Арт-інсталяцыя «Нязломныя» ўжо была паказаная ў Бруселі, Капенгагене, Берліне, Познані і Вільні.
У Рызе яна адкрылася ў «знакавы час: 26 студзеня ў Беларусі адбудуцца чарговыя выбары, якія насамрэч увасабляюць адсутнасць у людзей свабоды і голасу ў сваёй краіне, і пройдуць фактычна без альтэрнатыўных кандыдатаў, у атмасферы страху і прыгнёту», — піша «Вясна».
Інсталяцыя ўяўляе сабой выкананыя з металу партрэты пецярых палітвязняў, праваабаронцаў «Вясны». Яе ў межах кампаніі салідарнасці са зняволенымі #FreeViasna стварыў беларускі мастак, які знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі ў Еўропе.

Адкрыццё арт-інсталяцыі #FreeViasna адбылося пры падтрымцы Асацыяцыі беларусаў і беларусак Латвіі Supolka. У яе адкрыцці прынялі ўдзел віцэ-мэр Рыгі Лінда Озала, намеснік старшыні парламенцкай групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі Юрыс Вілюмс, дырэктарка латвійскага музея акупацыі Салвіта Віба, прадстаўніца Праваабарончага цэнтра «Вясна» Любоў Ланіна. На адкрыцці таксама прысутнічалі прадстаўнікі Парламенцкай групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, якая працуе ў Сейме Латвіі, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Латвіі, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі, прадстаўнікі амбасады Францыі ў Рызе.

Арт-інсталяцыю таксама наведалі прадстаўніцы Support group for Democratic Belarus Яна Сіманоўска, Майрыта Лусе і Лэйла Расіма, якія з’яўляюцца «хроснымі» палітзняволеных Сяргея Плешкуна, Яўгена Верхаводкіна, Алы Сакаленкі.

Наведаць інсталяцыю «Нязломныя» можна да 16 лютага каля Музея акупацыі на плошчы Latviešu strēlnieku laukums.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.