Reform.news

У Бельску-Падляшскім прайшоў фестываль «Бардаўская восень»

Reform.news · 25 октября 2026, 15:05

https://reform.news/u-belsku-padljashskim-prajsho-festyval-barda-skaja-vosen/

23–24 кастрычніка XXXI фестываль беларускай бардаўскай і аўтарскай песні «Бардаўская восень» сабраў у Бельску-Падляшскім беларускіх музыкаў, літаратараў і ўсіх, каму блізкая беларуская культура.

Фота: racyja.com

Фэст распачаўся спектаклем «Зэкамерон» паводле аповесці Максіма Знака.

«Зэкамерон» паводле аповесці Максіма Знака. Фота: racyja.com

Пасля гэтай тэатральнай пастаноўкі «Купалаўцаў» адбылася сустрэча з аўтарам Максімам Знакам, падчас якой ён распавёў пра сваю творчасць і шлях да беларускага слова.

Спецыяльным музычным акцэнтам вечара быў выступ гурта Filamaty, заснаванага музыкамі Relikt і паэтам Уладзем Лянкевічам, які звяртаецца да спадчыны легендарнага таемнага студэнцкага таварыства XIX стагоддзя.

На наступны дзень, 24 кастрычніка, распачаўся другі, заключны дзень фестывалю. Паказалі дакументальны фільм рэжысёра Мікалая Ваўранюка пра Сакрата Яновіча, таксама адбыліся выступы пераможцаў музычнага конкурсу.

Магдалена Анастасія Левандоўская. Скрын відэа.

У конкурсе найбольшую колькасць галасоў набрала Магдалена Анастасія Левандоўская — за яе прагаласавалі 152 чалавекі. Магдалене 15 гадоў, яна стварае музыку на ўласныя вершы.

«Тое, што зусім нечакана маладая асоба, якая не так шырока вядомая аўдыторыі, перамагае, можа сведчыць, па-першае, што «Бардаўская восень» надалей выконвае свае задачы, паказвае і дае шанец моладзі, а па-другое, што выбар не наш, а нашай аўдыторыі, гэта рэальна можа сведчыць пра тое, што гэта пераемнасць адбываецца, — расказаў Радыё Рацыя прадстаўнік фонду «Тутака» Павел Станкевіч. — Можна сказаць, што часы бардаў у мінулым, і да гэтага не будзем мы вяртацца, цяпер ужо новыя жанры, новыя трэнды, але, аднак, тут і Юстына, і Магдалена – гэта прыклад, што барды жывуць надалей, нараджаюцца, ствараюць і будуць ствараць надалей».

Юстына Карпіловіч (злева). Скрын відэа

Пераможца мінулагодняга фестывалю Юстына Карпіловіч таксама выступіла на фестывальнай сцэне.

Напрыканцы імпрэзы Света Бень і .К (Яўген Кучмейна) прадставілі супольны альбом «Карова белая», які выйшаў 14 жніўня 2026 года. У ім 14 песень розных гадоў: новыя кампазіцыі, канцэртныя хіты і матэрыял, створаны падчас запісу. Музыкі выканалі альбом цалкам і некалькі песень Светы ў новых сумесных аранжыроўках.

Света Бень і .К (Яўген Кучмейна). Скрын відэа

Паглядзець выступы можна на YouTube-канале FundacjaTutaka.

Реклама

Добавить комментарий