У дрэздэнскай арт-прасторы Fotoforum адкрылася выстава мастачкі Арыны Есіповіч.
У сваіх працах Арына Есіповіч звяртаецца да тэмы ідэнтычнасці. Шматслойныя ідэнтычнасці і фрагментарныя або разрозненыя персанажы з’яўляюцца цэнтральнымі канцэпцыямі яе мастацкіх даследаванняў. Гэтыя пытанні бяруць свой пачатак у біяграфіі аўтаркі: яна вырасла ў розных краінах і сфарміраваная розным культурным вопытам, пошук і трасфармацыі ідэнтычнасці складаюць фокус яе мастацкай творчасці.
Інсталяцыя «Палімпсесты», паказаная на выставе, уяўляе сабой маштабную двухбаковую выяву, выразаную і складзеную такім чынам, што ў выніку атрымаўся інтэрактыўны аб’ект з 72 частак. У працэсе складання аб’ект змяняе свой памер, і ствараюцца шматлікія камбінацыі сюжэтаў. З аднамернай паверхні выява пераносіцца трохмерную прастору і прайграецца па-новаму. Тое, як распавядаецца гісторыя, які пункт гледжання займае апавядальнік і як скажаюцца ўспаміны, свядома ці несвядома, уносіць значны ўклад у тое, як фармуюцца і ўспрымаюцца рэальнасці і ідэнтычнасці.
Перамяшчаючы часткі выявы, глядач інсталяцыі сам становіцца акцёрам, актыўна разважае аб матыве, фрагменце выявы, фармаце і памеры, і такім чынам становіцца часткай арыгінальнага, эстэтычнага фатаграфічнага вопыту і працэсу пошуку, фарміравання і здабыцця ідэнтычнасці.
Выстава будзе працаваць да 18 мая.
Арына Есіповіч нарадзілася ў 1984 годзе ў Мінску, скончыла Вышэйшую школу мастацтваў у Экс-ан-Правансе і Акадэмію выяўленчых мастацтваў у Дрэздэне. Жыве і працуе ў Берліне і Марсэлі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram