Беларускі пісьменнік, журналіст, літаратурны крытык Алесь Аркуш у межах беластоцкай выдавецкай ініцыятывы «Полацкае ляда» і ў супрацы з польскім выдавецтвам EkoPress заснаваў серыю «Брукаванка». Рэдактар плануе выдаваць невялікія паэтычныя зборнікі кішэннага фармату, якія можна ўзяць у дарогу.
Ужо выйшлі зборнікі вершаў Алеся Аркуша «Не думаць пра сон і паразы» і Янкі Лайкова «Песні збянтэжаных рэк». Наступная кніга — вершы Сяргея Патаранскага.
«Брукаванка» падобная да серыі «Паэты планеты», у якой выходзяць выбраныя кнігі паасобных аўтараў. «Паэзія апынулася ў вельмі няпростай сітуацыі, бо ў Беларусі шмат паэтаў і пісьменнікаў трапілі ў негалосныя спісы – яны не могуць друкавацца ў перыёдыцы, а тым больш выдаваць кнігі, — расказаў рэдактар серыі Алесь Аркуш Польскаму радыё. — А тыя выдавецтвы, якія заснаваныя ў эміграцыі, таксама існуюць у складанай эканамічнай сітуацыі. Для іх выдаваць паэзію – гэта проста стратныя кнігі. І гэта ўжо сур’ёзная праблема».
Новай серыяй плануецца падвесці пэўны вынік паэтычнага шляху беларускай літаратуры, напрыклад, ад пачатку 1990-х гадоў да 2020 года. «Бо 1990-я гады былі вельмі цікавымі. Я лічу, што гэта былі «залатыя гады» беларускай літаратуры, бо гэта быў перыяд разняволення», – адзначыў Алесь Аркуш.
Кнігі з серыі «Брукаванка» будуць прадавацца на Беластоцкім кніжным кірмашы, які пройдзе з 17 па 19 красавіка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram