10 снежня ў Гарадской Ратушы Осла (Oslo City Hall) адбудзецца цырымонія ўручэння Нобелеўская прэміі міру. Лаўрэата прэміі ад Беларусі — Алеся Бяляцкага — на ўрачыстасцях будзе прадстаўляць яго жонка Наталля Пінчук, паведамляе Нобелеўскі камітэт.
«На цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі лаўрэатаў будуць прадстаўляць наступныя асобы, якія таксама прачытаюць Нобелеўскую лекцыю ад імя лаўрэатаў», — пазначаецца на сайце камітэта.
Нагадаем, што сёлета Нобелеўская прэмія міру мае тры лаўрэаты. І адпаведна тры прамовы прагучаць на цырымоніі яе ўручэння.
Гэта — ад Наталлі Пінчук, жонкі беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага; ад Яна Рачынскага, старшыні праўлення расійскага «Міжнароднага Мемарыяла»; ад Аляксандры Матвійчук, кіраўніцы ўкраінскага «Цэнтра грамадзянскіх свабод».
Прамая трансляцыя з узнагароджання будзе дасяжная на сайце камітэта і на YouTube. Пачатак — а 13.00 CET.
А ўжо а 16.00 CET у гэты ж дзень у Стакгольмскай канцэртнай зале адбудзецца цырымонія ўручэння Нобелеўскіх прэмій па іншых напрамках. Яе можна будзе паглядзець па гэтай спасылцы.
Дадамо, што традыцыйна галоўныя ўрачыстаці Нобелеўскі камітэт распачынае адмысловым тыднем, цягам якога можна паслухаць лекцыі ад лаўрэатаў слыннай узнагароды.
Так, у бліжэйшыя дні адбудуцца лекцыі ад лаўрэатаў:
Па медыцыне — Сванте Паабо (Швецыя) — 7 снежня, 15:00 CET — глядзець тут.
Па літаратуры — Ані Эрно (Францыя) — 7 снежня, 17:00 CET — глядзець тут.
Па фізіцы — Ален Аспе (Францыя), Джон Ф. Клаузар (ЗША), Антон Цайлінгэр (Аўстрыя) — 8 снежня, 09:00 CET — глядзець тут.
Па хіміі — Кэролін Бертоцы (ЗША), Мортэн Мельдаль (Данія), Бары Шарплес (ЗША) — 8 снежня, 11:00 CET — глядзець тут.
Па экономіцы — Бен Бернанке (ЗША), Дуглас Даймонд (ЗША), Філіп Дыбвіг (ЗША) — 8 снежня, 14:00 CET — глядзець тут.
Можна ўключыць аўтаматычныя субтытры на любой мове, удакладняе паблік «Швецыя».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: