На паседжанні ўправы Падляскага ваяводства было прынятае рашэнне стварыць Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку.
Ён фармуецца польскім самакіраваннем Падляскага ваяводства, — пра гэта паведаміў на адмысловай прэс-канферэнцыі маршал Падляскага ваяводства Артур Касіцкі.
Цэнтр будзе існаваць за кошт мясцовага бюджэту. У 2024 годзе будзе выдаткавана 1,5 мільёны злотых на дзейнасць цэнтра і яшчэ 1,5 мільёны злотых пойдуць на падрыхтоўку будынка, у якім установа ўрэшце будзе працаваць, — піша «Радыё Рацыя».
Выконваючы абавязкі дырэктара Цэнтра беларускай культуры Анатоль Вапа распавёў «Радыё Рацыі», што галоўнай задачай Цэнтру будзе культурная інтэграцыя беларускай меншасці і беларускай дыяспары, уцекачоў з Беларусі, якія цяпер жывуць і працуюць у Падляшскім ваяводстве.
Мяркуецца праводзіць розныя культурныя мерапрыемствы: фестывалі, канферэнцыі. Таксама займацца выдавецкай дзейнасцю, выдаваць літаратуру на беларускай мове.
Цэнтр збярэ пад сваім дахам 12 беларускіх арганізацый, у тым ліку дыяспары, якія дзейнічаюць на Падляшшы.
Плануецца, што Цэнтр беларускай культуры афіцыйна пачне працаваць з 1 студзеня 2024 года, пакуль у часовым памяшканні.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram