«Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхася Чарота» — новая кніга аўтарства літаратуразнаўцы, пісьменніцы Ганны Севярынец неўзабаве мусіць з’явіцца ў кнігарнях Варшавы і Вільні ды на міжнародным фестывалі інтэлектуальнай кнігі Pradmova. Асноўны яе змест — выбраныя артыкулы з газеты «Савецкая Беларусь» у 1925-1929 гадах. «Я свядома не ўключала туды матэрыялы з першых палос, і там няма тагачаснай палітыкі, — распавяла пра новы нон-фікшн аўтарка ў Фэйсбуку. — Ёсць — жыццё горада і вёскі. Лёсы простых людзей. Ёсць тагачасны крымінал. Ёсць — развагі пра беларусізацыю і нацыянальную культуру. Вы здзівіцеся, наколькі гэта надзённа».
Рэдактару газеты, пісьменніку Міхасю Чароту ў выданні прысвечана вялікая прадмова. Гэта пяты герой эпохі, якому Ганна Севярынец прысвяціла чарговую кнігу. Нагадаем, што ў даробку даследчыцы беларускай літаратуры публіцыстычныя выданні пра Уладзіміра Дубоўку, Алеся Дудара, Пятра Глебку, Янку Купалу.
Пісьменніца адзначае, што «Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхаіла Чарота» мае вялікі архіўны дадатак.
«Рэдакцыйная кніга загадаў, выбранае ліставанне з дзяржорганамі, а таксама мой гонар, я шукала гэтыя тэксты тры гады без усялякай надзеі знайсці — успаміны наборшчыкаў і метранпажаў тагачаснай «Саўбеліі», то-бок — тэхнічных газетных работнікаў, пра якіх заўсёды забываюць, калі кажуць пра газету», — дзеліцца аўтарка.
Да выхаду кнігі спрычыніліся гісторык Наталля Гардзіенка і крытык, літаратуразнаўца Лявон Юрэвіч. Планавалася раней, што выданне ў сваім выдавецтве апублікуе Аляксандр Фядута.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram