«Адкуль наш род» — такую назву мае гістарычная школа-курс для падлеткаў і іх бацькоў, якая пачне працаваць у Беларускім Хабе «Новая зямля» ў Беластоку.
Пра пачатак працы новай ініцыятывы паведаміў у сваіх сацсетках паэт, заснавальнік Таварыства вольных літаратараў, выдавец Алесь Аркуш.
«У якасці выкладчыка ў ёй выступіць вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў. Першыя заняткі ў гістарычнай школе адбудуцца 12 студзеня. Першая тэма заняткаў: «Старажытныя беларускія княствы», — паведаміў культурны дзеяч.
Інфармацыю пацвердзіла Радыё Рацыя.
«Гэта будуць паўнавартасныя заняткі па гісторыі, — распавяла карэспандэнту выдання сябра Рады хаба Надзея Салаўёва. — Напрыканцы кожнага занятка будзе віктарына з прызамі ад настаўніка. То-бок спачатку веды, а потым кантроль гэтых ведаў. Усё як мае быць».
Уладзімір Арлоў — беларускі празаік, паэт, гісторык. Аўтар такіх хрэстаматыйных гістарычных выданняў, як «Еўфрасіння Полацкая. Евфросиния Полоцкая» (1992), «Таямніцы полацкай гісторыі. Гістарычныя эсэ» (1994), «Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны. Гісторыя Крыжа святой Еўфрасінні Полацкай. Животворный символ Отчизны. История креста святой Евфросинии Полоцкой» (1998), «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» (У суаўтарстве з Генадзем Сагановічам, 1999), «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя» (2003), слынных аповесцяў «Ордэн Белай Мышы», «Сны імператара», «Каханак яе Вялікасці», «Танцы над горадам» і іншых твораў.
Пачатак працы гістарычнай школы, нагадаем, 12 студзеня, а 18-й гадзіне.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: