Паэтка Вольга Гапеева і музыка Віктар Сямашка выдалі «Сьпеўнік багоўкі» – летні альбом для дзяцей і дарослых

Паэтка Вольга Гапеева і музыка Віктар Сямашка прадставілі альбом «Сьпеўнік багоўкі». У альбоме 24 кампазіцыі, створаныя на аснове вершаў з першай беларускай анталогіі нерыфмаванай паэзіі для дзяцей «На пухнатых лапках», укладзенай і праілюстраванай Вольгай Гапеевай (Skaryna Press, London; Halijafy, Minsk. 2025).

Яна ж пераклала на беларускую мову творы шматлікіх аўтараў розных эпох і куткоў свету ад Скандынавіі да Новай Зеландыі, ад абедзвюх Амерык да Ірану, Індыі і Японіі. У альбоме, у прыватнасці, загучалі вершы паэткі Заро Уайл, якая піша па-англійску ў Францыі і мае беларускае паходжанне, нямецкага дадаіста Х’юга Баля, кубінскага паэта Нікаляса Гільена, а таксама Федэрыка Гарсіі Лоркі і іншых аўтараў.

Агульная працягласць альбома — каля 40 хвілін.

«Альбом атрымаўся вельмі разнастайным, дзе спалучыліся лірычнае і бунтарскае, іранічнае і ўдумлівае. Я вельмі ўдзячная Віктару, які пагадзіўся на гэтую авантуру. Як можна праспяваць хайку або танка, і ўвогуле нерыфмаваныя вершы? Гэта выпрабаванне яшчэ тое! Мне хацелася, каб у дзяцей (і дарослых) была магчымасць і ў музычным плане мець нешта эксперыментальнае і авангарднае, з элементамі какафоніі і джазу, што пашырала б іх музычны гарызонт», — адзначыла Вольга Гапеева.

Паслухаць «Сьпеўнік багоўкі» можна на платформе SoundCloud, а анталогія нерыфмаванай паэзіі для дзяцей даступная на сайце выдавецтва Skaryna Press.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!