узнікла шмат новых выдавецтваў. І гэты працэс адбываецца не першы год. Яны займаюць пэўныя нішы на гэтым нібыта адсутным рынку і нават пачынае з’яўляецца канкурэнцыя.
Кнігавыданне нашае — вельмі часта філантрапічны праект, бо людзі часам не толькі не зарабляюць з гэтага залатыя горы, але ўкладаюць свае ўласныя грошы, каб выдаць тое, што ім цікава. З’яўленне такой парасонавай арганізацыі, як Асацыяцыя выдаўцоў, – сведчанне таго, што выдаўцоў стала шмат і камусьці трэба прадстаўляць іх інтарэсы. Добра, што яны маюць цяпер магчымасць вырашаць агульныя праблемы, праводзіць апытанні. На многіх важных мерапрыемствах беларускія выдаўцы ўдзельнічалі разам, дзякуючы падтрымцы Інстытута беларускай кнігі: на тым жа Франкфурцкім кірмашы, Варшаўскім кірмашы былі беларускія стэнды. Добра прымалі нас і ў Літве, дзе выдавецтва «Пфлямбаўм» арганізавала свой стэнд.
Выдатна, што ў замежжы захаваліся нашы штогадовыя літаратурныя фестывалі. Сёлета Pradmova прайшла ў Вільні, Познані, Празе, Варшаве. Таксама адбыўся фестываль «Вершы на асфальце», а «Бардаўская восень» займела літаратурны складнік. Вельмі часта на фестывалях, нават не літаратурных, працуюць кірмашы беларускай кнігі, і гэта добра.
— Важная частка літаратурнага працэсу – прэміі, уражвае іх колькасць за межамі Беларусі.
— Прэмія — добры стымул. Але галоўная іх вартасць у тым, што адзначаецца найлепшае з таго, што выйшла. Гэта своеасаблівы фільтр. Нават калі я сам штосьці не паспеў прачытаць, заўсёды рады, што ёсць такі спіс, якія стварае прафесійнае журы, і можна арыентавацца ў гэтай вялікай колькасці літаратуры. Адзінае, што рускамоўная літаратура, напісаная беларусамі, не трапляе на гэтыя прэміі, але тут нічога не паробіш: так склалася гістарычна. Статуты ўсіх прэмій змяшчаюць мэту падтрымкі беларускай мовы і напісаных на ёй твораў. Думаю, што патрэба ў такой падтрымцы пасля стагоддзяў паспяховай і добра прадуманай русіфікацыі відавочная.
— Ці ідуць яшчэ спрэчкі ў вузкіх колах наконт таго, ці беларуская гэта літаратура?
— Помню, у кнігарні «Кнігаўка» рускамоўная літаратура прадавалася пад шыльдай «Кнігі на замежных мовах». Аднак ёсць жа кнігі Голі з Ополя на палескай гаворцы ці Аляксея Дзікавіцкага. Ёсць выданні з руска-беларускімі тэкстамі, якія кампануюцца на працягу адной кнігі, а бывае – і на працягу аднаго раздзела. Ці ў адным вершы гэтыя дзве мовы суіснуюць. У кнізе Паўла Капанскага ёсць вершы, напісаныя па-ўкраінску і па-польску. То-бок сітуацыя шматмоўя ў беларускай літаратуры працягвае развівацца. Я бы сказаў, што выбар мовы гэта пра каштоўнасці, а пункт, з якога мы вымушаны выходзіць, у тым, што далёка не для кожнага беларуса ці беларускі ўжыванне беларускай мовы з’яўляецца каштоўнасцю.
Ад шматмоўя ў цэлым падзецца няма куды, балазе ў эміграцыйнай сітуацыі. Асабіста ў мяне пасля 2022 года на ўсё рускамоўнае даволі моцны фільтр, праз які мала што праходзіць. Але як чытаеш на шасці мовах штодня, то нейкую праблему ў гэтым перастаеш бачыць.
— Важна згадаць пра вельмі актыўную працу перакладчыкаў цягам гэтага года. У тым ліку працу Лявона Баршчэўскага, які сёлета выдаў шмат сёр‘ёзных перакладаў, напрыклад «Энэіду» Вергілія ў выдавецтве «Полацкія лабірынты».
— Сёлета рэалізаваліся вельмі добрыя праекты з замежнымі выдавецтвамі. Напрыклад, у выдавецтве «Янушкевіч» выйшаў свежы раман польскага пісьменніка Шчэпана Твардаха, прысвечаны вайне ва Украіне. А ў выдавецтве «Скарына» — «У Паркера застаўся толькі тыдзень» Маціяса Гёрыца. То-бок з’яўляюцца выданні, якіх яшчэ няма на рускай альбо ўкраінскай мовах, але ўжо ёсць па-беларуску.
Я б асабліва адзначыў усплёск цікавасці да літоўскай літаратуры: сёлета выйшла анталогія літоўскай паэзіі «Горад на гары», да якой і я прыклаў руку, «Гісторыі пра адважнага рыцара Тэнксалота і дракона містара Кайндлі» Гінтараса Граяўскаса, «Чароўны час» Гедрэ Казлаўскайце. Можа быць, найлепшае, што здарылася з нашай перакладной літаратурай у 2025 годзе, выданне знакавай кнігі літоўскай сучаснай прозы «Silva Rerum» Крысціны Сабаляўскайце ў перакладзе Сяргея Шупы. Яшчэ адна літоўская кніга — «Любыя косці» Катрыны Зіле – зараз у Літве з’яўляецца падлеткавым бестселерам. І вельмі своечасова выходзіць па-беларуску. То бок цэлая палічка з’явілася. Такога году, плённага для перакладчыкаў з літоўскай, ніколі не было за ўсю гісторыю астранамічных назіранняў.
Дарэчы, у нашай літаратуры, на жаль, цяпер няшмат дзіцячай і падлеткавай літаратуры, таму што, як правіла, выдаваць такія кнігі дорага і рызыкоўна. Я часам бачу, што замест аўтарскіх малюнкаў пачынаюць выкарыстоўваць прадукцыю штучнага інтэлекту. Але перакладная дзіцячая літаратура выглядае, канечне, выдатна.
— То бок, праблема не ў аўтарах, якія не пішуць для дзяцей?
— Праблема сіcтэмная. Аўтараў таксама няшмат. Андрэй Скурко нешта рыхтуе ў наступным годзе, сёлета выдалі кнігі Надзея Ясмінска, Уладзімір Ягоўдзік, Андрэй Федарэнка, Сяргей Календа, Света Бень, Аляксандр Ждановіч і іншыя. Крыху аўтараў ёсць.
— Выдавецтва «Папуры» сёлета зрабіла вялікую працу. Асабліва трэба адзначыць дзіцячую літаратуру і перавыданні класікі. Калі дадаць яшчэ і «Камунікат», то сёлета было дзесьці пад дваццаць пяць перавыданняў розных класічных кніг, у тым ліку перакладных.
Выдавецтва Guttenberg у серыі «Акно ў прозу» перавыдала шэсць кніг.
Выдатна, што людзям не трэба ехаць альбо шукаць кнігу у Мінску, яны могуць купіць зусім свежае выданне з цікавымі дызайнам.
— Адкрываюцца новыя выдавецтвы, з’яўляюцца новыя кнігі, аднак выдаўцы наракаюць на праблемы. У чым галоўныя праблемы — у чытачах, аўтарах, фінансах?
— Гэтае пытанне варта адрасаваць выдаўцам. З пункту гледжання чытача альбо проста арганізатара розных культурніцкіх мерапрыемстваў я бачу, што людзі за мяжой часта вагаюцца, купляць ім новую кніжку ці не. Бо ў сітуацыі, калі ты можаш з’ехаць праз пару месяцаў з кватэры ці ўвогуле — краіны, задумаешся, ці варта набываць кнігі. Для выдавецтваў гэта выклік, бо трэба выпускаць у свет нешта такое, каб немагчыма было не купіць. Мне здаецца, сёлета нядрэнна пайшла кніга Горвата, раманы Філіпенкі ў перакладзе на беларускую мову.
Мне здаецца, што ў гэты пракляты час, калі дзесьці ідзе вайна, а дзесьці катуюць людзей, таго, што мы маем, ужо вельмі шмат. Выжыванне працягваецца. Тое, што ў беларусаў ёсць магчымасць і запал выдаваць кнігі, пісаць іх і перакладаць — гэта ўжо наша вялікая перамога.
— Мы не можам не згадаць адну з галоўных падзей года — Лейпцыгскую кніжную прэмію Альгерда Бахарэвіча за нямецкую версію «Сабакаў Эўропы»і перакладчыка з беларускай мовы Томаса Вайлера за пераклад кнігі «Я з вогненнай вёскі» Алеся Адамовіча, Уладзіміра Калесніка і Янкі Брыля. Якія наступствы гэтай падзеі могуць быць?
— Альгерд Бахарэвіч цяпер, мабыць, найвядомейшы ў Германіі беларускі празаік, які разам з Юліяй Цімафеевай актыўна распавядае пра нашу сітуацыю. Гэта заканамерны вынік, што яго адзначылі гэтай літаратурнай прэміяй, вельмі сур’ёзнай і вядомай, я бачу ў гэтым жэст салідарнасці Германіі з беларускім дэмакратычным рухам.
