У Дзюсельдорфе адкрылася вялікая выстава Марка Шагала — фотафакт

Выстава «Chagall» у галерэі К20 Музея мастацтваў Паўночнага Рэйна-Вестфаліі, арганізаваная ў супрацоўніцтве з музеем Альберціна ў Вене, паказвае 120 работ усіх этапаў творчасці мастака.

Марк Шагал (1887-1985) уваходзіць у лік самых вядомых мастакоў ХХ стагоддзя, яго творчасць уключае ў сябе працы, створаныя ад 1905 да 1980-х гадоў.

У Дзюсельдорфе адкрылася вялікая выстава Марка Шагала - фотафактУ Дзюсельдорфе адкрылася вялікая выстава Марка Шагала - фотафакт
Фрагмент экспазіцыі выставы «Chagall». Фота: kunstsammlung.

У экспазіцыі раннія працы Шагала суседнічаюць з карцінамі яго першага перыяду ў Парыжы паміж 1910 і 1914 гадамі. На гэтым этапе творчасці зрабілі асаблівы акцэнт.

Тады, маючы невялікую стыпендыю і непрададзеныя працы ў багажы, мастак адправіўся ў падарожжа на Захад. Шагал быў толькі адным з многіх яўрэйскіх мастакоў, якія прыехалі ў Францыю. У адрозненне ад іншых еўрапейскіх краін, яўрэі былі тут прызнаныя свабоднымі грамадзянамі з 1791 года. Правёўшы ўсяго чатыры гады ў Парыжы, малады Шагал дасягнуў першага піку свайго міжнароднага прызнання.

Марк Шагал. Закаханыя з чырвоным пеўнем. 1956-1965. Фота: Yuliia Zhyzhkunets.

Перыяд паміж 1910 і 1923 гадамі быў вырашальным для развіцця Шагала, тады ён эксперыментаваў з новымі мастацкімі плынямі, улучаючы яўрэйскія карані ў сваё мастацтва.

Выстава асвятляе не толькі маляўнічыя і фантастычныя аспекты яго работ розных перыядаў творчасці, але і больш цёмныя, сацыяльна значныя тэмы, прысутныя ў многіх яго карцінах.

Марк Шагал. Двайны партрэт з келіхам віна. 1917/18. Фота: Yuliia Zhyzhkunets.

«Шагал, які нарадзіўся ў Віцебску ў 1887 годзе, спалучае супрацьлегласці і супярэчнасці, схільнасць да нечаканасцяў у сваіх летуценных жывапісных сцэнах у пошуках «логікі нелагічнага, — адзначана ў анатацыі да выставы. — Нягледзячы на сваё небагатае паходжанне, запал да жывапісу развіўся ў яго ў раннім узросце. Атрымаўшы адукацыю ў Пецярбургу, у 1911 годзе пераехаў у Парыж, дзе пазнаёміўся з кірункамі фавізму і кубізму. Унікальная здольнасць Шагала спалучаць гэтыя авангардныя стылі з яўрэйскімі матывамі і рускім фальклорам зрабіла яго адным з самых выбітных мастакоў XX стагоддзя».

Адна з задач выставы – прааналізаваць ідэнтычнасць мастака. Таму ў сувязі з «рускім фальклорам» варта згадаць, што хоць базавая ідэнтычнасць для Шагала была яўрэйская, беларускі даследчык Аляксей Ластоўскі згадвае, што «Шагал адчуваў і этнічную неаднастайнасць Віцебска».

Выстава будзе працаваць у дзюсельдорфскай галерэі К20 да 10 жніўня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!