У Гданьску адкрыюць Крыж змагарам за вольную і незалежную Беларусь

Беларуская грамада Гданьска завяршыла маштабны праект, які доўжыўся з 2018 года. У бліжэйшую суботу, 21 сакавіка, на Гарнізонных могілках горада адбудзецца ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне памятнага Крыжа «Змагарам за вольную і незалежную Беларусь».

Гісторыя стварэння і рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы сумесным намаганням беларусаў усёй Польшчы і падтрымцы гарадскіх уладаў Гданьска. Агульны кошт работ (матэрыялы, праца майстроў і кіраўніцтва будовай) склаў амаль 52 000 злотых. 27 тысяч з сумы было сабрана праз ахвяраванні беларусаў (рахунак таварыства, партал zrzutka.pl і наяўныя ўплаты). 20 тысяч злотых выдзеліла Гданскае ўпраўленне дарог і азелянення.

Фота: сацсеткі Беларускага таварыства «Хатка».
Фота: сацсеткі Беларускага таварыства «Хатка».

Праграма мерапрыемстваў на 21 сакавіка:

14:00 — Урачыстае адкрыццё і асвячэнне Крыжа

Месца: Гданьск, Гарнізонныя могілкі (вул. Ген. Дамброўскага, 2 — за вакзалам PKS). Уваход вольны.

17:00 — Літаратурна-музычны вечар «Беларускім нацыянальным героям».

Святкаванне ўгодкаў БНР працягнецца ў Абляцкім цэнтры культуры і адукацыі. Гэта будзе вечар высокай паэзіі і музыкі з удзелам знакавых постацяў беларускай культуры:

Літаратары: Валянціна Аксак, Уладзімір Арлоў, Наста Кудасава і Андрэй Хадановіч.

Музыка: кампазітарка і флейтыстка Мая Міро-Вісьнеўска (Maja Miro-Wiśniewska).

Месца: Гданьск, вул. Эльжбетаньская, 9-10.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!