Наколькі гэта паўплывае на беларускую літаратуру, якую сталі перакладаць на нямецкую, то тут маем праблему ў вельмі невялікай колькасці перакладчыкаў. Бачыце, тыя кнігі, якія вы назвалі, плён працы аднага чалавека — Томаса Вайлера. Сітуацыя можа змяніцца толькі з дапамогай сур’ёзных праграм, якія б фінансава падтрымлівалі пераклады з айчыннай літаратуры па замежныя мовы. Яны ў нас адсутнічаюць. Няма ніякага беларускага інстытута, які выдае гранты замежным перакладчыкам, таму і буму перакладаў на нямецкую мову пасля прэміі Альгерду Бахарэвічу чакаць не даводзіцца. Я не бачу, што можа змяніць гэту сітуацыю. Ёсць разавыя праекты, калі людзі ўзаемна перакладаюць адзін аднаго. Добра, калі б такіх праектаў было больш.
Яшчэ адзін выдатны вынік года — зацікаўленне замежных перакладчыкаў кніжкай Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» Ужо выйшла шэсць перакладаў.
— У гэтым кантэксце важна згадаць выдавецтва Grunwald Publishing, якое невялікай камандай робіць вельмі якасныя кнігі.
— Так, сёлета выйшаў пераклад «Шляхціца Завальні» на ангельскую мову. І выдалі дзве кнігі Леслі Найфа. Гэта маленькі цуд — з’яўленне новых людзей, аўтараў.
Я толькі прыехаў з Падляшша, там таксама выдаюць кнігі і даволі някепскія. Музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах, тыднёвік «Ніва» выдаюць кніжкі на беларускай мове. Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку паспрыяў выданню альбома архіва VEHA «Руіны Беларусі». На жаль, не ўсім гэтым кнігам проста і лёгка дабірацца да чытача.
— У іх мясцовы чытач ёсць у тым ліку.
— Я пытаўся, ці прыходзяць людзі на беларускія імпрэзы? Адказалі, што па 50 — 100 чалавек у нейкіх мястэчках прыходзяць. Добра было б, калі б у Менску прыйшло 50-100 чалавек на прэзентацыю кнігі. Так што нацыянальная меншасць беларусаў у Польшчы — усё яшчэ сіла.
— Альгерд Бахарэвіч казаў, што мы цікавыя ў свеце толькі як ахвяры ці сведкі. Але насамрэч – які голас, якое сведчанне ў беларускай літаратуры? Што мы прыўносім у гэта сусветнае шматгалоссе?
— Я думаю, Альгерд тут прамаўляў і як абаронца жанру прыдуманай гісторыі як асновы мастацкай прозы. А гэты накірунак усё часцей саступае пазіцыі аўтафікшну, асновай якога акурат з’яўляецца боль, траўматычны досвед, пераадоленне сітуацый, сведкамі і ахвярамі якіх з’яўляюцца нашы людзі. Прыдуманых гісторый усё менш.
Думаю, што ў нас ёсць даволі сур’ёзны касцяк аўтараў, якія цалкам могуць выходзіць на любы рынак. І не варта задумвацца пра тое, чым мы будзем цікавыя, бо гэта нейкі сіндром самазванца. У мяне няма сумневу, што беларускую прозу, паэзію, драматургію можна праблематызаваць так, што яны цалкам сабе змогуць канкураваць з цікавымі замежнымі канцэптамі. Аднак гэта павінна быць сістэмная праца, у тым ліку, у ідэале, дзяржавы. Прамоцыя ўнутры пэўных краін – гэта ўжо зусім іншая праца, якую, канешне, дыяспара з вялікай цяжкасцю можа пацягнуць, таму нас чакае яшчэ доўгая сітуацыя кропкавага дыялогу з самымі рознымі еўрапейскімі літаратурамі. На тым жа англійскім ці амерыканскім рынку я, па шчырасці, не чакаю нейкага прарыву беларускай літаратуры.
Але галоўнае, каб мы самі сабе былі цікавыя. Каб мы самі сябе чыталі, у тым ліку — куплялі кнігі. Гэта вельмі важна, гэта не так ужо і дорага, а падтрымка і літаратарам і выдаўцам проста неабходная для выжывання. Яны вельмі на гэта спадзяюцца і вераць, што беларусы будуць сваю мову і літаратуру любіць і ўспрымаць як частку сваёй ідэнтычнасці.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram